Застаецца невядомым месцазнаходжанне трох падапечных Косаўскага псіханеўралагічнага дома‑інтэрната (Брэсцкая вобласць), якія самавольна пакінулі ўстанову

Месцазнаходжанне трох падапечных Косаўскага псіханеўралагічнага дома‑інтэрната (Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць), якія самавольна пакінулі ўстанову, дагэтуль невядомае. Пра гэта паведаміў БелаПАН дырэктар дома‑інтэрната Мікалай Петравец.

Інваліды 2‑й групы 23‑гадовы Раман Благачыннаў, 28‑гадовы Дзяніс Дзегцяроў і 34‑гадовы Аляксандр Аўсянікаў сышлі з тэрыторыі інтэрната днём 25 сакавіка. «Яны папрасілі дазволу пайсці пагуляць у тэніс, але замест таго, каб накіравацца ў спартзалу, сышлі ў невядомым напрамку, — сказаў дырэктар інтэрната. — Нашы пошукі ў блізкіх населеных пунктах, на аўтобусных і чыгуначных станцыях былі безвыніковымі. Зараз іх шукае міліцыя».

Паводле слоў М.Петраўца, гэта не першы іх самавольны сыход з інтэрната. Аналагічны выпадак быў зафіксаваны летам мінулага года. Тады А.Аўсянікава знайшлі ў брата ў Ляхавіцкім раёне, Д.Дзегцяроў і Р.Благачыннаў вярнуліся ў інтэрнат самі. На думку спецыялістаў установы, гэтыя ўцекачы не ўяўляюць сацыяльнай небяспекі. Трэба адзначыць, што адзін з іх — Д.Дзегцяроў — выступаў у 2003 годзе на спаборніцтвах інвалідаў у Ірландыі па міні‑футболу.

Сёлета ў Косаўскім псіханеўралагічным доме‑інтэрнаце гэта ўжо чацвёрты такі факт. У большасці выпадкаў уцекачы вяртаюцца ў інтэрнат самастойна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?