Вызваленне

Там ёсць такі эпізод: падлетак, амаль хлопчык, асцярожна, як гэта робяць археолагі, вызваляе са спрэсаванай зямлі косці і костачкі загінулага жаўнера. Жаўнер нібыта ўціснуты ў сцяну колішняга акопа, хутчэй за ўсё, выбухам, мы бачым ягоны шкілет амаль цалкам, у позе, падобнай на позы жыхароў Пампеі, на якіх абрынуўся ўсім сваім смяротным цяжарам выбух Зямлі. З той, аднак, розніцай, што апошні дзень Пампеі пакінуў нашчадкам замест костачак пустку... Падлетак бярэ ў рукі чэрап, кладзе яго ў драўляную, з габляваных дошак, труну, прыстасоўвае да іншых костачак, каб жаўнер пачуваў сябе ў труне чалавекам. І міжволі гладзіць яго, хочацца сказаць, па галоўцы. Счышчае рэшткі зямлі, нібыта намагаецца супакоіць, суцішыць не пазбыты ад вайны боль...

Аслюк зняў фільм пра тое, як падлеткі добраахвотна дапамагаюць адшукваць непахаваных ад часоў Другой сусветнай вайны жаўнераў. Мы не ведаем, хто яны — тыя падлеткі, іх дарослыя кіраўнікі… Не ведаем, хто жаўнеры, аб прыналежнасці каторых да таго ці іншага войска сведчаць толькі рэшткі амуніцыі ды саржавелая зброя. Увогуле, у фільме, у якім амаль ніводнага слова, знешне нічога не адбываецца, акрамя вызвалення костачак ад цяжару зямлі.

Ці вызвалення Зямлі ад цяжару непахаваных костак...

Немата

...1961, Кіеў, Дарніца, спякотны жнівень, насычаны дзяруча¬жалезістым пахам пылу і ліцейкі з вагонабудаўнічага завода. Я ратуюся ад спякоты ў прахалоднай зале кінатэатра, дзе гляджу «Голы востраў» — нязвыклы для савецкага гледача японскі фільм, аб якім пасля Маскоўскага кінафэсту, дзе ён узяў Вялікі прыз, многа гаворкі. Хвіліна за хвілінай на экране дзеецца адно і тое ж — бацька, маці і два іхнія сыны, адзіныя жыхары маленькай выспы на моры, маўкліва, быццам нямыя, цягаюць угару, дзе сярод камянёў месціцца гарод, прэсную ваду… Аднойчы жанчына незнарок пралівае вядро вады, муж дае ёй аплявуху... Недзе праз паўгадзіны пачынаюць глухавата ляскаць сядзенні крэслаў, і я застаюся ў агромністай зале ці не адзін, дачакаўшыся моманту, калі раптоўна захворвае і памірае малодшы сын, і маці ў роспачы выплюхвае ваду на камяні… А потым зноў цягне ўгару поўныя вёдры...

Знаходка

...За месяц да Кіева я ў Полацку разам з сакурснікамі поркаюся ў глеі ХI стагоддзя, уперамешку з гноем ды абгарэлым насеннем. Па адзін бок Сафія, па другі — анкалагічны дыспансер за драўляным плотам. Вось­вось плот абрынецца ў яму — дзе пасеўшы, дзе абапіраючыся на яго, хворыя на рак людзі ў паласатых піжамах і бруднаватых халатах задуменна ўглядаюцца ў мінуўшчыну… Я цягну да Мітрафанава з гэтай мінуўшчыны нейкую рэч, падобна, качолку ці вясло. Аляксей Мітрафанаў, знакаміты археолаг, сядзіць, бы Саваоф, на ўзвышшы пад парасонам сярод лопуху ды дзядоўніку. Стрымліваючы дыханне, я з ганарлівасцю падношу да яго знаходку. Ён верціць яе ў руках і, ні слоўца не гаворачы, шпурляе ў лопух. Абражаны, бо ў будучыні бачу сябе археолагам, спускаюся ў раскоп і раптам сутыкаюся поглядамі са схуднелым, адны вочы на твары, чалавекам. Я ўглядаюся ў ягоныя вочы і не бачу ў іх анічога, акрамя балючай пустэчы... Раскоп чамусьці ўяўляецца Дантавым пеклам. І я не вытрымліваю, выбіраюся на паверхню, мяняюся з хлопцам, які круціць жалезнае кола падобнага на кало¬дзежны журавель крана з падвешаным на тросе каўшом, і ўвесь астатні час цягаю і цягаю на паверхню зямлю…

* * *

...Я ведаю, чым «Зямля» Аслюка злучыла згаданыя ўспаміны — разуменнем таго, што чалавечае існаванне, па сутнасці, трымаецца толькі працай, здабыткі якой руйнуюцца непазбежнымі стратамі; разуменнем таго, што чалавек не хоча, але вымушаны падпарадкоўвацца гэтаму змрочнаму калаўроту; разуменнем таго, што чалавечае жыццё толькі тады будзе бясконцым, калі людзей злучыць адчуванне болю ад заўчаснасці смерці. Ці то ад выбуху Зямлі... Ці то ад выбуху бомбы... Ці то ад выбуху невылечнай хваробы...

Адчуванне таго, што мёртвым таксама баліць.

...Я памыліўся, убачыўшы ва ўціснутых у зямлю рэштках невядомага жаўнера падабенства рэшткам ахвяр Пампеі. Скурчыўшыся ад болю, ён у чаканні чалавечага пахавання прыняў позу яшчэ ненароджанага дзіцяці.

Не, нездарма ўсё ж Зямлю клічуць матухнай, мамай...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?