Бразільскі хлопец вывучыў беларускую мову не горш за саміх беларусаў, а таксама і тэксты песень некаторых беларускіх рок-гуртоў. Аднак размаўляе па-беларуску часцей ва Украіне.
Патэрсан з дзяцінства быў улюбёны ў СССР, а калі падрос, вырашыў прыехаць у Расею. Але быў трохі расчараваны, бо сучасная Расея мала нагадвае яму Савецкі Саюз, у які ён так марыў патрапіць.А пасля пазнаёміўся з беларускай Воляй, якая жыла ў Маскве, яна яму і адкрыла Беларусь, яе мову і рок-музыку.
«Я не хацела нікому навязваць беларускую музыку. Яна мне падабаецца, але гэта ж не значыць, што яна будзе падабацца астатнім», — кажа Воля.
Аднак
беларуская музыка Патэрсана захапіла, і яны разам з Воляй пачалі ездзіць па канцэртах ды фэстах.Апошнім з іх быў паган-мэтал фэстываль «Kilkim Žaibu», на якім выступаў адзін з улюбёных беларускіх гуртоў Патэрсана «Znich».
«Я ніколі не чуў Зніча ўжывую, таму мы паехалі на фэст. Мне вельмі спадабалася, было весела і цікава.Мне падабаецца Znich i Litvintroll. Я люблю дуду, пра яе ў Бразыліі ніхто ня ведае, і мне вельмі падабаецца спалучэнне дуды і heavy metal, гучыць вельмі гарманічна», — захапляецца бразілец.
Таксама Патэрсану падабаецца Testamentum Terrae, «Тройца» і «Стары Ольса». Каб пачуць музыку апошняга, яны з Воляй адмыслова прыяжджалі ў Гомель на канцэрт.
«Мне вельмі падабаецца музыка «Старога Ольсы», бо я цікаўлюся беларускай гісторыяй і мне падабаецца ВКЛ», — распавядае Патэрсан.
Насуперак меркаванням некаторых беларускіх адраджэнцаў,
Патэрсан і Воля не лічаць, што СССР — гэта толькі зло, а ВКЛ — дабро.
«Не ўсё было блага ў СССР. Былі, напрыклад, вельмі добрыя фільмы. У кожнай гістарычнай эпохі ёсьць нешта добрае», — упэўнены Патэрсан.
Патэрсан размаўляе мала таго што з невялікай колькасьцю памылак, дык яшчэ амаль без акцэнту. Прызнаецца, што
мову ён асабліва і не вучыў, бо існуе вельмі мала падручнікаў па беларускай мове для замежнікаў.
«Мне цяжка яшчэ і таму, што
ў Беларусі я мала размаўляю па-беларуску, тут ніхто не размаўляе па-беларуску, няма дзе практыкаваць мову», — скардзіцца бразільскі хлопец.
А вось калі яны з Воляй вандруюць ва Украіну, пагутарыць па-беларуску ўдаецца нашмат болей. Патэрсан робіць выгляд, што не размаўляе па-расейску, а толькі па-беларуску — і суразмоўцы пачынаюць пераходзіць на ўкраінскую. Але ў Беларусі такое, на жаль, не спрацоўвае.
«Я калі ў Беларусі нават і размаўляю па-расейску, дзякую я заўсёды па-беларуску, а людзі на мяне неяк крыва глядзяць. Вось ведаеце, розніца паміж літоўцамі і беларусамі такая:
у Літве, калі сурозмоўца размаўляе па-расейску, а я яму кажу "Дзякуй!" па-літоўску, ён пачынае ўсьміхацца, а ў Беларусі, калі дзякую па-беларуску, — на мяне крыва глядзяць».
Патэрсан і Воля камунікуюць паміж сабой агулам на чатырох мовах, яны хоць і жывуць у Маскве, але Беларусь, яе музыку і мову не забываюць.
«Я часта чую ад расейцаў, што беларуская і расейская мова — аднолькавыя, і мне даводзіцца ім даказваць, што гэта не так».
* * *
Глядзіце таксама:
Беларусы Масквы ўшанавалі Купалу - фота