Гэта была адна з найбольш вядомых беларускіх пар не толькі ў Канадзе, але і наогул на Захадзе.

Вінцэнт Грышкевіч быў на 16 гадоў старэйшы — нарадзіўся ў Будславе ў 1903 г. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, потым скончыў факультэт славянскай філалогіі і гісторыі Карлава ўніверсітэта ў Празе. Выкладаў беларускую мову і гісторыю ў той самай Віленскай беларускай гімназіі, беларускую мову ў Праваслаўнай духоўнай семінарыі і Вышэйшай школе палітычных навук у Вільні. А ў 1939 г. быў арыштаваны НКВД і адпраўлены ў высылку ў Варкуту.

У часе нямецка-савецкай вайны Вінцэнт пайшоў служыць у Армію Андэрса, быў на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, у Італіі. Па сканчэнні вайны выкладаў гісторыю і псіхалогію ў вайсковых польскіх школах у Італіі, а пазней у Вялікабрытаніі, куды былі пераведзеныя ўдзельнікі Арміі.

У Вялікабрытаніі Вінцэнт Жук-Грышкевіч стаў адным з заснавальнікаў і старшынёй першай беларускай арганізацыі ў гэтай краіне. Менавіта пад ягоным старшынствам Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі набыло першую беларускую ўласнасць на Захадзе — свой Дом.
Пры Вінцэнту ў Вялікабрытаніі паўстаў і цэлы шэраг іншых арганізацый, а таксама два перыёдыкі.

Раіса Жукоўская нарадзілася ў Пружанах у 1919 г., вучылася ў польскай школе і польскай гімназіі. У часе Другой сусветнай вайны яна апынулася ў Нямеччыне, дзе пасля жыла ў Беларускім лагеры ў Ватэнштэце і брала ўдзел у беларускім скаўтынгу. Тут жа ў Нямеччыне яна працягнула сваю адукацыю, пачаўшы вучыцца на дантыстку ў Марбургу.

У 1949 г. Раіса Жукоўская пераехала ў Канаду, дзе праз год і пазнаёмілася з Вінцэнтам Грышкевічам, які перабраўся туды з Вялікабрытаніі.

Упершыню спаткаліся яны ў Таронта ў хаце сястры Раісы Валянціны, якую Грышкевіч ведаў яшчэ з Вільні. Першае ўражанне трыццацігадовай Раісы ад будучага мужа было моцнае:

«Прафесар Грышкевіч выдаўся мне асаблівым, зусім іншых ад тых беларусаў, якіх я ў Таронта нядаўна пазнала. … У прафесара Грышкевіча, чалавека сярэдняга веку й сярэдняга росту, худога складу, чупрыну якога «спавіваў ужо срэбны дым», перш за ўсё кідалася ў вочы сумнае, задуменнае выражэнне твару, адбітак цяжкіх перажыванняў і яшчэ нешта, што прымушала перад гэтым Незнаёмым духова «у пашане прыгнуць калені».

Вінцэнт мусіў у Канадзе зноў вучыцца. У 1952 г.

ён абараніў дысертацыю на тэму «Лірыка Янкі Купалы» і стаў першым беларусам, які атрымаў ступеню доктара філасофіі ў Атаўскім універсітэце.
Др. Жук-Грышкевіч стаў заснавальнікам і першых курсаў беларусаведы ў вышэйшых навучальных установах Паўночнай Амерыкі. Цягам двух гадоў (1951—1953) ён чытаў лекцыі з гісторыі і культуры Беларусі ў Таронтаўскім універсітэце. Сярод іншых, гэтыя лекцыі наведвала і Раіса, якая ў той час працягвала вучыцца на дантыста. «Я наведвала лектарат беларусаведы ад першае яго лекцыі да апошняе. Выклады адбываліся ўвечары. Пасля заняткаў з сваім Прафесарам заходзілі мы ў студэнцкую кафейку, што знаходзілася непадалёк універсітэту. У гутарках пры кубку кавы праводзілі мы прыемныя часіны адпачынку…» Гэтыя спатканні перараслі ў нешта большае, у сямейнае жыццё.

Праўда, пачатак супольнага жыцця Жук-Грышкевічаў быў звязаны з расстаннем.

Вінцэнт атрымаў у 1953 г. прапанову ўзначаліць толькі што створаную Беларускую секцыю радыё «Вызваленне» і мусіў у наступным годзе пераехаць у Мюнхен.
Раіса ж павінна была скончыць сваё навучанне, атрымаць дыплом ды канадыйскае грамадзянства.

