Музей гісторыі Магілёва аб’явіў аб пачатку збору сродкаў для выкупу фаліянта — кнігі «Вялікае майстэрства артылерыі» 1651 года выдання аўтарства Казіміра Семяновіча — і звярнуўся па фінансавую дапамогу да прадпрыемстваў і арганізацый.

«Мы звяртаемся да прадпрыемстваў і арганізацый, якія могуць аказаць нам такую дапамогу», — сказаў БелаПАН дырэктар музея Аляксей Бацюкоў.
Ён зазначыў, што збор сродкаў спецыяльна не абвяшчаецца сярод грамадзян, каб не ператварыць такія акцыі ў «нейкі серыял». У маі, дзякуючы збору сродкаў і дапамозе спонсараў, у Маскве за 45 тысяч долараў быў выкуплены Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года выдання.

Каштоўнасць кнігі «Вялікае майстэрства артылерыі» абумоўлена тым, што ў ёй аўтар — беларускі шляхціц, які, паводле адной з версій, мог нарадзіцца на Магілёўшчыне, выказаў ідэю шматступеньчатай ракеты, тлумачыць Бацюкоў. Такім чынам, Семяновіч стаў адным з першых распрацоўшчыкаў тэорыі ракетабудавання і артылерыі.

«Кніга стала адной з фундаментальных работ па майстэрстве артылерыі, заклала тэарэтычную аснову ракетабудавання.
У прыватнасці, мяркуецца, што ідэі, закладзеныя ў ёй, папярэднічалі славутым „Кацюшам“ і шматступеньчатым ракетам, якія паляцелі ў космас. Наш зямляк за 300 гадоў да касмічнай эры абгрунтаваў тэорыю шматступеньчатай ракеты», — кажа дырэктар музея.
Упершыню Казімір Семяновіч апублікаваў гэтую працу ў 1650 годзе ў Амстэрдаме. Кніга была напісана на лаціне. На наступны год, зноў жа ў Амстэрдаме, аўтар перавыдае яе, але ўжо перакладзеную на французскую мову. Гэта выданне і мае намер выкупіць у мінскага ўладальніка фаліянта за 15 тысяч еўра магілёўскі музей.
Цяперашні ўладальнік рарытэту гатовы пачакаць, пакуль не будзе сабрана неабходная сума, да канца лета.

У сваю чаргу пра аўтара старажытнай кнігі вядома мала. «Казімір Семяновіч — загадкавая, таямнічая асоба. Дакладна вядома, дзе ён нарадзіўся, дзе жыў, — кажа Аляксей Бацюкоў. — Ён быў, хутчэй за ўсё, католік славянскага паходжання. У самой кнізе Семяновіч называе сябе ліцвінам, з чаго робіцца выснова, што ён родам з Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?