Брытанская “Independent” зьмяшчае вялікі рэпартаж Эндру Осбарна пра “Свабодны тэатар”. “У па-спартанску абстаўленай кватэры, у Беларусі, краіне, якую Амэрыка называе апошняй дыктатурай Эўропы, сем таленавітых маладых актораў і акторак рызыкуюць згубіць працу, здароўе і свабоду – для таго, каб правесьці рэпэтыцыю новай п’есы. Так журналіст апісвае працу актораў над новай пастаноўкай пад назвай “Белівуд”, галоўны герой якой, малады беларус, пакутуе ад “галасоў”, і, урэшце, памірае.

“Гэта трапная і дэпрэсіўная мэтафара для сёньняшняй Беларусі, якая знаходзіцца недзе паміж Оруэлаўскім “1984” ды Савецкім Саюзам 50-х гадоў”. “Калі мастацтва сапраўды імітуе жыцьцё і калі андэграўндны тэатар у Беларусі – гэта мікракосм грамадзтва, то гэтыя знакі не даюць падставаў для радасьці”.

Уражвае разнастайнасьць матэрыялаў пра Беларусь. Калі раней кожны артыкул успрымаўся як маленькі цуд, дык цяпер ужо можна выбіраць што пацікавей. Найбольшае задавальненьне атрымліваеш ад артыкулаў, напісаных заходнімі журналістамі, якія прыяжджаюць у Беларусь у доўгія камандзіроўкі (а такія зьяўляюцца ўсё часьцей). Іх матэрыялы — ужо не адпіскі, на хуткую руку скляпаныя з паведамленьняў інфармацыйных агенцыяў.

Цікава заўважаць, зь якой цяжкасьцю многія з журналістаў, якія прайшлі праз “заглыбленьне ў Беларусь”, стрымліваюць асабістыя эмоцыі ў сваіх тэкстах. Тое, што такія пазыцыі пачалі афармляцца, як і тое, што некаторыя аналітыкі спрабуюць пераасэнсаваць стандартныя падыходы да рэжыму – добры знак. Захад праглынуў беларускую пігулку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0