Сёньня на 96-м годзе жыцьця ў Ізраілі памёр былы прэм'ер-міністар гэтай краіны Іцхак Шамір. Ён нарадзіўся у 1915 годзе ў Ружанах, у цяперашняй Берасьцейскай вобласьці.

Вучыўся ў гімназіі ў Беластоку. У 1934 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту, але ў 1935 годзе эміграваў у Палестыну, якая кіравалася Вялікабрытаніяй. Яго бацькі засталіся ў Польшчы і былі забітыя падчас нацысцкай акупацыі.

Іцхак Шамір у 1937 годзе далучыўся да баявой арганізацыі «Лэхі», якая змагалася за стварэньне габрэйскай дзяржавы ўзброенымі мэтадамі. Пасьля стварэння ў 1948 годзе дзяржавы Ізраіль Шамір некаторы час займаўся прыватным бізнэсам. У 1955 годзе быў запрошаны ў выведку "Масад", дзе працаваў на працягу 10 гадоў.


Кар'еру палітыка Шамір пачаў у 1969 годзе, уступіўшы ў папярэдніцу правай партыі "Лікуд". У 1973 годзе ён стаў дэпутатам парлямэнту ад "Лікуду", а ў 1977 годзе заняў пасаду сьпікера Кнэсэту. ў 1983 годзе Шамір стаў лідэрам партыі "Лікуд", у тым самым годзе ён упершыню заняў пасаду прэм'ер-міністра. Усяго Шамір двойчы ўзначальваў кабінэт міністраў - у 1983-1984 і ў 1986-1992 гадах гадах - стаўшы восьмым і дзясятым прэм'ер-міністрам у гісторыі Ізраілю.


Зь сярэдзіны 1990-х гадоў Іцхак Шамір практычна не зьяўляўся на публіцы - у яго была дыягнаставаная хвароба Альцгаймэра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?