Супольны праект гурту зь Петразаводзку, што грае старадаўнюю сьвецкую музыку, і менскай вакальнай групы, што выконвае аўтэнтычныя сьпевы. Музыкі злучылі балканскія танцы і купальскія сьпевы, жніўныя напевы і прыдворную музыку Францыі. Ініцыявалі гэты праект расейцы — «гуды» з радасьцю пагадзіліся, бо заўжды былі адкрытыя для прапановаў. Дастаткова прыгадаць іх супольны трэк з Neuro Dubel для трыб’юту «дэпэшаў».

Аўтэнтычныя сьпевы не заўжды кладуцца на музыку — зьміксаваная яна ці сыграная на старадаўніх інструмэнтах — няважна. Як прыклад — «Дзе ты купала, купалася», аздобленая паўдзясяткам інструмэнтаў: музыка перадае зусім іншую атмасфэру, чым сьпеў. Вось і атрымліваецца: хто ў плот, а хто ў агарод. Хоць ёсьць і ўдалыя нумары — як загалоўны трэк «Зара» і «Сьвяты Яня», дзе музыкі неназойліва перадаюць атмасфэру аўтэнтычнага сьпеву. Нельга не адзначыць прафэсійны падыход, як зь беларускага, так і з расейскага боку. «Дролсы» — усе спрэс выхаванцы тамтэйшай кансэрваторыі, выдатна прапісалі кожны інструмэнт (а іх у альбоме з два дзясяткі — ад звыклай блёк‑флейты да экзатычных ляндскнэхтромэля і фідэля). Пра ўнікальнасьць самой «Гуды» лішне казаць. Чакаем іх наступнага музычнага экспэрымэнту — гэтым разам са Зьмітром Вайцюшкевічам. «Зара» — для ўсіх аматараў незвычайнай музыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?