Грамадзяне Беларусі маюць права да 1 ліпеня 2007 года добраахвотна прад’явіць і зарэгістраваць у органах унутраных спраў існуючую ў іх няўлічаную грамадзянскую зброю. Пры гэтым яны будуць вызвалены ад устаноўленай заканадаўствам адміністрацыйнай адказнасці. Такое рашэнне змешчана ва ўказе прэзідэнта нумар 148 ад 27 сакавіка, паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы.

Выключэнне складае паляўнічая агнястрэльная зброя з наразным ствалом і паляўнічая агнястрэльная камбінаваная зброя. Рэгістрацыю ў тым ліку і такой зброі могуць ажыццявіць грамадзяне, якія раней (на працягу года да ўступлення ў сілу гэтага ўказа) добраахвотна здалі ў органы ўнутраных спраў няўлічаную грамадзянскую зброю. Працэдура рэгістрацыі падрабязна рэгламентавана ў Палажэнні, зацверджаным указам.

Як адзначылі ў прэс‑службе, да ўвядзення ў органах унутраных спраў сістэмы рэгістрацыі зброі грамадзяне мелі права набываць грамадзянскую зброю без адпаведнага дазволу. Напрыклад, паводле даных МУС, паляўнічую агнястрэльную гладкаствольную зброю можна было набываць без дазволаў органаў унутраных спраў аж да 1976 года.

У выніку ў насельніцтва ёсць значная колькасць няўлічанай ва ўстаноўленым парадку грамадзянскай зброі. Яна, як правіла, захоўваецца без выканання патрабаванняў, якія забяспечваюць яе захаванасць, бяспеку захоўвання і выключаюць доступ да яе іншых асоб.

Прыняты ўказ накіраваны на забеспячэнне выяўлення і рэгістрацыі такой зброі. Яго практычная рэалізацыя будзе садзейнічаць умацаванню грамадскай бяспекі, папярэджанню правапарушэнняў, што ўчыняюцца з выкарыстаннем грамадзянскай зброі, растлумачылі ў прэс‑службе.

Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?