Немцы ў горадзе!

Немцы ў горадзе!

Украінцы ганарацца чэмпіянатам.

Украінцы ганарацца чэмпіянатам.

Львоў з вышыні Ратушы.

Львоў з вышыні Ратушы.

Горад Лява.

Горад Лява.

«Криївка»: пяльмені не падаём!

«Криївка»: пяльмені не падаём!

У фан-зоне было нават цікавей, чым на стадыёне.

У фан-зоне было нават цікавей, чым на стадыёне.

Да пабачэння, Еўра!

Да пабачэння, Еўра!

Я натхніўся аповедам Дзмітрыя Ключко пра Познань і вырашыў напісаць пра свае ўражанні таксама.

Нямецкая гаворка, якая ў дзень матчу Нямеччына — Данія чулася ў Львове з усіх бакоў, быццам бы пераносіла цябе ў часы Другой сусветнай вайны.
За мінулыя 70 гадоў тут сапраўды мала што змянілася — усё тая ж брукаванка з трамвайнымі рэйкамі, тыя ж старэнькія дамы з абсыпанай тынкоўкай, але трывалымі падмуркамі. Праўда, цяпер сюды завітала зусім іншая нямецкая армія і з зусім іншай мэтай. Гэта армія фанатаў Бундэсманшафт, якая захлынула вузкія львоўскія вулачкі яшчэ 9 чэрвеня, калі самы аўтэнтычны ўкраінскі горад прымаў матч немцаў з партугальцамі.
Я ж завітаў у Львоў раніцай 17 чэрвеня, калі еўра дажывала тут свае апошнія гадзіны.
У гэты дзень сталіца Галіччыны чакала матчу бундэстым з датчанамі. Праўда, знайсці хоць які-небудзь след апошніх у горадзе было надзвычай цяжка. З іншаземцаў у вочы кідаліся выключна немцы, апранутыя ў белыя, чорныя і зялёныя футболкі сваёй зборнай. Першага пажылога дацкага фана я сустрэў толькі на падыходзе да Рынку — галоўнай плошчы Львова. Зрэшты,
чым менш часу заставалася да вечара, тым больш выраўнівалася колькасць фанаў абедзвюх каманд.
І ўжо, а 15-й гадзіне чырвона-белых дацкіх колераў у горадзе стала заўважна больш.

Але да падзей вечара я яшчэ вярнуся. Пакуль жа раскажу пра Львоў ранішні.

Вельмі здзівіла, што, а 10-й гадзіне горад выглядаў абсалютна пустым.
Як патлумачыў мне мой кіеўскі сябар Рома, з якім разам мы і акунуліся ў атмасферу ЕЎРА, прычына ў тым, што львавяне — надзвычай веруючыя людзі, і раніцу кожнай нядзелі сустракаюць на набажэнстве ў шматлікіх мясцовых храмах. Нам з Ромай, праўда, гэтую раніцу хацелася сустрэць за кубачкам кавы ў якой-небудзь са знакамітых мясцовых кавярняў, бо ноч у цягніках стаміла нас абодвух. Перад тым, як прыехаць, я шмат чуў пра тое, што мясцовыя рэстараны, кавярні і проста крамы невыносна паднялі цэны на ўсё, што можна, з мэтай наварыцца на багатых прыезджых турыстах. Але, на дзіва, 150 грамаў кавы мак’ята каштавалі ўсяго 18 грывень. А 70 грамаў той жа кавы — 16 грывень. Дзіўны маркетынгавы ход.
Кава кавай, але ж Львоў вядомы яшчэ і сваімі броварамі.
