Андрэй Пачобут з жонкай Аксанай і дачкой Янай.

Андрэй Пачобут з жонкай Аксанай і дачкой Янай.

«Да мяне прыйшлі ў камеру і сказалі збіраць рэчы. Я думаў, што будуць пераводзіць у іншую камеру, але мяне проста вывелі за браму турмы», — паведаміў Андрэй Пачобут.

Андрэя Пачобута арыштавалі 21 чэрвеня. Супраць яго завялі крымінальную справу і меліся вінаваціць паводле крымінальнага артыкула 367, частка 2 — «Паклёп у адносінах да прэзідэнта, які ўтрымліваецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, учынены асобай, якая раней была асуджана за паклёп альбо знявагу».

З актывістам беларускіх палякаў, карэспандэнтам «Gazeta Wyborcza» пагутарыў журналіст «Нашай Нівы»:

«Наша Ніва»: Як усё адбывалася сёння?

Андрэй Пачобут: Недзе пасля абеду ў камеру прыйшоў супрацоўнік, які паведаміў, што мяне пераводзяць у іншую камеру. Прывялі на першы паверх турмы. Думаў, што там і застануся, бо на першым паверсе самы жорсткі кантроль, там знаходзяцца розныя кабінеты адміністрацыі. Тым не менш, дзяжурны з ветлівай усмешкай (здаецца, яму было гэта прыемна) зачытаў мне, што я вызваляюся пад падпіску пра нявыезд. Ніколі не думаў, што з турмы так лёгка выйсці. Калі сядзіш у ёй, то, падаецца, тут столькі замкоў, дзвярэй і кратаў. Мяне выпусцілі праз браму, куды заязджаюць аўтазакі.

«НН»: Спадзяваліся на вызваленне?

АП: Вядома, не.

Мне ў суботу раніцай прад’явілі абвінавачанне па артыкуле 367 частка 2 «Паклёп на прэзідэнта». Максімальны тэрмін паводле яго 5 гадоў турмы. Плюс да ўсяго яшчэ трэба дадаць папярэдняе зняволенне — два гады і дзевяць месяцаў. То бок быў гатовы, што магу атрымаць 7 гадоў і 9 месяцаў. Крыху ашалеў, калі пачуў, што адпускаюць.

«НН»: Жонка казала, што Вы чакалі арышту.

АП: Так. Недзе месяц таму я атрымаў інфармацыю, што па маіх артыкулах прызначаная экспертыза. Запатрабавалі таксама маю характарыстыку. З іншага боку, думаў, што гэта можа быць проста псіхалагічны ціск на мяне. Спроба запалохвання. Калі 21 чэрвеня дадому прыйшоў следчы Нікольскі, то я зразумеў, што мая інфармацыя была праўдзівай. Запытаўся толькі, які артыкул, на што пачуў: «Той самы». Я, дарэчы, у той момант пісаў артыкул пра Алеся Бяляцкага.

«НН»: Хто праводзіў экспертызу матэрыялаў?

АП: Праводзілі яе ў БДУ. Запомніў прозвішча Мохань, а таксама вядомы дзяржаўны ідэолаг Кізіма.

Экспертыза атрымалася больш брутальнай, чым абвінавачванне. Адзначалася, што я не толькі ўзвёў паклёк на Лукашэнку, але і абразіў, і «дыскрэдытаваў дзяржаву». Толькі гэтай экспертызы дастаткова, каб мяне пасадзіць.
Ніякія іншыя доказы не будуць брацца ў разлік.

«НН»: Ціск персанальна на Вас ці на Саюз палякаў заўсёды разглядаецца як сігнал Варшаве.

АП: Цяжка казаць пра гэта. Не маю ніякай інфармацыі пра гэты бок справы.

«НН»: З Варшавы нехта ўжо званіў?

АП: Так, міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі. Хацеў папытацца, як я сябе адчуваю. Я выказаў яму падзяку за падтрымку.

У размове з Сікорскім казаў, што нельга таргавацца людзьмі, нават калі гэты чалавек я. Шантаж не мусіць праходзіць.

«НН»: Арыштам Вас могуць падштурхоўваць да эміграцыі?

АП:

Калі стаіць выбар: турма ці эміграцыя, то я выбіраю турму. Я тут нарадзіўся, вельмі прывязаны да гэтай зямлі.
Без яе буду адчуваць сябе не вельмі добра. Гэта мой асабісты выбар.

«НН»: А як паводзілі сябе міліцыянты, следчыя?

АП: Вельмі карэктна. У рамках закона. Ніякага ціску не было. Падкрэслена культурна, ветліва. Толькі нядаўна даведаўся, што сядзеў у адзіночцы, бо быў адзіным падазраваным у турме. А па законе трэба, каб асобна сядзелі абвінавачаныя, асобна асуджаныя, асобна падазраваныя. Толькі ў чацвер, калі пайшла пагалоска, што я ў адзіночцы, да мяне пасадзілі хлопца з прозвішчам Латушка. Нармальны хлопец.

«НН»: Як умовы ў турме? Не змяніліся?

АП: Не, зусім. Хаця, калі трапляеш туды не першы раз, то не ўсё так страшна. Прынеслі абед, дык нармальная ежа. Чаго першы раз яна мне падалася такой кепскай? (смяецца).

«НН»: Ці думалі, што цяпер будзеце рабіць?

АП: Хачу памыцца нармальна (зноў смяецца), бо ў турме няма гарачай вады.

Так, я абвінавачаны, але на маю дзейнасць гэта ніяк не паўплывае, буду працаваць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?