Выбару ў беларускага слухача зусім няшмат — паездка ў няблізкі свет на хутар да дзядзі Вовы, танцы на палянцы ў атачэньні міліцыянтаў або адпачынак у стылі сада-маза ў Віцебску. Падзелім самыя яскравыя беларускія летнія фэстывалі паводле спецыфікі і бюджэту на тры катэгорыі.

Фестываль сваімі сіламі

Даволі пашыраная форма правядзення. Ладзіцца з невялікай спонсарскай падтрымкай, а часта наогул без яе. Музыканты выступаюць як правіла без ганарараў ці з мінімальнай аплатай. Камерцыйная мэта ў арганізатараў — звесці мерапрыемства ў нуль. Такія фэсты як правіла доўга не жывуць і згасаюць паступова разам з энтузіязмам іх завадатараў.

Бюджэт: да 30 000 у.е.

Аўдыторыя: да 1000 чал.

Пазітыў: разняволеная атмасфера, цікавая і насычаная праграма, у якую можа трапіць кожны, незалежна ад сваіх поглядаў і ступені вядомасці.

Негатыў: няўцямны бюджэт, які не дазваляе разгарнуцца, адсутнасьць замежных хэдлайнераў і слаба развітая інфраструктура.

1. «ПІКНІК.BY» (1 ліпеня 2012, хутар Шаблі)

Праводзіцца ў другі раз сіламі мінскага паб-клуба «Графіці». Сёлета ў Шаблях, што ля Валожына, збіраюцца практычна ўсе яскравыя прадстаўнікі беларускай незалежнай музыкі. У лайн-апе на дзвюх сцэнах заяўленыя кабарэ-бэнд «Срэбнае вяселле», Pomidor/off, Akute, HandmadE, «Разбiтае сэрца пацана» і яшчэ пад два дзясяткі выканаўцаў, а таксама паэты, ды-джэі, мастакі, танцоры. Сярод забаваў для наведнікаў — фрысбі, капаэйра, сокс, бодзі-арт, выставы, кінатэатар пад адкрытым небам, настольныя і спартовыя гульні, ёга. Уваход — ад 90 000 руб.

2. Extreme Power Fest (6 ліпеня 2012, Палыковічы)

Фэст, які праводзіцца пад Магілёвам у другі раз высілкамі канцэртнага агенцтва Energy Music і, як гэта ні дзіўна, «Русского радио». Пазіцыянуецца, як першы мясцовы музычна-забаўляльны фэст. Сёлета на асноўнай сцэне выступяць «Дай Дарогу», «ТТ-34», Naka, IQ48, а за хэдлайнера прапануецца лічыць шанаваны байкерамі расейскі гурт «Монгол Шуудан». Другая сцэна будзе цалкам аддадзена рэпэрам. З іншых забаваў — фаер-шоу, байк-шоу, турніры па стрытболе ды брэйк-дансе, начная дыскатэка. Уваход — ад 100 000 руб.

3. Вольнае паветра (25 жніўня 2012, хутар Шаблі)

Фэст новага этна, які прадстаўляе цікавыя гурты з розных краінаў, што працуюць у стылістыцы world-music. Паўстаў дзякуючы бровару «Сябар» ды яго кіраўніку Сяргею Левіну ў 2006 годзе (тады праводзіўся ў Крупках). Беларускі бізнэсовец, які цяпер кіруе фабрыкай «Сонца», працягвае падтрымліваць фэст дагэтуль. А ладзяць яго апошнія гады прадусары Аляксандар Багданаў і Яўген Калмыкоў. Дзякуючы спонсару, лайн-ап-фэст выглядае даволі разнастайна — сёлета заяўленыя музыканты з Францыі, Нямеччыны, Польшчы, Літвы, а ў якасьці хэдлайнераў будзе ўкраінскі фолк-праект «ДахаБраха», які прадставіць сваю сумесную праграму з беларусамі Port Mone. Сярод іншых цікавостак — другі па ліку чэмпіянат па кіданьні кізякоў (засушаных ляпёхаў з навозу).

