Гомельскі журналіст Анатоль Гатоўчыц, карэспандэнт недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН, пакараны штрафам — 2 базавыя велічыні [62 тыс. рублёў]. Яго абвінавацілі ў «незаконным ажыццяўленні дзейнасці ў інтарэсах замежных СМІ». Суддзя вынесла рашэнне цягам 15 хвілін пры адсутнасці публікі, — паведамляе служба маніторынгу БАЖ.

26 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля была разгледжана адміністрацыйная справа ў дачыненні журналіста Анатоля Гатоўчыца. Яго абвінавачвалі ў парушэнні правілаў журналісцкай дзейнасці ў адпаведнасці з артыкулам 40 «Закона аб друку і іншых СМІ», а таксама Палажэння Савета міністраў ад 1997 года аб дзейнасці замежных СМІ ў Рэспубліцы Беларусь. У прыватнасці ў тым, што журналіст запісваў размовы, не папярэджваючы сваіх суразмоўцаў, прадстаўляўся журналістам БелаПАН, працуючы пры гэтым для іншых СМІ.

Разгляд справы быў прызначаны на 15 гадзін. У 15.45 адваката Пятра Барысава, якому Анатоль Гатоўчыц даверыў прадстаўляць свае інтарэсы ў судзе, выклікалі да суддзі Марыны Дамненка, каб нібыта нешта высветліць. Калі ён ўвайшоў у кабінет суддзі, яна аб`явіла, што судовае паседжанне распачатае і не дазволіла адвакату паклікаць тых, хто прыйшоў на суд.

Разгляд справы працягваўся 15 хвілін у прысутнасці Пятра Барысава.

Суддзя Марына Дамненка паслядоўна адхіліла хадайніцтвы адваката аб тым, каб ў разглядзе справы ўзяў удзел сябра БАЖ з адукацыяй юрыста Леанід Судаленка, каб Леанід Судаленка выступіў у якасці сведкі. Суддзя двойчы адмовіла, каб у якасці сведак у суд былі выкліканыя службовыя асобы, у чыіх апытаннях, складзеных супрацоўнікамі КДБ па Гомельскай вобласці сцвярджаецца, што Анатоль Гатоўчыц не папярэджваў іх пра запіс размовы для публічнага карыстання.

Такім чынам, на разгляд справы не былі дапушчаныя актывісты грамадзянскіх арганізацый Гомеля і вобласці, а таксама журналісты — ўсяго лікам 21 чалавек.

Калі адвакат выйшаў з кабінета суддзі і паведаміў пра рашэнне, якое яна прыняла — пакараць Анатоля Гатоўчыца штрафам памерам у 2 базавыя велічыні, прысутныя былі абураныя закрытым судовым разбіральніцтвам. Агульная думка: не пачыналі суд так доўга, спасылаючыся на занятую залю, а пасля ўсё зрабілі таемна і хутка таму, што пабачылі як многа людзей прыйшло.

Адвакат паведаміў, што матывіровачную частку рашэння суд падрыхтуе да 28 сакавіка.

Анатоль Гатоўчыц намераны абскардзіць пастанову суда.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?