Аляксандар Лукашэнка зьявіўся на публіцы пасьля 17-дзённай адсутнасьці. Ён адрэагаваў на масавую маніфэстацыю 25 Сакавіка, абверг чуткі «пра сваю цяжкую хваробу», адрокся змагацца за моладзь, абвінаваціў Расею ў тармажэньні інтэграцыі, ганіў апазыцыю апошнімі словамі і паабяцаў разабрацца з заходнімі пасламі

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка не зьбіраецца на плошчах адстойваць свае ідэі і навязваць іх моладзі, паведаміў ён сёньня ў часе сваёй паездкі па Менскім раёне. Ён заявіў: «Мая пазыцыя застается нязьменнай: мы ні за кога ня будзем змагацца і нікому ня будзем навязваць ніякіх ідэй. У нас праблем досыць, каб змагацца за моладзь на плошчах з апазыцыяй, безь яе. Змагацца за моладзь трэба на прадпрыемствах, паказваючы, што мы тут ствараем у неймаверна складаных умовах».

Так адрэагаваў А.Лукашэнка на масавую маніфэстацыю 25 Сакавіка, у Дзень Волі.

У сваім першым за 17 дзён публічным выступе А.Лукашэнка закрануў таксама іншыя гарачыя тэмы.

Ён зьвінаваціў Расею ў тармажэньні інтэграцыі. На ягоную думку, заключанае 23 сакавіка гандлёва‑эканамічнае пагадненьне павінна пакласьці крэс праблемам у эканамічных адносінах нашых дзяржаваў. У той жа час ён назваў непрымальнай наяўнасьць квотаў на пастаўкі цукру, заявіўшы, што квоты пярэчаць свабодзе гандлю. Гэтыя словы могуць служыць ідэалягічнай асновай для рэвізіі дамовы 23 сакавіка.

А.Лукашэнка ня мае намеру ўзначаліць нацыяналістычую партыю "Вялікая Расея", што было яму прапанавана стваральнікамі гэтай палітычнай сілы. "Гэты незаконна і немагчыма па заканадаўстве".

Ён абверг чуткі пра сваю цяжкую хваробу і патлумачыў сваю адсутнасьць на тэлеэкранах тым, што трошкі прытаміўся. Тым ня менш, «ён у гэты час не спыняў хакейныя трэніроўкі», расказаў ён.

Ён зрабіў таксама некалькі традыцыйных для сябе заяваў. «Алігархічнае ўлады ў Беларусі ня будзе», «намэнклятурнай прыватызацыі ня будзе» і апазыцыі ён «краіну і ўладу не аддасьць».

Ён «адказаў» Мілінкевічу: «Вы бачылі, як гэтыя шалудзівыя людзі, найгоршыя людзі нашага грамадзтва, напярэдадні 25 Сакавіка пісалі мне пісьмы і прапаноўвалі штосьці там правесьці разам. Мы аддалі ім найлепшыя пляцоўкі. І яны што, прыйшлі? Замест таго, каб прыйсьці і правесьці арганізаваную акцыю, паўтары‑дзьве тысячы, гэты баявы атрад, пачаў расхажваць па горадзе». Ён заявіў: «Краіну ім не аддамо. Вось тут, па‑руску кажучы, па мордзе надаём таму, хто пасьмее зьвярнуць гэты працэс, які ідзе ў краіне, цяжкі, стваральны працэс».

Ён таксама паабяцаў «разабрацца з пазыцыяй паслоў», бо «паслам ні ў адной краіне сьвету не дазволена ўдзельнічаць у незаконных акцыях».

А паколькі прэзыдэнт першы раз пасьля паўзы выйшаў на публіку на вытворчасьці, у вёсцы, сярод працоўных, то гаворка пайшла і пра сельскую гаспадарку. «Аб’ём фінансаваньня праграмы адраджэньня сяла будзе ранейшы, — сказаў ён. — Але за гэтыя грошы будзе зроблена намнога больш, чым плянавалася».

Лукашэнка і сапраўды ні трохі не зьмяніўся.

Здымак БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?