Пра Беларусь, Расею і Комі піша Аляксандар Фядута.

Мне падалося, што на Дні Волі забыліся згадаць Расею. Не, яна была, яна прысутнічала, і ейныя грамадзяне — Мікіта Белых і Ўладзімер Рыжкоў — нават выступалі з усходцаў Нацыянальнае Акадэміі навук. Але ніхто яе ня кляў, не вінаваціў у спробах паглынуць нашу маленькую, але вельмі гордую краіну, не падазраваў у кепска прыхаваных імпэрыялістычных схільнасьцях.

Прычым ня тое, каб схільнасьці гэтыя сталі меншыя, ці самі мы, беларусы, сталі разумнейшыя. Але арганізатарам мітынгу было не да таго. Не да Расеі было. Свае праблемы замучылі.

Зрэшты, гэта правільна. Пра Расею трэба пакрысе забывацца. Ну, ёсьць такая краіна на Ўсходзе — вялікая, са сваёй гісторыяй (і з нашай супольнай — гісторыяй!), са сваім рынкам (добра было б засвоіць — на агульных асновах, без прэфэрэнцыяў). Яна мае шмат карысных і нават вельмі карысных выкапняў (можна купляць і нават трэба купляць, але — па сусьветных цэнах!). Яна мае ядравую зброю (толькі не палохайце нас!). Што яшчэ?

Немагчыма жыць, бясконца азіраючыся назад. Арганізм чалавечы так уладкаваны, што нават калі мы павяртаемся ўсім корпусам, дык усё адно глядзім наперад, наўпрост перад сабой — толькі аддаляемся пры гэтым ад вызначанай мэты.

Можна, канечне, паспрабаваць прымусіць Уладзімера Пуціна адказваць за ўчынкі Міхаіла Мураўёва‑Віленскага, але толькі акадэмік Фаменка перакананы, што час можа насіць рознаскіраваны характар. Бацька за сына яшчэ можа неяк адказваць, але сын за бацьку?! Чым мы тады лепшыя за Сталіна? Нічым. Таму сьлед разабрацца ў іншым — не якія ўзаеміны ў Беларусі з Расеяй былі ў мінулым і чаму (гэта задача гісторыкаў), а якімі яны ёсьць, якімі могуць быць і мусяць быць.

Паказальна, што Дзень Волі з намі прыехалі адзначаць прадстаўнікі тых трох народаў, зь якімі акурат Гісторыя нас і вяла найшчыльней за ўсё — расейцы, украінцы ды палякі. Усім тром народам у рэтраспэктыве ёсьць з нашага боку, што паказаць зь ліку крыўдаў і закідаў. А ў пэрспэктыве? Нейкія адносіны ўсё адно паміж намі мусяць заставацца. Таму што можна сьмяяцца з розных словаў Аляксандра Лукашэнкі, але ягоная праўда, калі ён кажа: «Ніхто нас ад Расеі на Марс не зьнясе». Бо ж не зьнясе! Нам тут жыць. З гэтымі суседзямі.

«Мы рухаемся ў Эўропу», — кажам мы. Пры гэтым многа хто разумее так, што Эўропа — гэта нейкая анты‑Расея. Але вось так выйшла, што каля чатырох месяцаў мне давялося правесьці ў самай што ні на ёсьць расейскай правінцыі — у Рэспубліцы Комі. Там, дзе траціна насельніцтва — уласна комі народ, траціна, нашчадкі тых, хто сядзеў у лягерах, і яшчэ траціна — нашчадкі тых, хто гэтыя лягеры ахоўваў. Я ня маю да аграрнай праблематыкі ніякага дачыненьня, але расповед пра тое, як будуць рабіцца — пачынаючы з 2007 г. — то бок, ужо сёньня — датацыі сельскагаспадарчаму вытворцу ў гэтым засьнежаным рэгіёне мне дужа нагадаў аналягічную схему ў Эўрапейскім Зьвязе. Гэта ў нас фінансуюцца кампаніі — сяўба, жніво. Там — інакш.

Там датуецца вынік. Так, у Комі не вырасьце збожжа. Там спэцыялізуюцца на жывёлагадоўлі. Выгадаваў парсючка ці кароўку (ці аленя!) — атрымай датацыі з разьліку на жывую вагу. І за малако — з разьліку на літар. Так, каб атрыманая прадукцыя была рэнтабэльная для вытворцы і танная для пакупніка.

Мы ганарымся чыстымі менскімі дарогамі. Разам з тым калі ў нас выпадае сьнег сантымэтраў на дваццаць — гэта ўжо катастрофа, сьнегазборнай тэхнікі нестае, асабліва ў спальных раёнах. А ў Сыктыўкары шторанак, незалежна ад таўшчыні сьнежнага покрыва, жыхары гарадзкіх ускраінаў выяжджаюць па свежапрыбранай шашы да сябе на працу. І ніхто ня бачыць у гэтым асаблівую заслугу мэра. Гэта штодня. І лёд на прыступках гатэлю, дзе я жыў гэтыя чатыры месяцы, сколваўся шторанак — да дзевяці гадзінаў раніцы! І дворнікаў, па шчырасьці, я там ня бачыў.