Фестываль з падтрымкай дзяржаўных структур

Разгледзім самыя паказальныя прыклады — «Славянскі базар у Віцебску» і «Басовішча». Фестываль у Віцебску мае 20-гадовую гісторыю і пачынаўся з конкурсу польскай (!) песні, а з цягам часу ператварыўся ў галоўны дзяржаўны фэст ды стаў такой альтэрнатыўнай версіяй «Еўрабачання» для постсавецкай прасторы. Найстарэйшы беларускі рок-фестываль «Басовішча» ад 1990 года праводзіцца ў памежным польскім (!) Гарадку з падтрымкай польскага ўраду. У абодвух фестываляў фармат «толькі свае». На «Басах» ніколі не выступіць які дзядзя Ваня, а на «Слаўбазу» ніколі не запросяць, напрыклад, «КальЯн» , бо што адны, што другія маюць адрозны пункт гледзішча на грамадска-палітычную сытуацыю ў краіне.

Славянскі базар (12—18 ліпеня 2012)

Бюджэт: больш за 700 000 у.а.

Фэстываль існуе на грошы саюзнай дзяржавы і датацыі з фонду прэзідэнта Беларусі, а таксама за прыбытак ад продажу квіткоў на канцэрты ў Віцебскім амфітэатры. Афіцыйна агучвалася сума ў 25 000 000 расійскіх рублёў, якая штогод вылучаецца толькі з фонду іаюзнай дзяржавы. Прычым дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Павал Барадзін летась паабяцаў фінансаваньне павялічыць у 2—3 разы.

Аўдыторыя: больш за 100 000 чал.

Пазітыў: фестываль праводзіцца з вялізарным размахам, лічыцца адной з цэнтральных культурных падзеяў на постсавецкай прасторы.

Негатыў: дурное марнаваньне сродкаў на безыдэйны і бязлітасны лайн-ап.

«Славянскі базар» стаў адным з культурных маркераў сучаснай Беларусі, але славіцца, на жаль, перадусім культывацыяй безгустоўшчыны. Самы лепшы час на галоўнай сцэне традыцыйна аддаецца зоркам расейскай эстрады і шансону. Сёлета ў якасці гасцей заяўленыя Ірына Алеграва, Барыс Маісееў, Верка Сярдзючка, Сяргей Пенкін, Аляксандар Новікаў ды іншыя. Другая адметная рыса «Слаўбазы» — поўны ігнор беларускай незалежнай сцэны і татальная адсутнасць павагі да свайго, беларускага. Напрыклад, на заснаванай у межах фэсту «Алеі зорак» першую пліту паклалі ў гонар Валерыя Лявонцьева, а потым толькі ўзгадалі пра Уладзіміра Мулявіна…

Уваход: квіток на адзін канцэрт у межах 150 000 — 280 000 руб., квіткі на канцэрт-адкрыццё сягаюць 750 000 руб.

Басовішча (13—14 ліпеня 2012)

Бюджэт: 30 000 – 50 000 у.а.

Сродкі на правядзенне фестываля вылучае польскі ўрад у межах праграмы падтрымкі нацыянальных меншасцяў. Сёлета Міністэрства адміністрацыі Польшчы выдала на яго арганізацыю суму ў 90 000 злотых (ля 30 000 даляраў), хоць бюджэт разлічваўся на 150 000 злотых. Агулам бюджэт «Басовішча-2012» усё ж перасягнуў лічбу ў 100 000 злотых за кошт падтрымкі Маршальскага ведамства і асобных прадстаўнікоў гарадской рады Беластоку.

Аўдыторыя: да 5000 чал.

Пазітыў: фэст сілкуе і падтрымлівае беларускую незалежную музыку і гуртуе людзей вакол ідэі павагі да сваёй культуры.

Негатыў: слабая арганізацыя праз частую змену кіраўніцтва Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы, складанасці з атрыманнем візаў для беларускіх гледачоў.