Імпэту дадавала тое, што ў дні ЕЎРА ў адным з мясцовых паркаў адбываўся фестываль піва. Трапіць на яго мы так і не здолелі, бо банальна не знайшлі той самы парк (Рома, як і я, быў у Львове ўпершыню). Тым не менш, пакаштаваць пенны напой у дні чэмпіянату тут можна літаральна на кожным кроку. Гэта дазваляюць зрабіць афіцыйныя палаткі «Карлсберга» (афіцыйнага спонсара ЕЎРА). Праўда, яны даўно не карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў, бо ўвесь іхні асартымент аматары піва за апошні тыдзень вывучылі на памяць. Але
ёсць і даволі аўтэнтычныя піўныя рэстараны, дзе падаюць піва, якога не знойдзеш больш нідзе.
Напрыклад, Mons Pius, які месціцца ва ўтульным львоўскім дворыку. Вялікі экран гэтай установы трансляваў учорашні матч Грэцыя — Расія, за якім я не здолеў назіраць у жывым эфіры са зразумелых прычын. Дапіваючы апошнія кроплі з вялікага куфля, я падумаў, што яны нечым падобныя да слёзаў Алана Дзагоева, які ў той жа час глядзеў на мяне з экрана і плакаў аб сваіх няздзейсненых марах.
На памяць з Mons Pius я прыхапіў кардонную падстаўку для куфля з філасофскімі словамі Бенджаміна Франкліна: «Пиво — це ще один доказ того, що Бог нас любить и хоче, щоб ми були щасливими».
Шкада, што ў часы, калі жыў Франклін, футболу яшчэ не вынайшлі. Інакш у сваім выслоўі ён бы абавязкова дадаў да піва яшчэ і гульню мільёнаў.
Заправіўшыся дзвюма найбольш славутымі львоўскімі вадкасцямі — кавай і півам, мы вырашылі заняцца культурнай праграмай.
Датуль яна абмяжоўвалася прагулкамі па цэнтральнай частцы Львова. Але адна справа — глядзець на горад з грэшнай зямлі, і зусім іншая — з вышыні вежы мясцовай ратушы. Уваход на вежу каштуе 10 грывень, і за гэтыя грошы, акрамя цудоўных уражанняў ад гарадской панарамы, вы атрымаеце магчымасць заняцца фітнэсам і скінуць пару кілаграмаў. На вяршыню вежы вядуць амаль 500 прыступак, пераадольваць якія становіцца цяжэй з кожным пралётам лесвіцы — спачатку звычайнай, потым вінтавой. Першае, што робіць большасць на вяршыні — садзіцца проста на дах вежы і адпачывае, змахваючы пот з ілба. І толькі потым з кішэняў пачынаюць выцягвацца фоцікі: сысці адсюль без дзясятка панарамных фатаздымкаў — злачынства.
Да матчу — 7 гадзін, і на плошчы Рынак ужо чуваць магутныя галасы, што папераменна выконваюць нямецкі і дацкі гімны.
Дзе-нідзе гойсаюць і палякі ў бела-чырвоных майках, выкрыкваючы сваю каронную крычалку «Польскааа — бяло-чэрвонііі!!!». Што яны робяць у горадзе Льва — незразумела. Іхняя зборная тут, ды й увогуле ва Ўкраіне, гуляць нават не планавала. Магчыма, палякі проста прыехалі добра пабавіць час і праведаць украінскіх суседзяў.
З той жа мэтай, магчыма, у Львоў прыехалі і беларусы, якіх я таксама сустрэў нямала ў дзень матча.
Адзін хлопец з вялікім бел-чырвона-белым сцягам шпацыраваў па плошчы Рынак, нібы салдат падчас параду. Іншая кампанія стаяла з намі разам у чарзе ў легендарную «Криївку».
Яшчэ адну групу землякоў давялося сустрэць каля Львоў-Арэны. З усімі я павітаўся на беларускай мове і, што прыемна, пачуў яе ж у адказ.