За час расстання яны напісалі адно аднаму дзясяткі лістоў. «Раіска, жоначка мая дарагая, -- звяртаўся Вінцэнт у сваіх пасланнях. — Памятай, што я думкамі заўсёды з Табою, памятай, што Ты ў мяне адна». Расстанне, праўда, не было занадта доўгім. Меней як праз год, перад Калядамі 1954 г., Раіса Жук-Грышкевіч, ужо дыпламаваная дантыстка, далучылася да мужа ў Мюнхене. У Еўропе сужэнцы пражылі два гады. Пад кіраўніцтвам Вінцэнта Жук-Грышкевіча

Беларуская секцыя радыё «Вызваленне» стала на ногі, але заставацца на пасадзе кіраўніка на трэці год ён адмовіўся дзеля жонкі. Раіса баялася далей заставацца без дантыстычнай практыкі і ў 1956 г. яны вярнуліся ў Канаду,
дзе пасяліліся ў мястэчку Бэры, недалёка ад Таронта.

Яны абое адбыліся ў прафесійным плане. Аднак Вінцэнт рэалізаваўся яшчэ да Канады, таму пачынаць зноў тут педагагічную дзейнасць яму было занадта складана. Ён паклаў свае намаганні на беларускую грамадскую працу.

Разам з Раісай яны сталі ў 1966 г. заснавальнікамі Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады — арганізацыі, што мелася аб’яднаць розныя суполкі.
Жук-Грышкевічы былі ўдзельнікамі шматлікіх беларускіх ініцыятыў у Канадзе: і заснавання Фонду беларускіх падручнікаў, дзякуючы якому пабачыў свет першы падручнік беларускай мовы для замежнікаў, апрацаваны Валянцінай Пашкевіч (сястрой Раісы), і арганізацыі беларускіх выставаў ці навуковых канферэнцыяў, і сустрэчаў беларусаў Паўночнай Амерыкі. Абое яны шмат пісалі дакладаў, зацемак, нарысаў для беларускай прэсы на Захадзе.
Яны змагаліся за тое, каб беларусаў улічвалі ў канадыйскіх перапісах насельніцтва як асобную нацыю. Дзякуючы іх намаганням ад 25 сакавіка 1970 г. каля гарадской ратушы Таронта сталі штогод уздымаць беларускі нацыянальны сцяг…

Ад 1970 г. Вінцэнт Жук-Грышкевіч стаў спадчыннікам Міколы Абрамчыка на пасадзе старшыні Рады БНР і выконваў абавязкі палітычнага прадстаўніцтва беларусаў у вольным свеце да канца свайго жыцця.

Раіса ж была адной з заснавальніц Згуртавання беларускіх жанчын у Канадзе, выдавала Камунікат Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады, актыўна ўдзельнічала ў працы мясцовага Згуртавання беларусаў. У 1973 г. як прадстаўніца ад беларускай этнічнай групы Раіса была ўведзена канадскім урадам у Кансультацыйную Раду па пытаньнях шматкультуралізму.

Напэўна,

найбольш вядомай супольнай ініцыятывай Жук-Грышкевічаў стала пабудова ў Святыні пакутнікаў у Мідлэндзе (Антарыё) Беларускага крыжа — помніка 1000-годдзя хрысціянства ў Беларусі. Беларускі Крыж быў высвечаны 5 верасня 1988 г. і стаў месцам рэгулярных паломніцтваў суайчыннікаў з ЗША і Канады. Гэты помнік быў, відаць, апошняй справай жыцця Вінцэнта Жук-Грышкевіча,
які памёр праз паўгода пасля яго адкрыцця (у лютым 1989 г.). Закаханая ж жонка Раіса намагалася годна ўшанаваць памяць мужа. З яе ініцыятывы праз колькі гадоў пасля ўстаноўкі Крыжа побач быў пастаўлены мемарыяльны камень у памяць ахвяраў камуністычнага рэжыму ў Беларусі. А ў 1993 г. Раіса выдала ў Таронта кнігу «Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча», амаль 800 старонак якой утрымліваюць успаміны, лісты, дзённікі, нарысы, артыкулы, прысвечаныя гэтаму выбітнаму дзеячу беларускага замежжа.

Раіса Жук-Грышкевіч заставалася актыўнай удзельніцай беларускага жыцця ў Канадзе да канца. Выдатна разумеючы важнасць дакументаў, яна зрабіла надзвычайны падарунак будучым даследчыкам —

цягам усяго жыцця яна збірала архівы беларускіх арганізацый, удзельніцай якіх была, і перадала іх незадоўга да смерці (памерла ў 2009 г.) у Нацыянальны архіў Канады, дзе фонд Жук-Грышкевічаў цяпер — найбольшы з беларускіх фондаў.

Унёсак гэтае сужэнскае пары разам, і кожнага з іх паасобку, у папулярызацыю беларусаў і Беларусі на Захадзе складана пераацаніць.

Нягледзячы на неспрыяльныя абставіны, якія часта вымушалі суайчыннікаў на чужыне зламацца, забыцца на сваё, Вінцэнт і Раіса Жук-Грышкевічы заставаліся беларусамі і рабілі ўсё, каб імя Беларусі гучала ў свеце.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?