Як падае нямецкае агенцтва DPA, у музэі Марка Шагала ў Віцебску з нагоды яго 125-гадовага юбілею будуць прадстаўлены толькі фатаграфічныя рэпрадукцыі яго карцін.

Паводле кіраўніцтва музэю, арыгіналы работ гэтага вялікага мастака не экспануюцца на ягонай радзіме ўжо ад 2005 году.

Для арганізацыі паказу карцін мастака, якія належаць заходнім музэям і прыватным калекцыянэрам, няма грошай.
Раней у правядзеньні падобных выставаў у Віцебску дапамагалі амбасады Нямеччыны і Францыі ў Беларусі. Апошнім часам стасункі паміж Менскам і ЭЗ істотна сапсаваліся.

* * *

Марк Шагал нарадзіўся 7 ліпеня 1887 ў габрэйскай сям’і на ўскрайку Віцебску.
Значную частку дзяцінства правёў у доме свайго дзеда ў мястэчку Ліёзна. Выяўленчаму мастацтву вучыўся ў мастацкай школе віцебскага жывапісца Юрыя Пэна. Потым пераехаў у Пецярбург.

Пасьля рэвалюцыі 1917 ён разам зь сямьёй вярнуўся ў Віцебск, дзе яго прызначылі ўпаўнаважаным камісарам па справах мастацтва Віцебшчыны. У родным горадзе ён стварае мастацкую акадэмію, у якую запрашае таленавітых мастакоў-авангардыстаў, сярод якіх Эль Лісіцкі і Казімір Малевіч.

Стала ў Францыі Шагал жыў ад 1937. Да канца жыцьця ( памёр 28 сакавіка 1985) ў яго творчасьці, паводле мастацтвазнаўцаў, прасочваюцца віцебскія матывы.

Першая выстава Шагала адбылася ў Беларусі ў 1997 годзе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?