…з цяжкасцю можа адказаць, адкуль ён родам

Аляксандр Лукашук: Можна сказаць, што я з Брэста: радзільны дом знаходзіўся менавіта там. Мама расказвала, што ў лютым 1955 было надзвычай снежна, вялікія сумёты, Брэст быў замецены, і тата нават не мог падысці да акон радзільні… А бацькі працавалі настаўнікамі ў пасёлку Тэльмы пад Брэстам.

НБ: Дык радзімай Вы лічыце?..

АЛ: Берасцейшчыну. Камянецкія пагоркі і жабінкаўскія палі. Я беларус-паляшук.

Такое двайное акрэсленне — беларус-паляшук, беларус-украінец, беларус-паляк, беларус-расеец, беларус-габрэй — у гэтым няма супярэчнасці. У гэтым наша беларуская сіла, наш фармат.

Наталка Бабіна: Як Вы сталі працаваць на «Свабодзе»?

АЛ: Пасля Мінскага інстытута замежных моваў я працаваў перакладчыкам, экскурсаводам, рэдактарам, але марыў працаваць журналістам. Знаёмая сказала, што ў «Звязду» патрэбны журналіст... Там я працаваў 8 гадоў, і сышоў адтуль у 1990-м. 1985—1988 я лічу гадамі росквіту «Звязды». Артыкулы пра сталінскія злачынствы, круглы стол з ахвярамі ГУЛАГа, якія я тады правёў, надзвычай паспрыялі і накладам газеты, і яе аўтарытэту. Але потым пачалі так душыць усё жывое, было невыносна мець адказнасць за тое, што з’яўлялася на старонках, і я сышоў. І якраз у гэты час у Беларусь упершыню прыехаў дырэктар Беларускай службы радыё «Свабода» Вячка Станкевіч. Аказалася, што ў Амерыцы мяне ведалі па маіх публікацыях у газеце «Свабода», па Мартыралогу Беларусі. Плюс я ведаў англійскую, сярод журналістаў 20 год таму гэта была вялікая рэдкасць...

НБ: Гэта і цяпер рэдкасць... Дзе вы жывяце зараз?

АЛ: 26 гадзінаў у суткі ў Беларусі, астатнія ў Чэхіі, Нямеччыне і Амерыцы.


…Лічыць, што магло быць горш

НБ: І якая яна — Беларусь, у якой 26 гадзін у сутках?

АЛ:

У мяне некалькі Беларусяў, як ва ўсіх нас. Адна блізкая і дарагая — у ёй жывуць сваякі, сябры. У ёй дарагія магілы, і мноства людзей, з якімі я яшчэ пазнаёмлюся. Другая Беларусь — афіцыйная: агідная рэзервацыя, дзе грамадзяне бяспраўныя. Дзе марнуюцца найвялікшыя каштоўнасці сусвету — час, культура і свабода.
Невыпадкова па аб’ектыўных паказніках, такіх як свабода эканомікі, свабода прэсы, свабода распачаць бізнэс — па ўсіх паказніках, дзе ёсць слова «свабода», — Беларусь знаходзіцца ў кампаніі з Паўночнай Карэяй, Зімбабвэ, Кубай [згодна з рэйтынгам Doing Business Сусветнага банка Беларусь займае 69-е месца па лёгкасці вядзення бізнэсу побач з Чэхіяй, Кувейтам, Кіргізіяй і Турцыяй і 9-е месца па свабодзе распачаць бізнэс, побач з Руандай і Арменіяй. У рэйтынгу свабоды СМІ Reporters Without Borders Беларусь займае 168-е месца. — Рэд.]. Канечне, тут няма «гарачых» канфліктаў, няма гуманітарных.
Як сказаў бы філосаф Акудовіч, тут няма анталагічнай катастрофы, толькі экзістэнцыйная.

НБ: І што нас чакае ў будучыні?

АЛ: Прагнозамі лепш не займацца. Можа быць па-рознаму. Але агульны трэнд — будзе безумоўна лепш.

Беларуская незалежнасць — маладая, мы на пачатку вельмі каштоўнага, з пункта гледжання чалавечых каштоўнасцяў, працэсу.

НБ: Але чаму Лукашэнка і ўсё, што ён увасабляе, трымаюцца так доўга?

