27 сакавіка ў Міжнародны дзень тэатра ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылося ўручэнне хрустальных прызоў і імянных прэмій Міністэрства культуры Беларусі і Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

У бягучым годзе за адданасць нацыянальнаму тэатру і шматгадовую творчую дзейнасць прыза «Хрустальная Паўлінка» ўдастоены народны артыст Беларусі, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Арнольд Памазан.

«Хрустальнага анёла» атрымаў рэжысёр Гродзенскага тэатра лялек Алег Жугжда. «Хрустальная зорка» дасталася артыстцы‑вакалістцы Дзяржаўнага музычнага тэатра Беларусі Людміле Станевіч, «Хрустальная кветка» — актрысе Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Вераніцы Пляшкевіч.

Былі названы і лаўрэаты прэмій: імя Ларысы Александроўскай — кампазітар, мастацкі кіраўнік прадзюсерскага цэнтра «Спамаш» Уладзімір Кандрусевіч, імя Ігната Буйніцкага — акцёр Драматычнага тэатра Беларускай арміі Ігар Фільчанкоў. Прэмія імя Еўсцігнея Міровіча ўручана рэжысёру Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Генадзю Мушперту. Прэміі імя Любові Мазалеўскай удастоены мастак Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Валерый Рачкоўскі, прэміі імя Кандрата Крапівы — тэатральны крытык, доктар філалагічных навук Таццяна Арлова.

Уручаючы ўзнагароды тэатральным дзеячам, міністр культуры Беларусі Уладзімір Мацвяйчук адзначыў, што ў культурным жыцці краіны адбываецца мноства знамянальных падзей. Праводзяцца фестывалі па гарадах Беларусі з удзелам розных тэатральных калектываў, ставяцца цудоўныя спектаклі, незабыўныя прэм’еры ў беларускіх тэатрах. Толькі ў 2006 годзе ў Беларусі было пастаўлена 1 тыс. 600 спектакляў, дзевяць самых таленавітых дзеячаў беларускай сцэны атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды, сказаў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?