Новае даследаванне, праведзенага грамадскай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і лабараторыяй «Новак» увесну 2012 года прысвечаная пытанням папулярнасці культурных мерапрыемстваў.

За апошні год 62% беларусаў ніводнага разу не былі нават у кінатэатры,
74% не наведалі ніводнай выставы, 69% не схадзілі ў тэатр і 59% не былі на канцэрце.
Больш за 50% насельніцтва нашай краіны за год не наведалі наогул ніводнага культурнага мерапрыемства.

Пры гэтым на просьбу назваць самае яркае культурнае мерапрыемства, якое яны наведалі, 64% дарослых беларусаў не знайшлі што адказаць. Другім па папулярнасці стаў адказ «канцэрты» (9,0%), далей ідуць «Дажынкі» (3,8%), замыкае гэтую тройку адказ «тэатр» (3,3%).

Чым выкліканае такое бязрадаснае становішча з наведваннем культурных мерапрыемстваў і іх ацэнкай? На просьбу назваць прычыны, з якіх яны не наведваюць тэатраў, галерэяў, выставаў і г.д., 30% апытаных спаслаліся на тое, што ў іх не хапае грошай, 36% сказалі, што не маюць дастаткова часу, а 9,0% паведамілі, што культурныя мерапрыемствы не выклікаюць ніякай цікавасці.

Аднак пры ўсім гэтым, калі рэспандэнтам задалі пытанне «У якіх грамадскіх акцыях вы б хацелі ўзяць удзел?» большасць рэспандэнтаў (43%) адказалі «культурных». За гэтым адказам з вялікім адрывам ідуць мерапрыемствы «па абароне правоў спажыўцоў» (21%) і «сацыяльныя» (19,5).

На пытанне «У якіх мерапрыемствах вы хацелі б браць удзел і ці хацелі б, каб іх было больш?» 54% назвалі канцэрты, 35% — фестывалі, а 27,5% — фільмы пра гісторыю краіны.
Пра знакамітыя «чорныя спісы» выступоўцаў, якіх афіцыйна не існуе, чуў толькі 21% беларусаў, астатнія знаходзяцца ў няведанні.

Адносна папулярызацыі беларускай культуры толькі 17,6% беларусаў лічаць, што дзяржава робіць дастаткова ў гэтай галіне, 39,2% лічаць, што хутчэй дастаткова, 26,4% — хутчэй недастаткова і 7,4% — зусім недастаткова.

Лявона Вольскага ведае амаль 23% беларусаў, Уладзіміра Пугача — 15%, Змітра Вайцюшкевіча — 10,4%.
Сярод гуртоў найбольш вядомыя «Ляпіс Трубяцкой» — 68%, J: Морс — 45% і «Крамбамбуля» — 37%, «Без білета» — 31,5%. Рыгора Барадуліна ведае 63% беларусаў, Ніла Гілевіча — 60%, а Уладзіміра Някляева — 45,5%.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?