ГАСТРОЛІ ТЭАТРУ ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА Ў МЕНСКУ

У год 80‑годзьдзя тэатру коласаўцы запрашаюць сталічнага гледача. З 1 да 5 красавіка ў памяшканні Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Янкі Купалы адбудзецца паказ сямі найлепшых спэктакляў славутага тэатра з поўначы ў пастаноўцы Віталя Баркоўскага.

А 19 гадзіне на вялікай сцэне будзе прадстаўлены спэктакль «Бацька». Драма Аўгуста Стрындбэрга ў пастаноўцы Віталя Баркоўскага, праект народнай артысткі Беларусі Сьвятланы Акружной, якая выйдзе на сцэну ў ролі Ляуры. «Маці вядомая заўсёды», — так казалі яшчэ ў старажытнасьці. А вось бацька...

3 красавіка, аўторак. 16.00 — Малая сцэна. Трагікамэдыя Ўладзімера Драздова «Мадам Боншанс». Другая частка трылёгіі пра жыцьцё й лёс мастакоў, што нарадзіліся на беларускай зямлі і сталі вядомымі на ўвесь сьвет. Хаім Суцін натхніўся Парыжам, там ён ствараў свае шэдэўры. Ім захапляўся маэстра Мадыльяні і ў спадчыну пакінуў пасьля сябе Мадам Боншанс.

Тэатар пабываў з гэтым спэктаклем на шматлікіх міжнародных фэстывалях.

19.00 — вялікая сцэна. «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» — трагікамэдыя па матывах п’есы Тэнэсы Ўільямса «Стары квартал».

У старым квартале сваё жыцьцё, свой мікрасусьвет. Людзі паміраюць ад адзіноты. Стары квартал, стары дом... Маладосьць... Пэрсанажы з далёкага мінулага. Толькі цені...

4 красавіка, серада. 19.00 — вялікая сцэна. З творчай спадчыны Ўладзіміра Набокава нам засталіся ня толькі яго раманы і апавяданьні. «І сьмех, і сьлёзы, і Любоў» — трагікамэдыя па матывах п’есы Ўладзіміра Набокава «Падзея». Фарс, пародыя, роспач. Нішто не праходзіць без знаку. Мінулае вяртаецца і не дае спакою.

5 красавіка, чацьвер. 19.00 — вялікая сцэна. Мы запрашаем вас на карнавал! Варыяцыі паводле Янкі Купалы. «Сон на кургане» — так называецца спэктакль па творах славутага песьняра. Словы Купалы ў мадэрнізьме Баркоўскага.

ТЭАТАР ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Ў ВІЦЕБСКУ

2‑6 красавіка Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы праводзіць гастролі ў Віцебску. Купалаўскі тэатр прадставіць віцебскаму гледачу пяць спэктакляў.

2 красавіка Купалаўскі тэатр адкрывае гастролі містэрыяй «Сымон‑музыка» паводле Якуба Коласа. Яркія самабытныя характары, вобразы жыцьцёвых пэрсанажаў у выкананьні суквецьця зорак беларускай сцэны стварылі незабыўнае тэатральнае відовішча ў рэжысуры Мікалая Пінігіна.

У спэктаклі занятыя народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук, Арнольд Памазан, Мікалай Кірычэнка, заслужаныя артысты Беларусі Віктар Манаеў, Зінаіда Зубкова, Наталля Качаткова, а таксама моладзь тэатру. У ролі Сымона — Аляксандар Малчанаў. Сцэнаграфія і касьцюмы Алесі Снапок‑Сарокінай, кампазытар — Андрэй Зубрыч.

3 красавіка віцяблянам прапануецца містычная камэдыя «Чычыкаў» паводле паэмы Мікалая Гогаля «Мёртвыя душы», сцэнічная вэрсія маладога драматурга Андрэя Курэйчыка.

4 красавіка тэатр запрашае на спэктакль «Маэстра» па п’есе сучаснага ўкраінскага драматурга Марыі Ладо.

У спэктаклі 26 дзеючых асобаў — цэлы сімфанічны аркестар. Гучыць многа музыкі ‑‑ Моцарта і ня толькі. Таму рэжысёр вызначыў жанр спэктаклю як «рэпэтыцыя аркестру ў 2‑х дзеях». Мастак — народны мастак Беларусі Барыс Герлаван. У галоўных ролях Раман Падаляка і Аляксандар Малчанаў.

5 красавіка на сцэне тэатру містычная легенда аб любові «Чорная панна Нясьвіжу» Аляксея Дударава. Пастаноўшчык Валер Раеўскі ў садружнасьці з мастаком Барысом Герлаванам, кампазытарам Віктарам Капыцькам і балетмайстрам Марынай Дударавай стварае на сцэне спэктакль‑сон, спэктакль‑мрою.

6 красавіка закрываюцца гастролі прэм’ерай‑рэквіемам «Вечар» Аляксея Дударава. Пранізьлівая гісторыя пра самоту, забыцьцё й пакаяньне. Рэквіем па добрых людзях, якія не дакахалі, але засталіся тымі, кім былі заўжды.

Паводле прэс‑службы Купалаўскага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?