Унікальны прыклад усемагутнасці чалавечай волі прадэманстравалі румынскія футбалісты.

Пакуль на палях Польшчы і Украіны вызначаецца найлепшая зборная Еўропы, у Румыніі ідзе лютая барацьба за званне найлепшай каманды 5-га Дывізіёна чэмпіянату краіны.

Перад апошнім турам, за траплянне ў фінал плэй-оф за права выйсці ў чацвёртую лігу з акругі Бузау змагаліся каманды «Воінца Лануры» і «Пуэшці». Перад пачаткам матчаў у канкурэнтаў было пароўну балаў, а розніца забітых мячоў у «Воінцы» была лепшая на шэсць галоў.

На апошні матч супраць каманды «Чыслау» гульцы «Пуэшці» выйшлі з вялікім настроем, каб разграміць суперніка, пераадолець вялікую розніцу мячоў «Воінцы» і забяспечыць пуцёўку наверх.

«Пуэшці» мокрага месца не пакінуў ад суперніка, выйграўшы з лікам 36:2!

Але феномен магутнай сілы выявіўся не толькі ў гэтай гульні, але і ў паралельнай. Гульцы «Воінцы» таксама выйшлі з настроем, як на фінал Лігі чэмпіёнаў.

У сваім матчы яны разграмілі «Лучыю» з лікам 33:1, што дазволіла ім захаваць перавагу ў розніцы мячоў і атрымаць запаветную пуцёўку ў чацвёрты дывізіён.

На жаль, згуляць ім там не атрымаецца. Федэрацыя футбола Румыніі прызнала гэтыя два матчы «дзіўнымі», кажучы прасцей — дамоўнымі.

Усе чатыры ўдзельнікі былі дыскваліфікаваныя, а пуцёўку ў плэй-оф атрымала каманда «Уніра Сталу».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?