З цягам часу «Басовішча» перастала быць ужо мекай для аматараў беларускага року, але па-ранейшаму застаецца адзіным вольным фэстам, дзе могуць выступіць тыя, каго на Радзіме прыціскаюць з прычыны наяўнасці ў іх грамадзянскай пазыцыі. Тут прапісаліся ў свой час N.R.M., Neuro Dubel, ZET, «Крама» ды іншыя фігуранты «чорных спісаў». Праўда, у апошнія гады лайн-ап вырашылі асвяжыць і «ветэранаў» «Басовішча» ня клічуць. Сёлета абяцаюцца «Кальмары», :B:N:, IQ48, Znich і адзін з культавых польскіх гуртоў.

Брэндзіраваныя фестывалі (фэсты тытунёвых і піўных брэндаў, мабільных аператараў)

Бюджэт: больш за 100 000 у.а.

Аўдыторыя: да 25 000 чал.

Пазітыў: магчыма прысутнасьць у лайн-апе зорак сусветнага маштабу дзякуючы немалым спонсарскім укладанням.

Негатыў: выпадковая публіка, вялізарная колькасць міліцыянтаў.

Яскравымі прыкладамі брэндзіраваных фэстаў могуць быць фестываль танцавальнай музыкі Global Gathering Freedom Music (цыгарэты Winston) і фестываль «Рок за Баброў» (піва «Баброў»).

Global Gathering Freedom Music (30 чэрвеня, аэрадром «Баравая» пад Мінскам)

Фэстываль электроннай танцавальнай музыкі, што ідзе 12 гадзін нон-стопам ад вечара да раніцы. Праводзіцца з 2001 года ў Брытаніі, з цягам часу стаў ладзіцца і ў іншых краінах свету (ЗША, Турцыя, Малайзія, Украіна). У Беларусі ладзіцца ў пяты раз. Галоўны хэдлайнер сёлета — Tiesto, шалёна папулярны ў свеце ды-джэй, васкавую фігуру якога нават стварылі для музея Мадам Цюсо. Уваход — ад 150 000 руб.

Рок за Баброў (прайшоў 2 чэрвеня, аэрадром «Баравая»)

Фэстываль у падтрымку піўнога брэнду, што славіцца бясплатным уваходам і кіслым лайн-апам, падабраным па прынцыпе: і жук, і жаба. Можна падумаць, што саюзная дзяржава мае дачыненне і да гэтага мерапрыемства, бо арганізатары, засвойваючы рэкламныя бюджэты, чамусьці зацята і ўпарта вязуць штогод хэдлайнераў з Расіі, хоць можна было б паказаць людзям за тыя ж вылучаныя грошы цікавыя, але не такія вядомыя гурты з блізкага і далёкага замежжа. Цікава, што тая ж кампанія Hainеken, якой належыць брэнд «Баброў», спансуе ў суседняй Польшчы цуд-фестываль Heineken Open’er. Там у спісе выступоўцаў — Bjork, Franz Ferdinand, Gogol Bordello, New Order. А беларусам прывозяць «Градусы», «Город 312» ды «Парк Горького» ў некласічным складзе…

Па выніку, выбару ў беларускага слухача зусім няшмат. Калі перадусім цэніцца атмасфера, то найлепшым варыянтам будзе паездка ў няблізкі свет на хутар да дзядзі Вовы («ПІКНІК.BY», «Вольнае паветра»). Калі хочацца паглядзець на людзей за вяртушкамі, пад музыку якіх пруцца ва ўсіх клюбах свету, дык тады можна абраць танцы на палянцы ў атачэньні міліцыянтаў («Global Gathering»). «Тлустымі» хэдлайнерамі сусветнага маштабу сапраўды могуць пахваліцца толькі электроншчыкі. А як знойдуцца аматары адпачынку ў стылі сада-маза, дык такім простая дарога на «Слаўбазу». Ёсць яшчэ варыянт з'ездзіць на закупы ў беластоцкія гіпермаркеты ды прасякнуцца па шляху вольным духам «Басовішча». А як у каго ёсць жаданне выправіцца ў сур’ёзную вандроўку хоць бы ў блізкае замежжа, дык ва Украіне і Расіі праводзіцца безліч опэн-эйраў з хэдлайнерамі сусветнага ўзроўню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?