Мікалай Статкевіч атрымаў 10 сутак карцара ў Магілёўскай турме № 4. Жонка палітвязня асцерагаецца, што да тэрміну Статкевічу дададуць яшчэ год і непакоіцца за яго жыццё.

Марына Адамовіч распавяла, што Мікалай Статкевіч пераведзены ў штрафны ізалятар Магілёўскай турмы № 4. Тое, што адбылося, жанчына звязвае з нядаўняй правакацыяй супраць Статкевіча. Як адзначалася раней, у камеру да экс-кандыдата падсаджвалі ВІЧ-інфікаванага, які двойчы рэзаў сабе вены.

— На свае папярэднія звароты ў пракуратуру з прычыны правакацыі я не атрымала ніякай рэакцыі. Гэта свежае пакаранне, як я разумею, ёсць працягам правакацыі.
Правакуюць, а потым за гэта саджаюць у карцар. Мне цалкам відавочна, што пацвярджаюцца чуткі, якія атрымлівалі раней, аб тым, што яны спрабуюць падрыхтаваць Мікалая да павелічэння тэрміну пакарання па 411 артыкуле, — паведаміла Марына Адамовіч.

Артыкул 411 Крымінальнага кодэксу «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі «можа дадаць да тэрміну яшчэ год.

— Калі Мікалая перавялі ў Магілёўскую турму, і высветлілася, што ён у СІЗА, мы з адвакатам паехалі да начальніка турмы, і ад яго я пачула, што Мікалай «схільны да суіцыду».
На той момант якраз была вядомая інфармацыя пра Аўтуховіча. Таму я падумала, што ён проста пераблытаў, — успамінае Марына Адамовіч.

Але цяпер жонка палітвязня Мікалая Статкевіча зноў атрымлівае падобную інфармацыю пра спробы суіцыду.

Жанчына сур’ёзна баіцца за жыццё сваё мужа.

— Напэўна, у іх ёсць такая «хатняя загатоўка», каб у крайнім выпадку мець магчымасць апраўдаць свае дзеянні, — адзначае Марына Адамовіч. — Я нават не ведаю, што я буду рабіць, куды я буду звяртацца.

Я ўжо не разумею, у якія інстанцыі можна звярнуцца. Амністыю дачакаліся, што будзем чакаць далей — невядома.

Нагадаем, згодна з выракам суда Ленінскага раёна Менска ад 26 мая 2011 года Мікалай Статкевіч павінен быў адбыць 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Аднак, пасля паловы тэрміну, рэжым яго ўтрымання стаў больш жорсткім — Статкевіча перавялі ў Магілёўскую турму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?