Большасць жыхароў Беларусі гатовы да ліберальных рэформ, бо страцілі давер да ўлад, але яны не гатовы мабілізавацца. Такая выснова сацыялагічнага даследавання складу беларускага грамадства, вынікі якога публікуе генеральны дырэктарат Еўрапарламента па знешняй палітыцы.

«Грунтуючыся на аснове вынікаў незалежных сацыялагічных даследаванняў, гэтае даследаванне спрабуе ацаніць светапогляд, сацыяльныя патрэбы і раздзяляльныя лініі ў беларускім грамадстве напярэдадні парламенцкіх выбараў 2012 года», — адзначае сайт Еўрапарламента.

Інтэрнэт-рэсурс цытуе аўтара даследавання, эксперта Фінскага інстытута міжнародных адносін Анаіс Марын: «Мазгі большасці людзей прамыты прапагандай, яны баяцца хаосу гэтак жа, як і рэпрэсій, і не гатовы мабілізавацца, паўстаўшы на абарону фундаментальных правоў. У той жа час празаходняя меншасць губляе надзею на здольнасць ЕС знайсці выхад з тупіка і гарантаваць Беларусі дэмакратычную еўрапейскую будучыню».

Што да ўнутранай палітычнай апазіцыі, то яна «непрывабная для шырокай грамадскасці», бо «раз`яднаная і не мае яснай праграмы», сцвярджае Марын.

Даследаванне дае шэраг рэкамендацый для Еўрасаюза. Адна з іх — «праводзіць паслядоўную палітыку і ігнараваць Аляксандра Лукашэнку».

Пры гэтым аўтар даследавання лічыць нерэалістычнымі такія патрабаванні ЕС да афіцыйнага Мінска, як поўная юрыдычная рэабілітацыя палітзняволеных, «якіх Лукашэнка лічыць асабістымі ворагамі», ці правядзенне свабодных і справядлівых выбараў.

Паводле меркавання фінскага эксперта, «ЕС не павінен звяртаць увагу на будучы электаральны фарс», а значыць — не павінен адпраўляць у Беларусь назіральнікаў на вераснёвыя парламенцкія выбары. Замест гэтага ЕС павінен «заклікаць Беларусь да правядзення круглых сталоў з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўнага сектара і грамадзянскай супольнасці», рэкамендуе аўтар даследавання.

Яна таксама лічыць, што Еўрасаюзу варта прапанаваць Беларусі як краіне «прагматычнае і прынцыповае» партнёрства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?