На Віцебшчыне рыбакі адрэзалі дзюбы сотні птушанят бакланаў
Бакланы з'ядаюць шмат рыбы, таму рыбгасы ўводзяць узнагароджанні за здабычу гэтых птушак.
На адных з азёраў Чашніцкага раёна разбураны дзесяткі гнёздаў бакланаў, а ў жывых птушанят адрэзалі верхнюю частку дзюбы. Арнітолагі лічаць, што гэта адбылося ў мінулую суботу, 16 чэрвеня. Яны адшукалі дзясяткі маладых птушак з адрэзанымі дзюбамі. Гнёзды ў гэтай калоніі размяшчаліся нізка, што дазволіла невядомым лёгка даставаць або страсаць птушанят.
Бакланы з'ядаюць шмат рыбы, таму рыбгасы ўводзяць узнагароджанні за здабычу гэтых птушак. За кожную асобіну плацяць ад 25 да 50 тысяч рублёў. Пацвярджэннем здабычы лічыцца здадзеная дзюба або лапкі.
Чашніцкія азёры належаць рыбгасу «Новалукомльскі» ўчастак Чашніцкай ПМК-26.
Паводле звестак арнітолагаў, у 2011 годзе было забіта да 10 тысяч бакланаў і шэрых чапляў. Аднак упершыню знішчэнне адбываецца такім варварскім спосабам: зянвечаныя птушаняты памруць галоднай смерцю.
Каментары