Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч не выключыў магчымага ўплыву на беларускую эканоміку сітуацыі на сусветным фінансава-эканамічным рынку.
Пра гэта ён заявіў журналістам 20 чэрвеня падчас наведвання ААТ «Слодыч» у Мінску.

«Калі глядзець аб’ектыўна, і пра гэта мы гаварылі з прэм’ер-міністрамі Расіі і Казахстана на форуме, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу 15 чэрвеня, негатыўныя працэсы, рэцэсія, зніжэнне пакупніцкага попыту назіраюцца і ў Еўропе, і ў Кітаі. Зразумела, і мы не застрахаваныя ад гэтага, бо ў нас адкрытая эканоміка. Аднак мы будзем імкнуцца, каб аб’ёмы кампенсацыйных мер дазволілі ўсё ж выйсці на планавае заданне», — цытуе Мясніковіча прэс-служба ўрада.

Пры гэтым прэм’ер-міністр упэўнены ў дасягненні прыросту ВУП у 5,5% па выніках гэтага года.

«Заданне вызначана — 5,5%. Калі не будзе нейкіх знешніх акалічнасцяў, думаю, што мы справімся з пастаўленай задачай», — мяркуе прэм’ер-міністр.

Кіраўнік урада таксама паведаміў, што ў Беларусі ў 2013 годзе з дзяржпадтрымкай будзе пабудавана прыкладна 3 млн. кв. м жылля. У цэлым плануецца ўзвесці прыкладна 6 млн. кв. м жылля. Задача будзе вырашацца, у тым ліку за кошт апераджальнага будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры — дарог, сеткі водазабеспячэння і водаадвядзення, электра- і цеплазабеспячэння, што дазволіць больш актыўна весці будаўніцтва камерцыйнага і індывідуальнага жылля. У прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця і праекце бюджэту на 2013 год, над якім цяпер працуе ўрад, «адна з сур’ёзных задач — рост аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва».

Мясніковіч паведаміў таксама, што настаўнікам у Беларусі адпускныя выплацяць своечасова і ў поўным аб’ёме.
Дзеянні фінансавых органаў і органаў адукацыі поўнасцю ўзгоднены.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?