Увогуле, усю камунікацыю у Львове беларусам лепш весці на матчынай мове. Гэта даўно ні для каго не сакрэт.

Усе замовы ў кафэ і кавярнях я рабіў па-беларуску, і ніякіх непаразуменняў не ўзнікала.
З Ромай мы таксама гаварылі на родных мовах — кожны на сваёй. Ужо калі вярнуўся ў Мінск, узнікла даволі дзіўная думка-адчуванне: у Львове беларускую мову разумеюць лепш, чым у Мінску. Расійскую мясцовыя жыхары, безумоўна, таксама разумеюць, і гаварыць на ёй пры неабходнасці здольныя. І біць твар за «великий и могучий язык», насуперак глыбока памылковаму стэрэатыпу, вам тут не будуць. Але я за ўвесь час знаходжання у Львове ні разу не адчуў патрэбы скарыстацца расійскай мовай. Хапала беларускай, англійскай і некаторых простых фраз па-ўкраінску, якія я здольны вымавіць без акцэнту і памылак.
Да матчу заставалася 5 гадзін, і ў нашых з Ромай планах было яшчэ наведванне «Криївки» і стадыёна.
Сам матч мы планавалі глядзець у фан-зоне, хаця магчымасць набыць квіткі была — спекулянты проста на цэнтральнай плошчы прапаноўвалі білет першай катэгорыі (то бок самы лепшы) за смешныя 600 грывень пры намінале 1500. Верагоднасць прадаць квіток з набліжэннем вечара станавілася ўсё меншай, таму перакупшчыкі былі вымушаныя ісці на невыгодныя для сябе «зніжкі». Але мы не паквапіліся.
Вырашылі сэканоміць, справядліва палічыўшы, што атмасфера фан-зоны не нашмат горшая.
Цяпер што да «Криївки». Трапіць у яе няпроста — спачатку трэба адстаяць немалую чаргу, што складаецца з турыстаў самых розных нацыянальнасцей.
Як я ўжо адзначыў, у чарзе давялося сустрэць беларусаў, але акрамя іх, там былі і немцы, і палякі, і ўкраінцы з іншых рэгіёнаў, і, напэўна ж, вымушаныя маскавацца маскалі. Статны вайсковец на ўваходзе нязменна пытаецца ў вас пароль.
Трэба вымавіць «Слава Украіні! — Героям слава!» — і вы ўнутры легендарнага рэстарана.
Ён складаецца з некалькіх пакояў, адзін з якіх — пад адкрытым небам. У трыццаціградусную спякоту найбольш прыемна было сядзець менавіта там.
Звяртаюць на сябе ўвагу ветлівыя і ўсмешлівыя афіцыянты, вобраз якіх ну ніяк не асацыюецца з суворымі жаўнерамі УПА. Яны могуць выступіць не толькі гідамі па меню, але і па гісторыі Украіны.
Складваецца ўражанне, што, калі б не вечная загружанасць "Криївки", тутэйшыя афіцыянты не адмовіліся б і гарэлачкі з вамі ляснуць, і па душах паразмаўляць.
Калі да матчу засталося нейкіх тры гадзіны, мы з Ромай вырашылі зарадзіцца футбольнай энергіяй
і накіравацца на самы маленькі ў плане ўмяшчальнасці стадыён ЕЎРА. Да Львоў-Арэны можна было дабрацца на адмыслова запушчаным з цэнтра горада аўтобусе. Што цікава — аўтобус папулярнасцю не карыстаўся. Каля паўгадзіны ён стаяў, чакаючы, пакуль салон будзе запоўнены хаця б на дзве траціны.
За гэты час давялося пазнаёміцца са шматлікімі цікавымі спадарожнікамі. Адзін з іх — даволі пажылы канадзец.
На лагічнае пытанне аб тым, як так атрымалася, што прадстаўнік краіны кляновага ліста цікавіцца еўрапейскім футболам, а не яго амерыканскім цёзкай ці яшчэ больш папулярным у тых шыротах хакеем, мужчына толькі ўсміхнуўся.
У тым жа аўтобусе мы пазнаёміліся з дзвюма мясцовымі дзяўчатамі. Яны, як высветлілася, перад кожным матчам ладзяць каля стадыёна свой невялікі бізнэс: размалёўваюць усім ахвотным твары ў колеры іх улюбёных зборных.
Такая ідэя нарадзілася ў дзяўчат невыпадкова — абедзве вучацца ў Львоўскай акадэміі мастацтваў. У размовах з пажылым канадцам і маладымі ўкраінкамі час праляцеў незаўважна, і аўтобус нарэшце крануўся з месца. Спыніўся ён хвілін праз дваццаць у месцы, якое нечым нагадвае мінскія Шабаны.
З аднаго боку — лес, з іншага — поле. І дзесьці паміж імі — ўласна Арэна.
Яе выгляд не ўражвае: для такога буйнога турніру, як ЕЎРА, архітэктары маглі б распрацаваць і больш прывабны дызайн. Але галоўнае ў дадзены выпадку не форма, а змест. А ён у звышсучаснай Львоў-Арэны на вышыні.
На гадзінніку 19:30 — час вяртацца з львоўскіх «шабаноў» у цэнтр горада.
Там ужо пачала паціху ажываць фан-зона. Перад кожнай трансляцыяй тут традыцыйна разаграваюць публіку ўкраінскія і не толькі гурты. 17 чэрвеня сюды завітаў «Бумбокс». Шматтысячны натоўп амаль гадзіну танчыў пад песні з альбома «Середній вік». У паўзе паміж выступам «Бумбокса» і матчам Данія — Нямеччына — масавае паломніцтва да прыбіральняў. Яно і не дзіўна — ніхто не хоча прапусціць ключавыя моманты важнага матчу, седзячы ў кабінцы біятуалета.
Падчас гульні было цяжка адрозніць сапраўдных немцаў ад украінцаў з нямецкімі сцягамі, якія падтрымлівалі Бундэсманшафт.
Дацкія ж фаны зноў, як і раніцай, кудысьці зніклі. Знайсці ў фан-зоне землякоў Андэрсэна выглядала задачай не менш цяжкай за пошук іголкі ў стозе сена.
Было відавочна, што натоўп на львоўскім праспекце Свабоды сёння на баку падначаленых Ёхіма Лёва.
Радасныя крыкі пасля галоў Падольскага і Бендэра гэта толькі пацвердзілі.
Дзесьці апоўначы ўсе пачалі разыходзіцца, а ў фан-зону заехала вялікая машына з вадамётам, каб змыць са шматвекавой львоўскай брукаванкі горы пустых піўных бутэлек.
Мы з Ромай павінны былі ехаць дадому — ён у Кіеў, а я ў Мінск — толькі раніцай. Усю ноч давялося бадзяцца па горадзе, які так і не заснуў канчаткова. Немцы выпівалі літр за літрам пеннага напою, святкуючы лёгкі выхад сваёй зборнай у чвэрцьфінал і без стомы гарланілі Deutschland uber alles!

— Congratulations, guys! — павіншаваў я адну з кампаній у чорна-белых майках. Яны з шырокай усмешкай на твары ў адзін голас адказалі: Thank you!

З сумам падумалася, а ці настане калісьці той час, калі такім жа чынам іншаземцы будуць віншаваць з поспехам мяне і ўсіх прыхільнікаў нашай, беларускай зборнай?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?