Цяперашнія беларускія дзяўчаты толькі і думаюць, як бы ўцячы за мяжу з якім-небудзь пажылым, мнагамудрым, фінансава стабільным замежнікам на спорткары. А вось даўней дзяўчат аддавалі ў асноўным за сваіх і, як правіла, за «роўных», а шлюб з чужынцам у фальклоры ўвогуле прыраўноўваўся да смерці нявесты! Зрэшты, толк у радасцях нашы прашчуры ведалі і тады.

Пра асаблівасці нацыянальнага шлюбу ў даўніну расказала фалькларыст, доктар філалагічных навук, складальнік кнігі пра беларускі эратычны фальклор Таццяна Валодзіна.

- Як выходзілі замуж у Беларусі раней? Гэта мала нагадвала сучасны шлюб?

-- Шлюб у беларускай вёсцы ў XIX - пачатку XX ст. быў зусім не асабістай справай, як у нас цяпер: захацеў -- ажаніўся. Там гэта кантралявалася соцыумам: абсалютна кожны жыхар вёскі павінен быў мець сям'ю, «ачалавечыцца», г.зн. ажаніцца, стаць нармальным, паўнавартасным чалавекам (а інакш ты ўсяго толькі паўчалавека).

Гэта цяпер бабылі вакол, нават 40-гадовыя, «чорт іx не ажэнiць», ходзяць і співаюцца, а раней, калі хлопец не ажаніўся, пакаранне было суровым. Падчас Масленіцы яму вешалі на шыю калодку, і ён павінен быў адкупляцца - карміць цэлы натоўп жанчын.

Дзіця рыхтавалі да таго, што рана ці позна яно павінна ўступіць у шлюб. У XIX ст. пары ствараліся не столькі самімі маладымі людзьмі, колькі іх бацькамі. Сваты прыходзілі: «Цi ёсць у вас цялушка на продаж?» - і сваталі. Народная традыцыя настолькі багатая метафарычна, што дзяўчыне нават не трэба было казаць «так» або «не»: напрыклад, калі яна выносіла сватам гарбуз, гэта быў знак адмовы.

Наогул,

беларускае вяселле даследчыкі называюць операй --
гэта дзея з некалькіх актаў. Нярэдка маладыя нават не былі знаёмыя паміж сабой. Але п
рынцып роўнасці ў складанні пар выконваўся заўсёды - «дай, Божа, за роўнiцу». «За роўнiцу» - ва ўзроставым, маёмасным, канфесійным, этнічным плане - напрыклад, проста так пайсці за габрэя было вельмі непажадана.

- Выходзіць, нельга было выйсці замуж, напрыклад, за якога-небудзь залётнага іншаземца, нават калі ён быў багаты і чалавек добры?

- Беларусы ў такім выпадку аддавалі сваё дзіця вельмі неахвотна. Нават шлюб з багатым, але чужым і нашмат старэйшым не мог адбыцца.

Гэта цяпер нашыя дзяўчаты хочуць выйсці замуж за багатага амерыканца ці турка, а ў традыцыйным разуменні гэта было ўсё роўна што адправіць дзіця на той свет.
Такія шлюбы ў фальклоры прыраўноўваліся нават да смерці маладой.

- Чаму ў даўніну беларусы не мелі звычаю абдымацца і цалавацца пры старонніх, нават на ўласным вяселлі?

- Тое, што мы назіраем цяпер у грамадскім транспарце і на вуліцы, у вёсцы было немагчыма! Нават паміж жаніхом і нявестай адносіны заставаліся максімальна цнатлівымі да шлюбнай ночы. Абдымкі і пацалункі - гэта за сямю замкамі.

Пры гэтым

існаваў шэраг гульняў падчас рытуалаў і святаў, нешта накшталт нашай «бутэлечкі» або «падушачкі»: «каго люблю - таго пацалую, падушачку пухавую таму падарую». Гэтыя гульні мелі вялікае значэнне: моладзь вучылася, як сябе паводзіць з процілеглым полам. Не было такога, як цяпер, калі дзеці глядзяць кіно ці сядзяць у інтэрнэце.
Такія гульні былі першай школай. У любым выпадку да шлюбу моладзь прыходзіла, захаваўшы цнатлівасць. Прычым як дзяўчына, так і малады чалавек.

