Такі артыкул павінен быў зьявіцца, і ён зьявіўся. Ужо ў загалоўку Джонатан Стыл, аўтар брытанскай “The Guardian” , кідае камень у бок Захаду: “Эўропа і ЗША вызначыліся зь пераможцам яшчэ да галасаваньня”. Палітыка ў Беларусі будзе вымушаная падпарадкавацца эканоміцы – а яна ў цудоўным стане, робіць выснову Стыл, грунтуючыся на справаздачы Міжнароднага валютнага фонду, выдадзенай ў чэрвені 2005 г. “Няўжо вы чакаеце, што эўрапейскі лідэр, пад час кіраваньня якога на працягу некалькіх апошніх год няўхільна расьлі рэальныя прыбыткі насельніцтва, у тым ліку на 24% за апошнія 12 месяцаў, ня будзе абраны зноў? А калі ён яшчэ і зьменшыў ПДВ, ўтаймаваў інфляцыю, зьменшыў напалову колькасьць жабракоў і пазьбег сацыяльнай напружанасьці, захаваўшы самую чэсную сыстэму разьмеркаваньня прыбыткаў сярод краінаў рэгіёну? — піша аўтар “The Guardian”. — Дзеля чаго тады гэтае крэшчэнда заяваў заходніх урадаў, якія рэхам адбіваюцца ў заходніх мэдыях, што прыводзіць да аднабаковага асьвятленьня падзеяў у адной з самых маленькіх краінаў Эўропы?”

У 1996 г. Стыл быў назіральнікам ад Эўрапейскага інстытуту мэдыяў за правядзеньнем рэфэрэндуму. Тады ён прызнаў, што выбарчая атмасфэра ў Беларусі ні свабодная, ні справядлівая. “Я ня быў у Беларусі ўжо 10 год, — прызнаецца аўтар, — але мясцовыя жыхары, зь якімі я размаўляю па тэлефоне, а таксама замежнікі, перадаюць, што большасьць людзей задаволеная сваім узроўнем жыцьця”.

Аўтар адзначае: “Лукашэнка, натуральна, зусім не лібэрал”. Аднак, мяркуе Стыл, насуперак сьцьвярджэньням, што рэпрэсіі Лукашэнкі стварылі “інфармацыйную чорную дзірку”, выбар навінаў больш шырокі, чым у 1996 г. “У той час як Расея амаль не ўмешваецца ў хаду перадвыбарчай кампаніі, Эўропа і ЗША ўпампоўваюць у Беларусь грошы”. Мікраскапічных цэнаў на расейскі газ і мільённых крэдытаў аўтар не заўважае. “Калі заходнія мэдыі, нягледзячы на іх хвалёную аб’ектыўнасьць ды шматгадовы дэмакратычны досьвед, вузка і тэндэнцыйна асьвятляюць падзеі ў Беларусі, гэта кажа пра многае”, — робіць выснову Джонатан Стыл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0