Рэдакцыя «Нашай Нівы» атрымала заяву галоўнага трэнера ФК «Тарпеда» Мінск Анатоля Фаміна, у якой ён выбачаецца за інцыдэнт падчас матчу, што прайшоў у мінулую суботы паміж ФК «Тарпеда» і «Партызанам» (матч чэмпіянату сталіцы).

«23 чэрвеня падчас гульні чэмпіянату г. Мінска па футболе паміж камандамі „Тарпеда“ і „Партызан“ сваёй нястрыманнасцю я нанёс абразу сапраўдным знаўцам футбола: зрэагаваў на правакацыю і ўдарыў гульца каманды „Партызан“. Прашу прабачэння ва ўсіх, хто шчыра любіць футбол як гульню сапраўдных мужчын, як гульню інтэлектуалаў, як відовішча блізкае да тэатру.

Прашу прабачэння ў тых, хто лічыць, што футбол аб’ядноўвае людзей і развівае творчыя здольнасці. Прашу дараваць мне за тое, што дазволіў сабе быць скотам, бо вельмі важна ім не быць.

Галоўны трэнер каманды „Тарпеда“ Мінск Анатоль Фамін».

***

    Нагадаем, што матч 23 чэрвеня на першынство Мінска паміж «Тарпеда» і «Партызанам» быў азмрочаны бойкай. Прычынай паслужыў фол гульца «Тарпеда» супраць футбаліста «Партызана», у выніку якога ў другога было рассечана брыво. Спачатку паміж сабой «счапіліся» толькі гульцы, але калі здавалася, што канфлікт намаганнямі арбітраў спынены, на поле выбег галоўны трэнер «Тарпеда» Анатоль Фамін і ўдарыў футбаліста «Партызана». Пасля гэтага бойка ўспыхнула з новай сілай. Удзел у ёй узялі і запасныя гульцы. Канфлікт удалося згасіць толькі з дапамогай міліцыі. Матч быў дагуляны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?