Хакейны клюб «Дынама» (Менск) упершыню ў гісторыі залатыя мэдалі чэмпіянату краіны сэзону 2006/2007.
Падапечным Эдуарда Занкаўца, каб перамагчы ў фінальнай сэрыі сталічны «Керамін», спатрэбілася пяць матчаў.
У першых трох дынамаўцы былі мацнейшыя — 6:1, 3:2, 3:1. У чацьвертым, што прайшоў акурат на Дзень Волі, «драконы» (так завуць «Керамін») аказаліся дужэйшымі за «міліцыянтаў» — 3:2: за савецкім часам «Дынама» належыла міліцэйскаму ведамству.
Пяты матч прайшоў сёньня, 27 сакавіка, у Лядовым палацы на Прытыцкага, г.зн. хатняй пляцоўцы «Кераміна». Праўда, «драконы» сёньня аказаліся зусім нястрашнымі. «Дынама» перамагло зь лікам 5:2. Менскае «Дынама» ўпершыню менавіта пад такой назвай стала чэмпіёнам краіны.
Заснаваны ў сярэдзіне 1970-х клюб у 1993-м быў перайменаваны ў «Цівалі» і пад гэтай назвай чатыры разы станавіўся чэмпіёнам краіны. Адрадзілася "Дынама" ў 2003 г. У сэзоне 2003/2004 яно саступіла ў матчы за трэцяе месца «Гомелю». Летась заваявала срэбра, прайграўшы ў фінальнай сэрыі «Юнацтву» зь лікам 0:4. Зазначым, што вызначэньне наймацнейшай каманды краіны шляхам плэй-оф праводзіцца з 2001/2002 г.
У наступным годзе "Дынама" ня здолее адстаяць свой тытул. Прынята рашэньне пра аб'яднаньне клюба таксама са сталічным "Юнацтвам", каб выступаць у вышэйшай лізе чэмпіянату Расеі з правам выхаду ў супэрлігу.
❏
Роўна празь месяц у Расеі (Масква і Мыцішчы) стартуе чэмпіянат сьвету па хакеі. Беларусы трапілі ў адна групу са зборнымі ЗША, Чэхіі і Аўстрыі.