Трагедыя адбылася 22 сакавіка. Тралейбус першага маршруту, ад’ехаўшы ад прыпынку «Завод гумова‑тэхнічных вырабаў», шугануў як сярнічка. Дым хутка запоўніў салён, людзі самі адчынілі дзьверы і выбеглі вонкі. Кіроўцу пашэнціла меней.
— Жанчына, відаць з‑за шоку, ня здолела выбрацца з кабіны, — мяркуе старшы памочнік начальніка штабу ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў Бабруйскага гарадзкога аддзелу па НС Віталь Арэхаў. — Ратаўнікі былі на месцы праз хвіліну — наша машына пастаянна дзяжурыць на заводзе, што за 400 м ад прыпынку. Мужчына, што праяжджаў паўз гэтае месца, разьбіў шкло і выцягнуў кіроўцу вонкі, падасьпела «Хуткая». Жанчына моцна абгарэла: рукі, ногі, цела... Тралейбус згарэў дашчэнту за 3—4 хвіліны.
Кіроўцу Марыю Сісюк даставілі ў рэанімацыю Бабруйскай гарадзкой больніцы. Учора яе перавезьлі з Бабруйску ў апёкавае аддзяленьне 2‑й гарадзкой клінічнай больніцы Менску.
Тралейбус айчынны, яму было 9 гадоў.
Фота bytrans.net