2006 год быў надзвычай няўдалы для дыктатараў. Слабадан Мілошавіч, Фідэль Кастра (які фактычна, нягледзячы на заявы дактароў, ужо адной нагой на тым свеце), Аўгуста Піначэт, Сапармурат Ніязаў і, наапошку, Садам Хусэйн... Яны адышлі ў розных абставінах: хто ў палацавым ложку, хто ў астрогу, хто на шыбеніцы. Зыход адных стаўся сапраўдным шокам, для іншых палітычная смерць наступіла ўжо даўно. Але развітанне з сатрапамі рознага гатунку – чырвонага, зялёнага і нават шэра‑бура‑малінавага, стала яшчэ адной нагодай узгадаць, што дыктатары не вечныя і ніякія намаганні, ніякія рэпрэсіі, ніякія спробы абвясціць сябе богам, прарокам ці яшчэ кімсьці не здолеюць падмануць няўмольную логіку часу і гісторыі.

Нельга сказаць, аднак, што мінулы год быў гэтаксама няўдалы для дыктатураў. Знікненне з палітычнай арэны такіх мастадонтаў, як Ніязаў і Фідэль, не спрычынілася ані да пераменаў, ані да крызісаў. Астатнія з адышоўшых – былыя і ўжо даўно скінутыя, іхні лёс – гэта адгалосак даўно мінулых падзеяў, хваляў палітычных трансфармацыяў, што ўжо адкацілі. Іхнія калегі ва ўсім свеце не тое каб «не заўважылі страты байцоў», але відавочна не пахіснуліся, а многія, наадварот, умацаваліся і нават бравіравалі сваёй трываласцю і недатыкальнасцю. Некаторыя яшчэ раз прадэманстравалі здольнасць заручыцца падтрымкай народа шляхам выбараў і рэферэндумаў. Іншыя актыўна займаліся калектыўнай узаемадапамогай, вандруючы па свеце з валізкамі нафтадаляраў і прапануючы інвестыцыі і кантракты роднасным душам і братам па зброі ў барацьбе з экспансіяй новага сусветнага парадку. Яны таксама актывізаваліся ў рамках міждзяржаўных хаўрусаў, якія ставяць болей канкрэтныя мэты, у тым ліку – мінімізацыю замежнага ўплыву і ўціску з мэтай будавання дэмакратыі: дастаткова нагадаць абрад цырыманіяльнага братання ў Гаване на саміце руху недалучэння. Самыя адчайныя, спадзеючыся, што ад іх адчэпяцца з дэмакратыяй і правамі чалавека па век вякоў, імкнуліся займець ядравую зброю альбо нават паспелі‑такі яе займець. Паводзіны Кім Чэн Іра ў Паўночнай Карэі і Махмуда Ахмадынеджада ў Іране сведчаць пра тое, як далёка можа завесці інстынкт самазахавання тых, хто гатовы паставіць на карту літаральна ўсё дзеля палітычнага выжывання. Акрамя таго, 2006 год прадэманстраваў, што праграма «пашырэння дэмакратыі ў свеце», пра якую так голасна заявіў быў летась прэзідэнт ЗША Джордж Буш падчас сваёй інаўгурацыі, аказалася не больш чым наборам дэкларацый. Спатыкнуўшыся ў Іраку і перажыўшы цэлую серыю ўнутрыпалітычных скандалаў, адміністрацыя Буша паклікала на дапамогу зуброў адміністрацыі Ніксана і Буша‑старэйшага, якія не хаваюць непрыязнасці да замежнапалітычнага ідэалізму.

На 2006 год у свеце захавалася 47 краінаў, якія, паводле «Freedom House», дагэтуль застаюцца «несвабоднымі». Такіх краінаў за апошнія пяць гадоў паменела толькі на адну. У той самы час колькасць «цалкам свабодных» краінаў за тыя самыя пяць гадоў вырасла зноў жа такі на мізэр – з 86 да 88. Трэба заўважыць, што за папярэднія пяць гадоў (1995–2000) колькасць вольных краінаў пабольшала з 75 да 86, а кансалідаваных дыктатураў паменшала з 53 да 47. Такім чынам, на пачатку ХХІ ст. відавочна назіраецца глабальнае запаволенне дэмакратычных тэндэнцыяў, што паслядоўна распаўсюджваліся па ўсім свеце пачынаючы з 1970‑х гг.

