У АБСЕ выніковыя справаздачы па назіранні за выбарамі «пішуцца не самімі назіральнікамі, а чыноўнікамі, якія ажыццяўляюць гэтыя функцыі ў кабінетах», не ўдзельнічаючы ў назіранні.
Такую заяву зрабіла старшыня беларускага Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на пасяджэнні ЦВК 19 чэрвеня.

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік зазначыў, што ў Беларусі «кожны назіральнік зможа азнаёміцца з любым этапам выбарчай кампаніі, рэальна ацэньваць сітуацыю з выбарамі».

Пры гэтым Лазавік выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што ў краіне адсутнічаюць «рычагі зваротнага ўплыву на назіральнікаў». «Калі ў межах СНД прынята канвенцыя аб крытэрыях правядзення назірання, то ў АБСЕ такога дакумента няма.

Часам нас ставяць перад фактам, што ў справаздачы сітуацыя адлюстравана скажона, але ўплываць на гэта не можам», — заявіў сакратар ЦВК.

Лазавік лічыць, што кіраўніцтва АБСЕ «выкідае станоўчыя ацэнкі назіральнікаў», не ўносячы іх у канчатковы дакумент. «Мне шчыра шкада добрасумленных назіральнікаў, якія давалі станоўчую ацэнку выбарам у Беларусі, аднак іх меркаванне было праігнаравана кіраўніцтвам АБСЕ», — сказаў ён.

На сённяшнім пасяджэнні ЦВК прыняла дакументы аб парадку накіравання і акрэдытацыі нацыянальных і замежных назіральнікаў на парламенцкіх выбарах, якія пройдуць у Беларусі 23 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?