Грамадства44

Надзя Сычугова: Я страціла апошняга блізкага чалавека

Сярод лётчыкаў, якія загінулі ў Самалі, быў брат удзельніцы Плошчы‑2006, вязьня Жодзінскай турмы Надзеі Сычуговай Арцём.

Сярод лётчыкаў, якія загінулі ў Самалі, быў брат удзельніцы Плошчы‑2006, вязьня Жодзінскай турмы Надзеі Сычуговай Арцём.

Сёньня ў штаб‑кватэры ААН у Нью‑Ёрку пройдзе нарада экспэртаў сябраў Рады Бясьпекі, якая разгледзіць трагічныя інцыдэнты зь беларускімі транспартнымі самалётамі Іл‑76 у Самалі 9 і 23 сакавіка. Мяркуецца, што зацікаўленыя бакі зьвернуцца да ўрадаў шэрагу афрыканскіх краінаў з заклікам забясьпечыць эвакуацыю дзесяці беларускіх інжынэраў і целаў адзінаццаці загінулых пілётаў. Між тым, сваякам загінулых дагэтуль невядома, калі ў Беларусь прывязуць труны.

Надзея і Арцём Сычуговы рана страцілі бацькоў. Надзея расказвае, што брат ад маленства хацеў стаць лётчыкам, мэтанакіравана ішоў да сваёй мэты, атрымаў спэцыяльнасьць авіятэхніка і на мінулым тыдні быў накіраваны ў першую камандзіроўку:

«Гэта ягоная мара была, я цудоўна ведала, як ён хацеў быць авіятарам. І вось адбылася ягоная першая камандзіроўка. Натуральна, з бацькамі мы калісьці раней ляталі, але што тычыцца працы, то гэта было яго першае прафэсійнае заданьне. Дагэтуль ён не лятаў… Так склаўся лёс, што мы толькі ўдвох засталіся, а цяпер я страціла апошняга блізкага чалавека».

Расказаць сястры пра афрыканскія ўражаньні 23‑гадовы Арцём не пасьпеў: падчас узьлёту з аэрапорту Магадыша Іл‑76 быў абстраляны радыкальнымі баевікамі, рухнуў на зямлю і згарэў у салярцы, што выцекла з бакаў.

Навошта запатрабавалася тэрмінова ляцець у Самалі пасьля таго, як за тыдзень да трагедыі ледзьве не разьбіўся яшчэ адзін Іл‑76? У «Трансавіяэкспарце» тлумачаць: калі падбіты самалёт пакінуць без нагляду, яго разрабуюць.

Таму сцэнар быў такі: у Магадыша закідаюць спэцыялістаў, якія два тыдні будуць разьбіраць борт — найперш здымаць рухавікі. А ўжо пасьля плянаваўся яшчэ адзін рэйс, каб забраць людзей разам з тэхнікай. Такім чынам, самалёт быў зьбіты менавіта тады, калі пасьля высадкі тэхнікаў зьбіраўся адлятаць у Менск.

Сёньня кіраўніцтва кампаніі «Трансавіяэкспарт» сабрала сваякоў загінулых пілётаў. Аднак, як кажа Надзея Сычугова, нічога пэўнага яны не пачулі. Прынамсі, падрыхтаваны да вылету самалёт, які меўся забраць з Магадыша брыгаду тэхнікаў і целы загінулых, так туды і ня вылецеў:

«Казалі, што была магчымасьць больш‑менш бясьпечная, але штосьці не атрымалася, таму рэйс адмянілі. Сказалі так: спадзяваліся, што гэта магло быць учора, але нічога не атрымалася. Таму цяпер усе застаюцца ў аэрапорце Магадыша — як жывыя людзі, брыгада тэхнікаў, так і труны».

«Скажыце, калі ласка, але ж экіпаж быў застрахаваны?»

«Так, я якраз прыехала з Варшавы, мы перад вылетам размаўлялі, і брат сказаў, што застрахаваўся на мяне. Ну, і ў «Трансавіяэкспарце» сёньня сказалі, што яны ўсім гэтым будуць займацца. Але мяне, шчыра кажучы, гэтае пытаньне ў гэтай сытуацыі ня вельмі турбуе», —, — адказала сястра загінулага авіятэхніка.

Ні пра тэрміны дастаўкі целаў на радзіму, ні пра магчымыя кампэнсацыйныя выплаты ніякай інфармацыі няма. Бальшыня сем’яў наўпрост залежалі ад заробкаў авіятараў і цяпер іх чакае надзвычай цяжкі час.

Як стала вядома, лётчыкі былі застрахаваныя на 15 тысяч даляраў кожны, што мізэрна ў параўнаньні з той жа Расей, дзе на 75 тысяч даляраў кампаніі страхуюць пасажыраў, ня кажучы пра пілётаў.

У Міністэрстве замежных справаў запэўніваюць: дзяржава робіць усе магчымыя захады дзеля вяртаньня на радзіму целаў загінулых пілётаў і камандзіраваных тэхнікаў.

Гаворыць прадстаўнік ведамства Андрэй Папоў:

«Нашымі дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі, найперш у Нью‑Ёрку і Абу‑Дабі, зробленая вельмі сур’ёзная і вялікая праца. Яна каардынавалася і вялася ў шчыльным узаемадзеяньні з нашым Дэпартамэнтам авіяцыі. Галоўная мэта высілкаў — забесьпечыць максымальна канкрэтныя гарантыі басьпекі для рэалізацыі эвакуцыйна‑выратавальнай апэрацыі. Магу толькі сказаць: на гэты час мы падышлі да практычных варыянтаў рэалізацыі апэрацыі, яны існуюць».

Дэталяў спадар Папоў не падаў, спаслаўшыся на «вельмі спэцыфічную сытуацыю ў Самалі». Паводле прадстаўніка МЗС, ніякая інфармацыя не павінна трапіць перадусім да лідэраў тэрарыстычных груповак.

Надзвычайнае здарэньне такога маштабу ва ўсім сьвеце прыраўноўваецца да нацыянальнай трагедыі. Аднак у Беларусі 25 сакавіка, на наступны дзень пасьля трагедыі, на пляцоўцы аэрапорту «Менск‑1» улады распарадзіліся правесьці канцэрт.

Радыё "Свабода"

Каментары4

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа29

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Усе навіны →
Усе навіны

Уіткаф яшчэ раз сустрэнецца з прадстаўнікамі Расіі

Зяленскі заявіў пра расійскія дроны ва ўкраінскім небе пасля аб'яўлення пуцінскага перамір'я

Украіна і Расія правялі перад Вялікаднем буйны абмен ваеннапалоннымі2

Пуцін аб'явіў велікоднае перамір'е18

Упершыню дадаткова абмежавалі наведванне на Радаўніцу могілак у зоне адчужэння на мяжы з Украінай

У Беларусі будуюць чатыры буйныя пляцоўкі чакання каля мяжы2

Міколу Статкевіча трымаюць у рэжыме інкамунікада ўжо 800 дзён3

Чыноўнікі МАРГ праверылі сховішчы з агароднінай і кажуць, што ўсё нармальна

Жыватворны агонь даставяць у Мінск з Масквы заўтра раніцай3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа29

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць