Некалькі разоў на тыдзень 86-гадовы Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч выходзіць са сваёй хаты, каб павольна прайсці 30 метраў да музея Якуба Коласа, музея свайго бацькі. У гэтым будынку некалі жыў сам знакаміты пісьменнік, а з ім побач і Міхась.

Заходзіць Міхась Канстанцінавіч у музей праз непрыкметны службовы ўваход збоку. Доктар тэхнічных навук, малодшы сын Якуба Коласа працягвае дапамагаць сучаснікам захоўваць памяць пра знакамітага пісьменніка. Праводзіць у музеі мерапрыемствы, а часам і экскурсіі.

Знайшоўся ў Міхася Канстанцінавіча час і для адказаў на пытанні «Салідарнасці». ***

Якуб Колас пісаў праўду і толькі праўду. Сказаць у нас дома няпраўду было недапушчальным. Таму я вельмі балюча стаўлюся да таго, што з тэлебачання і радыё ідзе страшэнная хлусня. Часам хочацца ўзяць палена і стукнуць гэтых аглядальнікаў, калі яны пачынаюць брахаць.

***

Аднойчы, яшчэ ў даваенныя часы, мяне, школьніка, забралі ў міліцыю. Ішоў дахаты праз сквер, і тут мяне кранаюць за плячо: «Стой!». Міліцыянеры западозрылі, што я скраў у трамваі партманэ. Зацягнулі ў дзіцячую камеру на пляцы Волі. Чаго я там толькі не наслухаўся! Якая лаянка была ў міліцыянераў! Тры гадзіны мяне там трымалі. Я, канешне, мог патэлефанаваць дахаты, але ведаў што ў гэты час бацька адпачывае і не хацеў яго турбаваць.

***

У гадоў дванаццаць я пахваліўся бацьку, што прачытаў цікавую кніжку Дзюма. Ён сказаў: сынок, гэта пустая літаратура, там няма нічога для душы.

***

Калі студэнтам я пабачыў у Маскве сваю будучую жонку, дачку Янкі Маўра, то не падумаўшы, ад чыстага сэрца сказаў: «А на картачцы Вы прыгажэйшая!». Наталля пасля дэманстратыўна не заўважала мяне. У яе было шмат ухажораў. Але чым я яе падкупіў? Яна ўбачыла, што з усіх яе ўхажораў толькі адзін я люблю класічную музыку.

***

Я не любіў шумных вяселляў і распісвацца ў ЗАГС ішоў з купленымі ў той дзень у краме каструлямі. Але Наталля крык падняла. Прыйшлося каструлі дома пакінуць.

***

Пасля вайны першы сакратар КПБ Панцеляймон Панамарэнка выдзеліў бацьку і мне па трафейнаму радыёпремніку. Гэта быў прыемны падарунак. Шмат гадоў пазней я даведаўся, што перад вайной Панамарэнка напісаў ліст Сталіну, дзе, можна сказаць, прасіў дазвол на рэпрэсіі ў адносінах да Коласа і Купалы.

***

Беларусі пашанцавала, што ў яе быў такі лідар як Машэраў. Першы раз я яго пабачыў у цягніку ў 1955 ці 1956 годзе, ён быў маладым сакратаром Брэсцкага абкама. Машэраў казаў, што яго настольнай кнігай была «Новая зямля».

Аднойчы ён зайшоў на выставу, дзе былі прадстаўлены нашыя тэхналогіі. Адклікаў мяне ў бок, пагаварылі трошкі. Ён быў чалавечным, яго можна было пераканаць.

***

Я змяніў сваё меркаванне пра Мікалая Іванавіча Дземянцея, не вельмі граматныя прамовы якога бачыў па тэлебачанні, пасля таго, як мы апынуліся ў бальніцы ў адной палаце. З нашых доўгіх размоваў зразумеў, што ён добра ведае сельскую гаспадарку, што ў яго ляжыць душа да яе. Бяда яго, што ён не атрымаў тую адукацыю, якую павінен быў пры сваіх здольнасцях атрымаць. І як чалавек ён мне спадабаўся.

***

Рубінаў быў, здаецца, добрым навукоўцам. А зараз паслухаеш яго — дык ён жа нясе чорт ведае што.

***

Рэферэндум-95 па мове не мелі права праводзіць. Ідзе палітыка «обрусения» са спадзевам, што нехта падкіне з Расіі грошай. Гэта злачынства перад нацыяй.

***

Раней на выбары хадзіў, але болей не пайду. Гэта прафанацыя, а не выбары. Я ведаю старшыню і членаў участковай выбарчай камісіі, мы вітаемся, гаворым. Яны кажуць: даем звесткі ў выканкам, а там адказваюць — перарабіце.

***

Нашу гадзіннік з выявай Пагоні. Ходзіць добра пакуль што. Калі б хто з чыноўнікаў заўвагу зрабіў — паслаў бы далей.

***

Журналісты часта задаюць дурацкія пытанні. Бывае прыходзіць дзеўка і пытае: што вы можаце сказаць новага пра Якуба Коласа? Ці: паэма «Міхасёвы прыгоды» вам прысвечана?

***

Калі Генадзь Бураўкін узначальваў Дзяржтэлерадыё — гэта зусім іншае тэлебачанне было. Бо Бураўкін — асоба з шырокім кругаглядам. Вось такіх і трэба ставіць на пасады. Але ж кіраўніцтва з імі зладзіць не можа, бо яны маюць адрозныя ад іх погляды. Гэта, канешне, бяда. Разумных людзей не так многа, і іх не лёгка знайсці.

***

Я лічу, што ў Беларусі ёсць перспектыва развіцця. Моладзь зараз больш свабодная. Але не хапае праўдзівай інфармацыі. Веру, што калі б яе было дастаткова, то ўсё змянілася б.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?