Прычыны трываласці ў кожнай з існых дыктатураў розныя – як казаў класік, шчаслівыя сем’і шчаслівыя аднолькава, а нешчаслівыя няшчасныя кожная па‑свойму. Сучасныя дыктатуры (а не кволыя канкурэнтныя аўтакратыі) фармуюцца ў адмысловым працэсе натуральнай селекцыі, у якой выжывае найспрытнейшы, найбольш кемлівы і найменш абмежаваны комплексамі ці правіламі прыстойнасці. У параўнанні з мінулым яны не абавязкова робяцца больш жорсткія, але відавочна больш прымітыўныя. Папярэднія хвалі дэмакратызацыі збольшага «павымывалі» рэжымы, якія грунтаваліся на манаполіі на ўладу палітычнай партыі (і як наступства – рабіліся хісткімі ў выніку ідэалагічнага крызісу) альбо на ўладзе ваенных хунтаў (сярэдняя працягласць жыцця якіх была найкарацейшай у параўнанні з іншымі тыпамі дыктатураў). Большасць сучасных дыктатураў – гэта персаналізаваныя рэжымы, заснаваныя на неабмежаванай уладзе першай асобы і поўным падпарадкаванні ягонай волі ўсіх механізмаў дзяржавы. Такія рэжымы не толькі пакідаюць «выпаленую зямлю» на месцы, дзе мусіла развівацца грамадзянская супольнасць, палітычныя партыі ці незалежная прэса, але таксама канструююць сябе ўнутры такім чынам, каб як мага змінімізаваць магчымасць нейкіх унутраных узрушэнняў, звязаных з гульнёй элітаў, міжфракцыйнай канкурэнцыяй, франдзёрствам і г. д. Яны імкнуцца імунізаваць сябе як ад вонкавага ўціску, так і ад унутранага. Гэта дасягаецца шляхам максімальнага разбурэння інстытутаў, якія вызначалі б правілы гульні і неяк стрымлівалі б рэпрэсіўныя дзеянні, а таксама гадаваннем і пеставаннем атачэння stakeholders – памочнікаў і калабарантаў, у першую чаргу з асяродку сілаў бяспекі і спецыяльных паліцэйскіх фармаванняў, для якіх не існавала б будучыні па‑за рамкамі існых рэжымаў. Тэндэнцыя да персаналізацыі ўлады заўважная нават у рэжымах, якія першапачаткова будаваліся на прынцыпах партыйнай ці ваеннай дыктатуры.

Яшчэ адно‑два дзесяцігоддзі таму былі модныя канцэпцыі «развівальнага» (developmental) аўтарытарызму, размовы пра тое, што пэўная форма дыктатуры неабходная для паспяховага эканамічнага і сацыяльнага развіцця, што дэмакратыя прыносіць больш бядотаў, чым карысці, пэўным культурам і грамадствам. Гэтыя размовы не спыніліся дагэтуль, але яны падтрымліваюцца амаль выключна прыкладамі няўдачаў і крызісаў у маладых дэмакратыях, а не поспехамі і прагрэсам у дыктатурах. Новыя Лі Куан Ю, Дэн Сяа Піны і Піначэты не з’яўляліся ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Замест гэтага відавочная тэндэнцыя да прымітывізацыі сучасных аўтакратый і сатрапій, да пераходу да больш рэпрэсіўных метадаў самазахавання, якія распаўсюджваюцца і на грамадства, і на эканоміку. Нельга сказаць, што ўсе сучасныя аўтарытарныя рэжымы – гэта арэалы жабрацтва і катастрофаў, але за некалькімі выняткамі адносны дабрабыт і развіццё ў іх, непасрэдна ці ўскосна, забяспечваецца ў першую чаргу высокімі цэнамі на сыравіну, што толькі падкрэслівае тэндэнцыю да прымітывізацыі гэтых рэжымаў, таксама як і іхніх прыхільнікаў і паслядоўнікаў (для якіх сяброўства з аўтакратам, што сядзіць на нафтавай ці газавай свідравіне, робіцца зарукай уласнай бяспекі).

Сярод палітолагаў, аднак, доўгі час дамінавала ўпэўненасць, што менавіта канструкцыя персаналізаванага дыктатарскага рэжыму (неабмежаваная ўлада першай асобы, выкараненне асяродкаў уплыву і аўтаноміі, пазбаўленне падставаў для ўзнікнення магутных кланаў, вынішчэнне інстытуцыянальных каналаў, якія рэгулявалі б правілы гульні па‑за воляй і простым наглядам уладара) урэшце праграмуе ўзрушэнні, асабліва калі аслабне здольнасць першай асобы асабіста трымаць стырно ўлады ў сваіх руках. Кропка навышэйшай рызыкі для такіх дыктатураў наступае ў момант смерці альбо раптоўнай хваробы дыктатара. Адсутнасць правілаў гульні мусіць прывесці да барацьбы без правілаў у пераходны перыяд. Як вынік, пры такім сцэнары чакаецца палітычная нестабільнасць, адкрытая барацьба за ўладу, хаос і гвалтоўнае развіццё падзеяў. Хуткага надыходу дэмакратыі пры гэтым, вядома, не чакаецца, але са смерцю дыктатараў, паводле тэорыяў, паўстае магчымасць для паслаблення персаналізаванага аспекту дыктатураў, іх трансфармацыі ў больш мяккія варыянты, што ў перспектыве стварыла б перадумовы для пэўнай лібералізацыі. Аднак за 2006 год стала відавочна: дыктатуры навучыліся не толькі адсякаць магчымасці каляровых і іншых рэвалюцыяў, а гэтаксама прадбачыць і прэвентыўна ліквідаваць завады ва ўласных канструкцыях, якія маглі б прывесці да збою сістэмаў у самы непрыдатны момант.

