Болей за 5 тысячаў грамадзянаў подпісаў сабрана ініцыятыўнаю групаю пад зваротам аб вяртаньні вернікам касьцёлу Сьвятога Язэпа і былога кляштару бэрнардынцаў. Аднак ніякай рэакцыі з боку як сьвецкіх, так і касьцёльных уладаў пакуль няма.

Камэнтуе супрацоўнік каталіцкага выдавецтва «Рro Christo» Мікола Гракаў: Афіцыйныя ўлады ніяк не адрэагавалі на ініцыятыву вернікаў і хутчэй за ўсё не адрэагуюць, гледзячы па тым, як арганізаваны збор подпісаў. Няма нейкай цэнтралізацыі, арганізаванасьці, і зрухаў у гэтым кірунку пакуль ня бачна. Усё гэта выглядае на грамадзянскую ініцыятыву. Касьцёльныя ўлады таксама не адрэагавалі, хоць нельга сказаць, што гэтае пытаньне не закранаецца Касьцёлам. Яшчэ за Сьвёнткам пры кожным кантакце са сьвецкімі ўладамі пытаньне вяртаньня касьцёлу сьвятога Язэпа абавязкова агучвалася. Іншая рэч, што палітыка Беларускага Касьцёлу не прадугледжвае вынасу такіх пытаньняў на шырокае грамадзкае абмеркаваньне, то бок такія праблемы абмяркоўваюцца на ўзроўні сьвецкіх і каталіцкіх уладаў. Гэта зьвязана з сёньняшняй сытуацыяй вакол касьцёлу і нежаданьнем касьцёльных ярархаў далей яе абвастраць.

* * *

Парафія Сьвятога Язэпа, што прэтэндуе на кляштарныя будынкі й касьцёл, гатовая ўзяць усе рэстаўрацыйныя працы на сябе.

Абурэньне вернікаў выклікалі пляны ўладаў пабудаваць на месцы кляштару, помніка архітэктуры XVII стагодзьдзя, гатэль, паркінг і басэйн.

Удзельніца касьцёльнага камітэту Сьвятога Язэпа Івона Мацукевіч кажа, што «будынкі мусяць належыць народу, а ня тым нешматлікім заможным людзям, хто можа заплаціць вялізарныя грошы за карыстаньне паслугамі гатэльнага комплексу».

Тымчасам Упраўленьне па ахове гісторыка‑культурнае спадчыны й рэстаўрацыі Міністэрства культуры выдала дазвол на правядзеньне праектных работаў па перабудове помніка дойлідства пад гатэльна‑забаўляльны цэнтар... Збор подпісаў у касьцёлах Менску працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?