- Нават малады чалавек?!

- Лічыцца, што патрабаваць цнатлівасці ад хлопца - гэта асаблівасць беларускай традыцыі. Напрыклад,

не толькі дзяўчыну, але і хлопца садзілі на дзежку (гэта бочка, дзе замешваюць хлеб). Сесці на яе меў права толькі нявіннік. Падманеш - доўгі час не будзе ўраджаю хлеба, будуць паміраць жывёлы і нават дзеці.
Натуральна, маладыя баяліся гэтага. Нават ганьба і адмена вяселля былі не такія страшныя, як 7 гадоў без ураджаю.

- Чаму кары для дзяўчат, якія не збераглі цноты, былі вельмі суровымі?

- Лічылася, што дзявочая чысціня забяспечвае чыстае жыццё для ўсёй радні. У прыгаворах вясельных кажуць: «Татку, я не чыстая». Страта цноты прыраўноўвалася да заплямленасці, бруду, і гэты бруд уплываў на родных, дзетак, ураджайнасць зямлі. Тут не толькі маральны аспект, але і аграрна-магічны сэнс.

- Але ж вывешваць начнушку ў акне пасля шлюбнай ночы - гэта нейкае варварства...

- Звычай існаваў збольшага на Палессі, вывешвалі ў якасці свайго кшталту сцяга. Наогул, быў цэлы шэраг звычаяў ганьбіць такую дзяўчыну, «гаротнiцу».

Збіральнікі XIX ст. бачылі варварства яшчэ горшае, калі на гэтую дзяўчыну, а часцей на яе маці надзявалі хамут, як на каня, і ганялі па вёсцы.
Гэта такая ганьба! З больш мяккіх варыянтаў - маці падносілі кубак з дзіркай, заткнуўшы яе пальцам, ці прабіты блін.

Цяпер мы гэта апісваем як перажытак мінулага, быццам гэта было 1000 гадоў таму, а між тым гэта яшчэ даваенная практыка.

- Звычаі, звязаныя з нараджэннем дзяцей, таксама былі поўныя эратычнага падтэксту?

- У хлопчыка і дзяўчынкі з самага іх нараджэння фармавалася іх будучая сэксуальнасць. Хлопчыку пупавіну адразалі на тры пальцы, каб усе органы былі ў парадку, дзяўчынцы - на два. Дзяўчынку прымалі ў мужчынскія штаны, а хлопца - у мамчын падол, каб яго дзяўчаты любілі. Дзяўчынцы пупок мазалі мёдам, каб салодкая была.

Вельмі вялікае значэнне мела першае купанне. Дзяўчынку купалі ў цёплай вадзе, казалі: калі льеш халодную ваду, дзяўчынка будзе зусім халоднай, калі ж гарачую - занадта гарачай. Яшчэ горш, калі вада спачатку халодная, а потым раз - і далілі гарачай: тады жанчына зробіцца гарачай пад старасць.

- Як мужчынская і жаночая сэксуальнасць абыгрывалася ў сельгасработах, каб павысіць ураджайнасць?

- Сама ідэя сімвалічнага падабенства ўзаемаадносін полаў і апрацоўкі глебы - вельмі старажытная. Ворыва і дождж у архаічным разуменні ўспрымаліся як апладненне зямлі. Ёсць такая класная загадка:

«Ехаў плуг на чорны луг, за iм пара слуг; туды ехаў весел, а адтуль - галаву звесiў».

У архаічных культурах зафіксаваныя выпадкі, калі полавы акт адбываўся проста ў полі, каб паўплываць на ўраджайнасць.

У Беларусі гэтага не было, але гаспадар мог сеяць нешта без штаноў, толькі ў доўгай кашулі (каб не свяціць нічым, але тым не менш). Гэта імітацыйная магія, калі падобнае выклікае падобнае.
Да гэтага часу ў нашых вёсках можна сустрэць звычай, калі садзіць агуркі трэба мужчыну, прычым без штаноў, прыгаворваючы «расцiце, агурочкi, як мужчынскiя х..чкi».