АЛ: Лукашэнка падобны па тэмпераменце да Валенсы, Ельцына, Краўчука, але іх змялі пасля першага тэрміну (другія выбары Ельцына былі вельмі своеасаблівыя). Гэта стала магчымым таму, што яны трымаліся правілаў дэмакратыі. Лукашэнка ж проста прыбраў канкурэнтаў і механізмы кантролю. Гэта як бы хакеіст прымусіў гульцоў-сапернікаў зняць канькі і забраў у іх клюшкі. Гвалтоўная змена канстытуцыі была пераваротам — у паліцэйскай дзяржаве дэмакратычныя мэханізмы не працуюць.

Трымаюцца такія рэжымы звычайна столькі, колькі працуюць службы аховы.

НБ: Ці можаце Вы як дырэктар радыё «Свабода» сказаць, прыклаўшы руку да сэрца: я раблю ўсё для таго, каб перамены да лепшага адбываліся як мага хутчэй?

АЛ: Калі б я так сказаў, гэта быў бы грэх ганарлівасці. Але сказаць: я імкнуся рабіць усё для таго, каб будучыня была такой, як мне хочацца, — я магу.


…Не гаворыць аб праблемах сваіх журналістаў

НБ: А як складаюцца адносіны радыё «Свабода» з уладамі Беларусі?

АЛ: У нас няма адносінаў, апроч акрэдытацыі. Немагчыма атрымаць каментары ад чыноўнікаў, яны не ідуць на кантакт. Фінансавыя праверкі, штрафы, надгляд рэчаў на мяжы — мы маем набор тых жа «задавальненняў», што і іншыя незалежныя журналісты: збіццё на акцыях, разбітая апаратура, зняволенні. Але журналіст, яго дзейнасць не ёсць прадметам навінаў.

Гэта правіла амерыканскай журналістыкі: калі нешта адбываецца з журналістам, мы звычайна пра гэта не паведамляем.
Як лекар не гаворыць пра свае хваробы. Гэта частка прафесіі.

НБ: Спадар Бандарэнка ўпэўнены, што 80% незалежных журналістаў завербаваныя КДБ.

АЛ: Васіль Быкаў казаў мне пра звады ўнутры апазіцыі — па-першае, гэта нармальна, дэмакратам няпроста дамовіцца. А па-другое, чаму гэта так балюча ў Беларусі — вельмі даўно не было перамогаў... Але адчай — не найлепшы дарадца.

Яшчэ за Андропавым дысідэнцкія асяродкі КДБ разбураў тым, што прадстаўляў тых ці іншых людзей як сваіх агентаў.
Апраўдацца было амаль немагчыма, падазрэнні перамагалі. Праблема агентуры існуе, але экстрапаляцыі ў гэтай справе на руку толькі спецслужбам, якія такім чынам спрабуюць разбурыць давер, адзінства дзеянняў, скампраметаваць і пасварыць людзей.

НБ: Ці падавалася Вам калі-небудзь, што завербаваныя ёсць і ў Вашым калектыве?

Вас самога спрабавалі схіліць да супрацы з КДБ?

АЛ: У калектыве — не. Наконт мяне самога — так, яшчэ за савецкім часам. Нервова было, але адбіўся. Стаў невыязным на восем гадоў, але затое набыў новую прафесію.


…Амаль не памыляецца

НБ: Раскажыце пра сваю самую вялікую памылку.

АЛ: Памылкі бываюць. Я скажу, пра што больш за ўсё шкадую — пра калег, якіх страцілі. Вось ужо 5 гадоў, як у Празе загінуў Уладзя Каткоўскі, звышталенавіты вэб-майстар, адзін з заснавальнікаў беларускай Вікіпедыі, які збеларушчыў Google. Я бачыўся з ім у той дзень і вось думаю: а калі б я яго затрымаў, пагаварыў даўжэй, ён не апынуўся б на тым скрыжаванні, калі там адбылася аварыя....

НБ: Якое сваё прафесійнае дасягненне лічыце самым важным?

АЛ: У 2005 я быў дырэктарам радыё «Свабодны Афганістан» і ўсталяваў разам з супрацоўнікамі сусветны рэкорд замежнага вяшчання — больш за 75% насельніцтва краіны сталі нашымі слухачамі. Без дадатковага бюджэту, новых перадатчыкаў, павелічэння штату — проста змяніўшы праграму і арганізацыю працы. Я ім у эфіры, прызнаюся цяпер, паланэз Агінскага граў...

