Буйная плантацыя канопляў выяўлена на тэрыторыі Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці, паведамілі ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама.

Пасевы, якія займалі больш за 2 га плошчы, былі выяўленыя і знішчаныя супрацоўнікамі групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Лоеўскага РАУС сумесна з вайскоўцамі памежнай групы.

Мерапрыемствы па выяўленні пасеваў нарказмяшчальных раслін праводзяцца ў рамках адмысловай праграмы «Мак», ​​рэалізацыя якой пачалася 1 чэрвеня. За гэты перыяд на тэрыторыі вобласці было выяўлена 230 пасеваў канопляў і маку. Знішчана больш за 15 т нарказмяшчальных раслін. Агульная плошча знішчаных незаконных пасеваў перавысіла 7,5 га.

У праваахоўных органах нагадалі, што за незаконны пасеў або вырошчванне нарказмяшчальных раслін прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

Спецаперацыя «Мак» традыцыйна праходзіць у Беларусі з 1 чэрвеня па 31 жніўня.
Яе асноўная мэта — спыненне фактаў распаўсюджвання наркасыравіны расліннага паходжання, выяўленне і знішчэнне пасеваў нарказмяшчальных культур.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?