- А ў жанчын якія былі абавязкі?

- Цяжарная жанчына як прадметнае ўвасабленне пладавітасці актыўна ўключалася ў магічныя дзеянні. Калі карова доўга не магла пакрыцца, цяжарная жанчына павінна была пакарміць яе са свайго фартуха. Бясплодныя жанчыны стараліся пасядзець на яе месцы ці ўзяць сабе яе фартух, пояс.

- Для чаго існавала ўстрыманне напярэдадні нейкіх важных падзей?

- Сэксуальнае жыццё, па традыцыі, строга рэгламентавалася. Напярэдадні вялікіх святаў гэта катэгарычна забаранялася - лічылася, што зачатыя ў гэты час дзеці нараджаюцца ці калекамі, ці злыднямі. Забаранялася гэта і перад любой справай, надзеленай сакральным сэнсам, - выпечкай хлеба, паляваннем, пасяўной, першым выганам скаціны...

Ёсць шыкоўны этнаграфічны запіс пра беларуску, якая прызнаецца, што яна абсалютна ненармальная што да мужчын, змяніла іх шмат, разбівала сем'і... А чаму так атрымалася? Таму што першы раз яна мела кантакт з хлопцам у Велікодную ноч.
Яна кажа: «Людзі Хрыста славілі, у царкве стаялі на ўсяночную, а я цэлку ламала». Яна сама лічыць, што гэта страшны грэх і што ён паўплываў на ўсё яе жыццё.

- Беларускі эратычны фальклор адрозніваўся ад фальклору расійскай глыбінкі?

- Для традыцыйнага беларускага эратычнага фальклору XIX--XX стст. характэрная скразная метафарычнасць, мінімум наўпростых найменняў, вобразная насычанасць. Жаночыя і мужчынскія полавыя органы падаюцца ў вельмі распрацаванай вобразнай сімвалічнай форме: напрыклад, калі казаць пра жывёльную сімволіку, то для жанчын гэта шэраг дробных пухнатых звяроў (бабёр, выдра). «Кум кумку разуваў, пад падолiк заглядаў, ай ты, кумка, што за звер, я баюся, каб не з'еў!» Для мужчын гэта воўк, сабака, заяц і казёл, як ні груба гэта гучыць, з птушак - певень. Калі браць прадметы, то «жаночыя» - гэта прадметы круглявай формы, са шчылінамі, «мужчынскія» - даўгаватыя. Наогул, беларускія эратычныя творы поўныя мяккага гумару. Успомню парачку: «Ой, бабка мая, у цябе карытца, у мяне ёсць парсючок, дай яму парыцца!» Смешна ж! З сучасных: «Дзед з бабай на пячы гулялі ў футбол, як баба ні круцілася, дзед забіў ёй гол». Тут няма вульгарнай шчырасці або грубасці, усё максімальна мякка, хораша і смешна.

Эратычны фальклор, у адрозненне ад нашага часу, калі ён штампуецца ў інтэрнэце, выконвалі ў строга пазначаны час у строга азначаным месцы. Як правіла, гэта было застолле дарослых людзей.

- Ад спрадвечных беларускіх якасцяў - сарамлівасці, цноты - пасля сэксуальнай рэвалюцыі і падзення жалезнай заслоны не засталося і следу?

- Думаю, што яны захаваліся. Ва ўсякім выпадку, нават сёння існуе розніца паміж горадам і вёскай. На ўзроўні калі не ідэалу, то стэрэатыпу цнатлівасць і сціпласць уваходзяць у пажаданы набор. Залішняя ініцыятыўнасць для дзяўчыны не заахвочваецца нават сёння, калі яна неабходная. Бо адбыўся вельмі рэзкі злом стэрэатыпу маскуліннасці: нашы хлопцы страцілі абавязковую для іх некалі настойлівасць у стварэнні пары. Цяпер выгадней мець 20 сябровак, чым адну жонку.

***

Таццяна Валодзіна нарадзілася ў 1968 г. на Лепельшчыне. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, з тых часоў працуе ў Акадэміі навук. Фалькларыст, доктар філалагічных навук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?