Наталля Лебедзева.

Наталля Лебедзева.

Спіс з 1996 прозвішчаў афіцэраў польскай арміі, расстраляных паводле загаду Сталіна ў Беларусі ў 1940 г., у Расійскім дзяржаўным ваенным архіве адшукала гісторык Наталля Лебедзева. Пра гэта ў чацвер напісала Gazeta Wyborcza.

Гэта спіс, які ўключае ў сябе імёны, прозвішчы, імёны па бацьку 1996 чалавек, вывезеных з турмаў НКВД у Брэсце, Пінску, Баранавічах, Гродне, Беластоку і іншых гарадах на беларускіх землях,
занятых Чырвонай арміяй па стане на 5 сакавіка 1940 г.
«Я даўно падазравала, што сляды таго, што даследчыкі называюць „беларускім катынскім спісам“, трэба шукаць у архівах 15-й брыгады каннвойных войскаў, якая ў 1940 г. дыслакавалася ў Беларусі і перапраўляла зняволеных НКВД ў сталіцу рэспублікі.
Прадчуванне мяне не падманула», — сказала прафесар Лебедзева, якая ўваходзіць у склад Польска-расейскай групы па складаных справах.

Беларускі катынскі спіс —

гэта запоўненыя ад рукі (мяркуючы па почырку, адной асобай) табліцы з прозвішчамі, імёнамі і імёнамі па бацьку вязняў,
якіх 15-я брыгада перавозіла ўвесну 1940 г.
Ёсць таксама інфармацыя куды, адкуль, і куды іх транспартавалі.

Сталі вядомыя прозвішчы нквдыстаў, якія складалі расстрэльныя спісы ў асобных гарадах. У Брэсце гэта быў лейтэнант Рыгор Фінкельберг, у Пінску — лейтэнант Аляксандр Купрыянаў, ў Вілейцы — лейтэнант Мікалай Кажэўнікаў, а ў Беластоку — капітан Ізраіль Пінзур...

15-я Брыгада канвойных войскаў ад канца сакаваіка да ліпеня перавозіла ў Мінск групы нават да 60 асобаў. Усяго

ў Мінск звезлі больш за 1800 з 1996 згаданых у спісе асобаў. На думку прафесара Лебедзевай, 99% у Мінску былі і расстраляныя —
у той самы час, што і афіцэраў у Катыні, Цверы і Харкаве.

Неўзабаве Wyborcza надрукуе спіс цалкам.

На наступны дзень у тым, што апрылюднены прафесарам Наталляй Лебедзевай спіс з’яўляецца “беларускім катынскім спісам” усумніліся польскія гісторыкі
з Асяродку KARTA. Яны сцвярджаюць, што знойдзеныя дакументы – гэта “кнігі рэгістрацыі асобаў, адканваяваных у 1939-1940 г. спецканвоем 15 брыгады канвойных войскаў НКВД СССР".

Гісторыкі “Карты” кажуць, што ў “кнігах рэгістрацыі” фігуруюць асобы, арыштаваныя ў Беларусі ад восені 1939 да вясны 1940.

«Мы высветлілі на падставе тых кніг некалькі дзясяткаў прозвішчаў патэнцыйных ахвяр з беларускага катынскага спісу. Аднак частка прозвішчаў – гэта асобы, якія пасля арышту трапілі ў лагеры”, —
цытуе Тvp.info. Дадаецца, што звесткі пра вязняў з знойдзенага спісу ёсць у тамах “Індэксу рэпрэсаваных”.

Асяродак “Карта” (KARTA) ад 1988 года складае “Індэкс рэпрэсаваных ” і займаецца вывучэннем лёсаў польскіх грамадзянаў, рэпрэсаваных савецкай уладай у 1939—1956 гадах. У Расіі шматгадовым партнёрам “Карты” з’яўляецца таварыства “Мемарыял”.

“Не ведаю, канечне, якія дакументы яшчэ ёсць у распараджэнні “Газеты Выборчай”, але скан, пададзены на яе старонцы, праўдападобна, нам вядомы, як і архіў 15 брыгады канвойных войскаў”, -- кажа супрацоўнік “Мемарыялу” прафесар Аляксандр Памятных.

На жаль, загадка беларускага спісу, апошняя загадка Катынскай трагедыі, застаецца нераскрытай.

Раней чыноўнікі сцвярджалі, што беларускага катынскага спісу папросту не існуе.

Падчас прэс-канферэнцыі СМІ

23 снежня 2011 Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне пра беларускі катынскі спіс, заявіў, што «ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі знішчана не было».
«У нас аказаліся толькі перасыльныя пункты», — казаў ён. Больш за тое, на думку Лукашэнкі, палякаў у Беларусі не расстрэльвалі, магчыма, таму, што баяліся рэакцыі мясцовага насельніцтва.

Ва ўнісон сведчылі і афіцыйныя архівісты. Так, Уладзімір Адамушка, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, у маі 2012 казаў: «Вы ведаеце, чаму з’явіліся так званыя расійскі і ўкраінскі спіс, а няма беларускага? Яго ніхто не складаў, бо гэтыя спісы складаліся ў месцах, дзе праводзіліся непасрэдна рэпрэсіі супраць гэтых грамадзянаў. Чаму быў расійскі спіс Казельска-Юхноўскага лагера і чаму быў украінскі сьпіс? Бо гэтыя месцы знішчэння польскіх афіцэраў і падафіцэраў знаходзіліся на тэрыторыі Расіі і Украіны. Беларускага такога спісу няма. Мы займаліся вельмі актыўна гэтай праблемай. Беларускага спісу няма ў прыродзе. І, магчыма, быць не можа», — цытавала словы архівіста радыё «Свабода».

Дзе ж могуць ляжаць ахвяры расстрэлаў 1940-га?

Гісторык Ігар Кузняцоў дапускае, што яны пахаваныя ў Трасцянцы.

Версія, што палякаў у Беларусі не расстрэльвалі, баючыся рэакцыі насельніцтва, не вытрымлівае крытыкі. Варта адзначыць, што і ў часе раскопак у Курапатах былі знойдзены асабістыя рэчы вырабу міжваеннай Польшчы ці з надпісамі на польскай мове, якія могуць паходзіць толькі з пахаванняў 1939–1941 гадоў.

У Беларусі ад рук саветаў загінула, паводле ацэнак гісторыкаў, каля 200 тысяч чалавек.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?