Міністэрства замежных спраў Украіны не будзе накіроўваць ноту пратэсту ў Беларусь у сувязі з затрыманнем у Мінску грамадзянкі Украіны. Пра гэта заявіў 28 сакавіка ў Кіеве намеснік міністра замежных спраў Украіны Уладзімір Агрызка.

Нагадаем, што грамадзянка Украіны Анастасія Жыўкова была затрымана ў Мінску вечарам 24 сакавіка, напярэдадні акцыі пратэсту беларускай апазіцыі. У дзяўчыны былі знойдзены наклейкі з заклікам прыйсці на несанкцыяваны мітынг на Кастрычніцкай плошчы беларускай сталіцы. Суд інкрымінаваў А.Жыўковай распаўсюджванне нелегальнай друкаванай прадукцыі і прыгаварыў да трох сутак адміністрацыйнага арышту. 27 сакавіка яны выйшла на волю.

Паводле слоў У.Агрызкі, МЗС Украіны і ўкраінскі консул у Мінску прынялі ўсе меры для ўрэгулявання канфлікту. Нота беларускім уладам накіравана не будзе, бо Украіна не хоча псаваць адносіны з афіцыйным Мінскам. «Мы жадаем, каб яны паляпшаліся, а не пагаршаліся», — падкрэсліў намеснік міністра.

Яшчэ адзін украінскі чыноўнік выказаўся сёння аб імкненні Украіны падтрымліваць з Беларуссю сяброўскія адносіны. «Украіна хоча, каб адносіны з Беларуссю былі добрасуседскімі, аднак цяпер існуе шэраг праблемных пытанняў паміж краінамі», — заявіў на брыфінгу ў Кіеве намеснік кіраўніка сакратарыята прэзідэнта Украіны Аляксандр Чалы.

Ён таксама паведаміў, што працягваецца падрыхтоўка візіту ва Украіну прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Аднак дакладная дата візіту ўсё яшчэ не вызначана — гэтае пытанне ўзгадняецца «на дыпламатычным узроўні», сказаў А.Чалы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?