Што, здавалася б, магло быць супольнага паміж рэжымамі Фідэля Кастра і Сапармурата Ніязава? На першы погляд – мала чаго, акрамя аднолькавага (найніжэйшага) рэйтынгу таго самага «Freedom House». Пералік гістарычных, геапалітычных, культурных і шмат якіх яшчэ адметнасцяў дзвюх краінаў, рэжымаў ды лідэраў быў бы занадта даўгі і наўрад ці патрэбны. Абставіны і дынаміка працэсу пераходу ўлады ў 2006 г. ад аднаго лідэра да іншага адрозніваліся гэтаксама ж. Такія адрозненні робяць яшчэ больш цікавым і паказальным падабенства канчатковага выніку пераходу: незалежна ад абставінаў, змена варты адбылася хутка і эфектыўна, а новыя старыя ўладары не пакінулі ні найменшага сумневу ў сваіх здольнасцях утрымаць сітуацыю пад кантролем.

Тое, што менавіта так усё адбылося на Кубе, здзіўляць не павінна (акрамя, можа, эмігранцкіх колаў у Маямі і некаторых чыноўнікаў у Дзярждэпе ЗША, якія лічылі, што пасля зыходу Кастра з палітычнай арэны камунізм на Кубе доўга не пратрывае, і ўжо намалявалі планы і стратэгіі рэканструкцыі і трансфармацыі Кубы). Фідэль пабіў амаль усе магчымыя рэкорды знаходжання ва ўладзе, нягледзячы на шматлікія спробы яго зрынуць, шэраг эканамічных блакадаў, крызісаў і сапраўдных калапсаў. Кастра разумеў не горш за назіральнікаў і ўласных нядобразычліўцаў верагоднасць таго, што пасля ягонай смерці камунізм на Кубе можа доўга не пратрымацца. Такім чынам, да перадачы ўлады Кастра рыхтаваўся доўга і грунтоўна. Па‑першае, ён перадухіліў магчымасць узнікнення кубінскіх Гарбачовых праз кволыя спробы эканамічнай лібералізацыі, на якія кубінскі рэжым мусіў пайсці ў сярэдзіне 1990‑х гадоў, і вычысціўшы ўладныя структуры ад пераважнай большасці тых, каго падазравалі ў рэфарматарскіх памкненнях. Па‑другое, Кастра доўга рыхтаваў свайго пераемніка. Тое, што пасля яго да ўлады прыйдзе брат Рауль, сумненняў даўно не выклікала. Пры гэтым Фідэль дазволіў Раулю, які быў міністрам абароны і фактычна кантраляваў сілавыя структуры, сканцэнтраваць як палітычную ды сілавую, так і фінансавую ўладу: пад ягоны кантроль былі перададзеныя найбольш даходныя сферы кубінскай эканомікі, перш за ўсё турызм. Па‑трэцяе, прасоўваючы брата, Фідэль парупіўся аб тым, каб у яго не было моцных канкурэнтаў у сілавых структурах, якія цягам апошніх гадоў прайшлі праз жорсткую чыстку. Нарэшце, беспрэцэдэнтнае рашэнне Фідэля Кастра перадаць уладу малодшаму брату (нібыта на перыяд хваробы) забяспечыла кантраляваны пераход, апярэдзіўшы магчымыя закулісныя інтрыгі. Зразумела, што 76‑гадовы Рауль – фігура пераходная і яму таксама вельмі хутка прыйдзецца даваць рады пытанням, з якімі сутыкнуўся летась Фідэль. Аднак апераджальны манеўр старэйшага брата даў яму магчымасць скансалідаваць уладу пад новым кіраўніцтвам. Пад размовы пра рэформы і лібералізацыю (у пэўных колах Рауля ўважаюць за латэнтнага рэфарматара) ён хуценька адсунуў ад улады партыйных бюракратаў і замяніў іх на правераных таварышаў з шэрагаў кіраўнікоў спецслужбаў і войска.

