Кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі: «...якіх проста хлебам, травой не кармі, а дай магчымасьць панагнятаць абстаноўку ў краіне. У прэзыдэнта дастаткова шчыльны, напружаны графік, у яго практычна не бывае выходных.»

Апошні раз Аляксандар Лукашэнка зьявіўся на тэлеэкранах 10 сакавіка. Ён выступіў у Сочы на ўрачыстым адкрыцьці гарналыжнага комплексу «Беларусь». Паведамлялася, што выходныя дні ён таксама правёў у Сочы.

Потым прэзыдэнцкая прэсавая служба паведамляла, што кіраўнік краіны праводзіць рабочыя сустрэчы. Аднак падрабязнасьцяў не падавалася.

Ня быў заўважаны Аляксандар Лукашэнка і на адкрыцьці турніру «Залатая шайба».

Не зьявіўся ён на экранах, калі прыйшла вестка пра гібель 11 беларускіх авіяспэцыялістаў у Самалі. Быў толькі адзін радок у паведамленьні прэсавай службы, што прэзыдэнт выказаў спачуваньне родным загіблых.

Быў перанесены і плянаваны візыт у Віетнам. На інтэрнэт‑сайтах выказваліся вэрсіі, што Аляксандар Лукашэнка захварэў, а таксама што яго маці цяжка хворая.

Кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі заявіў:

«Што да асабістага жыцьця кіраўніка краіны — гэта пытаньні не да мяне. Я на іх не адказваю, бо гэта не ўваходзіць у мае службовыя абавязкі — ведаць падрабязнасьці асабістага жыцьця прэзыдэнта. А ў тым, што прэзыдэнт не зьяўляўся на экранах, ня трэба бачыць нічога звышнезвычайнага, і ня трэба ніякіх чутак падаграваць.

Прэзыдэнт працуе ў Менску, прымае чыноўнікаў, працуе з дакумэнтамі. Сёньня ён сустракаецца са старшынём Нацыянальнага банку Пятром Пракаповічам. Звычайны графік працы. Іншае пытаньне, што прэзыдэнт сапраўды адсутнічаў на экране некаторую колькасьць дзён. Ёсьць людзі, якія заўсёды нечым не задаволеныя. То ім многа прэзыдэнта на экране, то ім яго не хапае».

Нагадаем, што год таму была ў нечым падобная сытуацыя. Аляксандар Лукашэнка публічна зьявіўся на экранах падчас прэсавай канфэрэнцыі 20 сакавіка. Потым ён раптам зьнік з тэлеэкранаў. Цягам тыдня не праводзіліся нарады, сходы і сустрэчы з афіцыйнымі асобамі.

Абвясьцілі, што інаўгурацыя прэзыдэнта будзе 31 сакавіка, потым перанесьлі на 8 красавіка. Падчас інаўгурацыі Аляксандар Лукашэнка выглядаў стомлена, змарнелым з твару. У замежнай прэсе выказвалася вэрсія, што перанос інаўгурацыі адбыўся з‑за пагаршэньня здароўя Аляксандра Лукашэнкі.

Павал Лёгкі:

«Ёсьць у нас казлы‑правакатары — можаце даць гэтую фразу — якіх проста хлебам, травой не кармі, а дай магчымасьць панагнятаць абстаноўку ў краіне. У прэзыдэнта дастаткова шчыльны, напружаны графік, у яго практычна не бывае выходных. Ён сустракаецца з чыноўнікамі — і неабавязкова тут, на Карла Маркса, 38, і неабавязкова пад прыцэлам тэлекамэр».

Павал Лёгкі сказаў, што калі відэакамэры будуць запрошаныя, то сёньня, магчыма, Аляксандра Лукашэнку зноў пакажуць па тэлебачаньні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?