НБ: А ў Беларусі?

АЛ: Гэта «Бібліятэка Свабоды». Сёлета ў чэрвені было 10 гадоў, як выйшла першая кніга — «Верш на Свабоду». Юбілей адзначылі выданнем пад парадкавым нумарам 35 — «Слоўнік Свабоды», калекцыя эсэ пра самыя цікавыя словы ХХ стагоддзя. Наклады адразу разлятаюцца, але на сайце «Свабоды» яны даступныя ў фармаце PDF.

А з перадачаў...

Я вось ніколі не думаў, што буду вучыць беларускай мове прэзідэнта ЗША, а прыйшлося.
Гэта ўнікальны ў гісторыі «Свабоды» эфір у навагоднюю ноч 2011 года — «Галасы салідарнасці». Больш за 700 чалавек былі тады за кратамі, і мы звярнуліся да сусветных лідараў з прапановай прачытаць у эфіры іх імёны. І людзі, незалежна ад пасады і краіны, адразу разумелі і пагаджаліся — Алена Бонэр і Кандаліза Райс, Сяргей Юрскі і Барыс Стругацкі, Карэл Шварцэнберг і Івонка Сурвіла. Адкрываў чытанне былы прэзідэнт ЗША Джордж Буш, завяршаў былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавал. Мы атрымалі гарачыя водгукі нашых слухачоў і чытачоў — і палітвязняў, калі яны потым выйшлі на волю.

НБ: Як спраўляецеся са сваімі суперталенавітымі супрацоўнікамі?

АЛ: Трэба выбіраць людзей, якія б маглі працаваць разам, эфектыўна. Калектыў павінен мяняцца, павінна быць ратацыя — для гэтага існуе кантрактная сістэма. А журналісты павінны давяраць кіраўніку і разумець, што, калі спатрэбіцца, ён будзе ісці да канца.

На «Свабодзе» працуюць вельмі таленавітыя людзі. Чаго не скажаш пра дзяржаўную прэсу.
Вось ужо дзе маразм! Я штораз, калі бываю тут, купляю паўкілі дзяржаўных газет. Дык у іх паўтары навіны на 8 старонках! Таму дзяржаўных газет сапраўды замнога, міністр інфармацыі мае рацыю. А вось Беларусь, увасобленая ў незалежных медыях і ў незалежных асяродках, выйшла, як кажа Акудовіч, на камунікатыўна-адкрытую прастору. А ў ёй міністра інфармацыі няма!


…Любіць кнігі

НБ: Вы атрымалі сёлета «Глінянага Вялеса» за сваю кнігу пра Лі Харві Освальда. Як бы ацанілі сучасную беларускую літаратуру?

АЛ: Для памераў нашай краіны, насельніцтва якой складае каля 9,5 млн,

мы парытэтна выглядаем з еўрапейскімі літаратурамі, асабліва ў паэзіі. А з улікам моўнай катастрофы — мы, як Кенія, якая дае найлепшых марафонцаў у свеце.
Мяне прафесійна цікавіць дакументальная літаратура. Тут пасля Анатоля Казловіча, Яўгена Будзінаса і некаторых іншых конь не валяўся.

Аўтар гэтага жанру ў Амерыцы глыбока даследуе праблему, у кнізе ягонай ёсць псіхалагічны аналіз, сацыялогія, тэма актуальная. Аўтар больш нічым не займаецца год, а то і больш. Напрыклад, ён можа ўладкавацца ахоўнікам у турму, скончыўшы адпаведныя курсы, а потым напісаць пра гэта кнігу. Існуюць тоўстыя часопісы, выдавецтвы, тэлебачанне, нарэшце кінематограф, якія ўкладаюць грошы. Гэта ўсё аплачваецца. Беларусь проста чакае пісьменнікаў гэтага жанру, гэтым інструментарыем яе сёння найлепш было б апісаць і зразумець. У гэтым рэчышчы будуць і новыя кнігі «Бібліятэкі Свабоды»: «Гісторыя аднаго цуду» — пра «Майстроўню», будуць кнігі пра выбух у метро і пра Алеся Бяляцкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?