Ці верыце вы абяцанню Аляксандра Лукашэнкі, што да канца года сярэдні заробак у Беларусі складзе 500 долараў, а ў прыватным сектары — 700? Меркаваннямі дзеляцца гродзенскія мінакі.

Спадарыня: «Не, я не веру ў 500, і нават што 300 будзе. Таму што калі дадуць 500, то будзе тое самае, што аднойчы было: дэвальвацыя, усё абясцэніцца, зразумела. Цэны ўжо такія, што не пяцьсот трэба даваць, а тысячу долараў, каб людзі нармальна маглі жыць».

Спадар: «А што думаць? Я знаю, што не будзе. Таму што сама Ермакова сказала, што долар будзе да канца года 9.150–9.250 рублёў. А раз яна сказала, значыць, так і будзе. З кожным днём цэны павялічваюцца, долар павышаецца, а наш рубель паніжаецца».

Другі спадар: «Не веру. Абяцанага тры гады чакаюць».

Трэці спадар: «Абяцаць можна шмат. А кажуць груба: «Жджы ж… Пятра, сыру пад`ясі».

Чацвёрты спадар: «Ды не будуць такія заробкі, таму што людзі па мільёне атрымліваюць і менш за мільён. Мой знаёмы атрымаў апошні раз у гіпермаркеце, дзе працуе, 600 тысяч, за нешта яшчэ павылічалі — у вялікіх крамах крадуць. Адкуль я ведаю, чаму ён абяцае? Ня ведаю, як выразіцца!»

Пяты спадар: «Калі ён гаворыць, то, думаю, будзе да гэтага імкнуцца».

Шосты спадар: «Вядома, не веру. Думаю, ён проста надзеі людзям падае, як звычайна, і ўсё. А якія 500 долараў? Я сам атрымліваю толькі 150 долараў заробку, працую ў „Прагрэсе-Верцялішкі“. Ёсць такія, хто атрымлівае пяцьсот, а што ён усім абяцае, нават семсот, то гэта, хіба, гадоў праз пяць. Гэта добра, што я ў вёсцы жыву, а што такое цяпер у горадзе 1 мільён 200 тысяч?»

Другая спадарыня: «У мяне ў самой няма 500 долараў, не веру. У мяне два гады адзін і той жа заробак: 2,2–2,3 млн. рублёў, гэта бруднымі, працую ў тры змены, графік зменны. Не веру гэтаму. Можа, у каго й будзе, але не ў рабочага, як я».

Сёмы спадар: «Вы ведаеце, верым! Можа, і будзе заробак 500 долараў, але тады хлеб будзе каштаваць 10 долараў!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?