Адкрыццё памятнага знака ў гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны — такой падзеяй адзначыўся сёлетні Дзень горада ў Іўі, што на Гродзеншчыне.

16 чэрвеня іўеўчане і госці ўрачыстасці распачалі дзень у сваіх святынях: католікі — у касцёле св. апосталаў Пятра і Паўла, праваслаўныя — у царкве св. мучаніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага, мусульмане — у мячэці.

Пасля малітвы за еднасць народаў, за мір у роднай краіне ўдзельнікі свята прайшлі ў працэсіях па вуліцах горада і сышліся на плошчы, дзе ўзвысіўся памятны знак з чатырох белых стромкіх арак, сімвалізуючых чатыры канфесіі Іўеўшчыны. Падобныя на сцены адной пабудовы, кожная з арак павернута да святыні або месца малітвы адпаведнай канфесіі — каталіцкай, праваслаўнай, мусульманскай і іўдзейскай. На арцы каталіцкай канфесіі змешчаны абраз бл. Яна Паўла ІІ у поўны рост і надпіс «Адчыніце дзверы Хрысту!»

У прысутнасці жыхароў Іўеўшчыны, мясцовага кіраўніцтва на чале з ініцыятарам гэтай значнай падзеі старшынёй райвыканкама Міхаілам Валчэцкім і прадстаўнікамі дыпкорпусу памятны знак быў асвячоны. Святары і прадстаўнікі канфесій звярнуліся з прамовамі да сабраных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?