У канцы лета Расія канчаткова ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) — сусветную зону свабоднага гандлю з нізкімі мытамі. Для таго каб пацвердзіць раней падпісаныя пагадненні, усходнім суседзям засталося ратыфікаваць пратакол аб далучэнні да СГА ў парламенце, а таксама дачакацца подпісу прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Грамадскага абмеркавання не было — улады прынялі палітычнае рашэнне насуперак меркаванню сацыялістычнай і камуністычнай парламенцкай апазіцыі.

Лепш для купца

Дагэтуль гучаць супрацьлеглыя прагнозы наконт таго, ці прынясе гэта Расіі выгаду, ці наадварот, ударыць па мясцовых вытворцах. Прэзідэнт Ашчадбанка Расіі Герман Грэф агучыў падлікі Сусветнага банка: згодна з імі, у доўгатэрміновай перспектыве краіна атрымае выгаду $162 мільярды (гэта 11% ад ВУП).

Скептыкі сцвярджаюць, што патэнцыйны прыбытак атрымае не Расія, а сусветныя карпарацыі, перад якімі адкрываецца гіганцкі расійскі рынак.
А многія вытворцы проста не вытрымаюць канкурэнцыі з замежнікамі. Зрэшты, некаторыя сектары эканомікі расійскія ўлады змаглі часова вывесці па-за межы свабоднага рынку. Гэта значыцца, што абмежавальныя мыты будуць змяншацца ў некалькі этапаў, каб змякчыць удар. «Гэта пытанне пра тое, што для краіны больш істотна: дабрабыт 140 мільёнаў спажыўцоў ці 17 мільёнаў вытворцаў і 3 мільёнаў чыноўнікаў? На мой погляд, адказ відавочны, — мяркуе аглядальнік расійскага часопіса «Огонек» Уладзіслаў Іназемцаў. — Расія робіць выбар паміж рынкам прадаўца, які існаваў у СССР, і рынкам купца, ва ўмовах якога даўно жыве большасць развітых краінаў».

Беларускае пытанне

Ва ўступленні Расіі ў СГА ёсць і канкрэтны інтарэс нашай краіны. Пры стварэнні Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусь і Казахстан фактычна «падагналі» сваё заканадаўства пад нормы расійскага рынку. Найбольш адчувальным для нашай краіны было павелічэнне мытаў на патрыманыя аўтамабілі. Цяпер Расія па патрабаванні СГА уводзіць новыя мыты. Як гэта закране Беларусь?

«Мыты пачнуць змяняцца ўслед за расійскімі, — тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы. — Мы нейкі час будзем жыць па правілах СГА, не знаходзячыся ў ёй. Праўда, пры гэтым у Беларусі не бу¬

дзе магчымасці выкарыстоўваць механізмы СГА ў выпадку магчымых спрэчных пытанняў».

Наколькі новая сітуацыя зменіць гандлёвы баланс Беларусі? «Экспарт у краіны Еўрасаюза практычна не зменіцца, — прагназуе ён. — Галоўная праблема — магчымае змяншэнне экспарту ў Расію і магчымы рост імпарту праз Расію на тэрыторыю Мытнага саюза, а значыцца, і ў Беларусь».

«Ёсць і дадатковыя пытанні. Напрыклад, калі імпарт праз Расію вырасце, Масква можа запатрабаваць перагляду доляў мытаў», — дадае эксперт. На дадзены момант расійскі бюджэт атрымлівае каля 88% ад агульнага аб’ёму імпартных мытаў. Доля Беларусі і Казахстана складае 4,7% і 7,3% адпаведна.

Эфект для спажыўцоў

Спажыўцы могуць адчуць на сваіх кашальках станоўчы эфект ад прыходу СГА. «Цэны на малочную прадукцыю ў Расіі вельмі высокія праз пратэкцыянізм, — прыводзіць прыклад Сяргей Чалы. — А цяпер, калі рынак адкрыецца і на яго зможа прыйсці Новая Зеландыя, цэны пойдуць уніз». Падобная сітуацыя здарыцца і на беларускім рынку, толькі ў іншых сегментах. Віны, мяса, сыры — на ўсе гэтыя прадукты, на думку Чалага, у Беларусі завышаныя цэны. Яны могуць зменшыцца пасля далучэння Расіі да свабоднага рынку.

Ні ў, ні па-за

У завіслым стане Беларусь будзе знаходзіцца да таго часу, пакуль сама не ўступіць у СГА. У Міністэрстве замежных спраў на гэты конт абмяжоўваюцца дзяжурнымі адказамі накшталт «перамовы працягваюцца», а матэрыялы па гэтай тэме ледзь не засакрэчаныя. Па словах Сяргея Чалага, працэс перамоваў, які доўга стаяў на месцы, нядаўна быў размарожаны. Гэтаму паспрыяла і Расія. Раней меркавалася, што тройка краінаў Мытнага саюза будзе ўступаць у СГА адным блокам ці паасобку, але адначасова. Аднак Беларусь, у сілу як эканамічных, так і палітычных прычын, з графіка выбілася.

На колькі расцягнецца пераходны перыяд для нашай краіны, невядома. Каб адпавядаць умовам уступлення ў сусветную арганізацыю, давядзецца істотна змяніць заканадаўства, абмежаваць дзяржаўную падтрымку сельскай гаспадаркі і прамысловасці. А гэта можа паставіць пад пагрозу існаванне беларускай «мадэлі».

***

Сусветная гандлёвая арганізацыя (World trade organization, WTO) — міжнародная арганізацыя, створаная з мэтай лібералізацыі міжнароднага гандлю і рэгулявання гандлёва¬палітычных адносінаў дзяржаў. Арганізацыя існуе з 1995, але з’яўляецца правапераемніцай Генеральнага пагаднення па тарыфах і гандлі, якое было прынята ў 1947. На дадзены момант у СГА уступілі 155 краінаў свету. Беларусь — сярод апошніх «не сяброў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?