Але болей за ўсё мяне ўразілі кнігі, выдадзеныя мясцовым аддзяленьнем «Мэмарыялу». Дзевяць агромністых, энцыкляпэдычнага фармату тамоў, чорных з срэбрам, яна называюцца — «Пакаяньне». Яны ўтрымліваюць сьпісы рэпрэсаваных, вязьняў з Варкуты, Інты, Ухты, Пячоры, Абезі. Пяты том — былыя польскія грамадзяне, жыхары Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Том прафінансаваны супольна з пасольствам Польшчы ў Расеі. А агульнае фінансаваньне праекту — за ўладай. Старшыня рэдакцыйнай рады — галава Рэспублікі Комі. Разам з тым — незалежна ад таго, хто ў гэты момант займае гэтую пасаду. Быў на чале рэспублікі Юры Сьпірыдонаў — ён гэтую справу распачаў. Стаў Уладзімер Тарлопаў — ён працягнуў. І гэта нягледзячы на вельмі напружаныя асабістыя стасункі паміж двума лідэрамі.

Ці не падаецца вам, шаноўны чытач, што вось гэтая самая Комі — ужо ў нашмат большай ступені прасунулася ў Эўропу, чым мы? Там жа нават партыя ўлады, якая нароўні з усімі змагаецца за галасы выбарцаў, выпускае ўлёткі і каляндарыкі на комі мове, першы нумар у ейным перадвыбарчым сьпісе дае інтэрвію на комі мове — а пры гэтым самі комі народ толькі ў вёсках на роднай мове і размаўляюць. Але інфармацыйныя выпускі на дзяржаўнай мове — двойчы ў суткі — на мове комі. Фэстываль нацыянальнай песьні — на комі. Газэта — на комі. Кнігі — на дзяржаўную замову, без падзелу на прыдворна‑прыкормленых і апазыцыйных — на комі.

У Інце, шахтарскім горадзе, памятным са «Споведзі» Ларысы Геніюш, у сярэдняй школе размаўляў з настаўнікам. Яму гадоў пяцьдзясят, сьпявае пад гітару. Разам зь дзецьмі стварыў невялікі музэй пра тых выбітных людзях, хто сядзеў у Інталагу. У самым Сыктыўкары шмат прадстаўніцтваў замежных фірмаў — украінскіх, польскіх, латыскіх. Ці адчуваеце? Іх ачольваюць нашчадкі суайчыньнікаў, якія сядзелі ў тамтэйшых лягерах. Прыяжджаюць да інцінскіх дзецяў, распавядаюць, прывозяць кнігі. Пра беларусаў, якія сядзелі ў Інце — нават пра Ларысу Антонаўну — ані слова. Не таму, што тэма забароненая ці мова незразумелая. Міхаіл Рагачоў, старшыня праўленьня фонду «Пакаяньне», кажа наўпрост:

— Нам перакладнік не патрэбны, дамо рады. Але — Вы дашлеце кнігі, не забудзьцеся!

«Не забудзьцеся!» Памятайце! Ня дзеля таго, каб працягваць па‑дзіцячаму крыўдзіцца, вінаваціць у сваіх няўдачах хлопчыка з суседняй пясочніцы, а дзеля таго, каб не дапусьціць паўтарэньня. У гэтым розьніца. Дарослы адрозьніваецца ад дзіця тым, што бярэ адказнасьць на сябе, а не перакладвае на чужыя плечы. І дае рады сваім праблемам — сам.

Яны там, у гэтых інцінскіх сьнягох, нашмат большыя эўрапейцы, чым мы. Яны і памятаюць, і смуткуюць без палітычнага падтэксту. Без прэтэнзіяў адно да аднаго — сёньняшніх. Толькі б не паўтарылася.

Расея пачне адтайваць. Не сьвятыя яны, расейскія палітыкі, але і не людажэрцы. Можа, паспрабаваць забыцца пра іх, пачаць жыць самім, сваім розумам, сваім домам, будаваць уласную эканоміку, не чакаючы на міласьціну. Бо сорамна ж прасіць міласьціну. Мы дарослыя. Мы ганарымся Статутам Вялікага Княства — першай Канстытуцыяй у Эўропе. Мы надрукавалі першую кнігу на ўсходнеславянскай мове. Але чамусьці ўвесь час азіраемся на малодшага брата (малодшага, малодшага! яго наш Сімяон Полацкі пісаць і чытаць вучыў!) і згадваем яго штодзьве хвіліны ціхім і ня надта добрым словам.

І, можа быць, акурат тое, што 25 сакавіка 2007 году пра Расею практычна нічога не гаварылася, і ёсьць прыкмета паступовага сталеньня беларусаў як нацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?