Туркменістан, вядома, – не Куба, і нават пры самым неверагодным форс‑мажорным сцэнары развіцця падзеяў (які воляй найвышэйшых сілаў рэалізаваўся ў канцы 2006 г.) дэмакратызацыі там ніхто не чакаў, улучна з апазіцыяй (якая, вядома ж, існавала толькі на эміграцыі) і замежных назіральнікаў. Аднак раптоўная смерць Ніязава, здавалася б, стварыла ўсе перадумовы для doomsday scenario. Нягледзячы на ўсе праблемы са здароўем, пра якія мы ўрэшце даведаліся, Туркменбашы, магчыма, лічыў сябе «трошкі вышэйшым» за бога і таму займаўся ўласнымі залатымі статуямі і лядовымі палацамі ў пустэльнях, а не пераемнікамі. Поўнае разбурэнне ўсіх магчымых, нават тэарэтычных інстытуцыянальных каналаў перадачы ўлады, слабасць рэгіянальных кланаў, перманентная ратацыя ўладных элітаў (напрыклад, у пяці вобласцях краіны за 10 гадоў змяніліся 52 губернатары), нарэшце, надзвычай высокія стаўкі ў гульні за кантроль над багатай прыроднымі рэсурсамі краінай – усё гэта спарадзіла размовы пра непазбежны перыяд нестабільнасці, анархіі і гвалту ў працэсе барацьбы за спадчыну Туркменбашы.

Усе размовы, аднак, скончыліся амаль у той самы дзень, калі стала вядома пра смерць Ніязава. Тое, што на Кубе планавалася гадамі, у Туркменістане адбылося спантанна і за некалькі гадзінаў. Пры гэтым высветлілася, што адсутнасць правілаў гульні максімальна спрашчае варункі барацьбы за спадчыну нябожчыка тырана. У гэтай барацьбе шанцаў на перамогу больш у таго, хто бліжэй за ўсіх стаяў ля цела правадыра, ягоных грошай і рэпрэсіўнага апарату. Як заўжды ў такіх сістэмах, гэтыя тры рэчы ў Туркменістане шчыльна ўзаемазвязаныя. Прызначэнне пераемнікам міністра аховы здароўя давяло тэрмін «бліжэй да цела» да вяршыняў абсурду. Тандэм галоўнага доктара краіны Гурбангулы Бердымухамедава і галоўнага сілавіка (загадчыка ўласнай аховы) Акмурада Рэджэпава выглядае камічна, але цалкам лагічна з гледзішча таго, якім чынам у свой час панаваў Туркменбашы. Пасля таго як «накрылі» Ніязаўскага скарбніка, які трымаў кантроль за ягонымі банкаўскімі рахункамі, барацьба за ўладу закончылася. Замест працяглага міжкланавага сутыкнення ў Туркменістане адбыўся маленькі палацавы бліцкрыг.

Як гэта ні парадаксальна, але нават не падрыхтаваўшы пераемніка, Ніязаў у чымсьці сам запраграмаваў развіццё падзеяў менавіта паводле сцэнару бліцкрыга. Пры адсутнасці асяродкаў, здольных распачаць хоць бы міжфракцыйную барацьбу, уладнай эліце (якая за памерлым уладаром мала чым адрознівалася сваім статусам ад гарэма) даводзіцца адразу ж пагаджацца на фізічную і фінансавую залежнасць ад новага ўладара. Пры такім раскладзе трансфармацыйны максімум Туркменістана на бліжэйшую перспектыву – гэта пераход да карымаўскага рэжыму ў Узбекістане: з такім самым Туркменбашы, толькі без панскіх прыхамацяў папярэдніка кшталту перайменавання месяцаў ды барацьбы з залатымі зубамі.

Нарэшце, падабенстваў паміж Кубай і Туркменістанам аказалася больш, чым можна было чакаць. Інстынкт самазахавання дыктатураў і сатрапій аднолькава спрацоўвае ў розных культурных і палітычных варунках. Пры ўмове кансалідацыі сілавых структураў і канцэнтрацыі кантролю як за карнымі, так і за фінансавымі рэсурсамі ў адных руках, папярэдняга вынішчэння патэнцыйных асяродкаў апазіцыі, падаўлення ці выціскання нязгодных за межы краіны сістэма не дае збояў нават пры раптоўным, нечаканым развіцці падзеяў. Няма сумневу, што і гэтыя дыктатуры калі‑небудзь зруйнуюцца. Але іхні лёс і працягласць існавання зусім не абавязкова звязаныя з лёсам і працягласцю жыцця тых, хто над імі пануе. Так што, тым, хто жадае сваім народам свабоды, падставаў разлічваць на форс‑мажор застаецца ўсё меней: можа, не ў кожнага Фідэля ёсць свой Рауль, а тое, што ў кожнага Ніязава ёсць свой Рэджэпаў – гэта дакладна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?