Куды зьнік Лукашэнка? «Кіраўнік дзяржавы знаходзіцца ў сваёй рэзідэнцыі ў Мінску, прымае чыноўнікаў з дакладамі, працуе з дакумэнтамі. Усё ў звычайным рэжыме», — паведаміў у панядзелак БелаПАН кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі.

Выраз «працаваць з дакумэнтамі» ў свой час увёў у расейскі палітычны лексыкон прэс-сакратар Барыса Ельцына. Гэтак гаварылася, калі расейскі прэзыдэнт быў недзеяздольны.

Апошнімі днямі ў інтэрнеце зьявіліся чуткі аб тым, што А.Лукашэнка даўно не зьяўляецца на публіцы праз праблемы са здароўем. Яго не паказвалі на тэлебачаньні з 10 сакавіка, калі ён адпачываў на гарналыжным комплексе ў Сочах.

Яго не было на адкрыцьці турніру «Залатая шайба». Быў перанесены і візыт у Віетнам, намечаны на 25—27 сакавіка.

У аўторак П.Лёгкі раздражнёна заявіў радыё «Свабода»: «Прэзыдэнт працуе ў Менску, прымае чыноўнікаў, працуе з дакумэнтамі. Сёньня ён сустракаецца са старшынём Нацыянальнага банку Пятром Пракаповічам. Іншае пытаньне, што прэзыдэнт сапраўды адсутнічаў на экране некаторую колькасьць дзён. Ёсьць людзі, якія заўсёды нечым не задаволеныя. То ім многа прэзыдэнта на экране, то ім яго не хапае. Ёсьць у нас казлы-правакатары — можаце даць гэтую фразу — якіх проста хлебам, травой не кармі, а дай магчымасьць панагнятаць абстаноўку ў краіне. У прэзыдэнта дастаткова шчыльны, напружаны графік, у яго практычна не бывае выходных. Ён сустракаецца з чыноўнікамі — і неабавязкова тут, на Карла Маркса, 38, і неабавязкова пад прыцэлам тэлекамэр».

Нагадаем, што роўна год таму, на пачатку вясны 2006 году, здарылася падобная сытуацыя. Аляксандар Лукашэнка публічна зьявіўся на экранах 20 сакавіка. Потым ён раптам зьнік з тэлеэкранаў. Цягам тыдня не праводзіліся нарады, сходы і сустрэчы з афіцыйнымі асобамі. Абвясьцілі, што інаўгурацыя прэзыдэнта будзе 31 сакавіка, потым перанесьлі на 8 красавіка. Падчас інаўгурацыі Аляксандар Лукашэнка выглядаў стомлена, змарнелым з твару, нагадвае «Свабода». Тады таксама хадзілі чуткі, што перанос інаўгурацыі адбыўся праз пагаршэньне здароўя.

Спадар Лёгкі ня мае рацыі ў сваіх эмоцыях. Завеса сакрэтнасьці над здароўем кіраўніка дзяржавы — уласьцівасьць аўтакратый. У іх з кіраўніка робяць ідала, які, у адрозьненьне ад простых сьмяротных, ніколі не памыляецца і нават не хварэе. У дэмакратычных краінах інфармацыя пра здароўе прэзыдэнтаў адкрытая грамадзкасьці. А ў Беларусі, можна падумаць, кіраўнік дзяржавы апошні раз хварэў у 1994 г. Калі мы хочам бачыць нашу краіну дэмакратычнай, варта і з прэзыдэнта рабіць не ікону, а проста галоўнага чыноўніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?