«Напісаць гэтыя радкі мяне прымусіла рэакцыя, а дакладней, яе поўная адсутнасць на інфармацыю пра пагрозу завядзення новай крымінальнай справы на Змітра Дашкевіча з боку, здавалася б, сваіх — нашай апазіцыі, — піша маладафронтаўка Наста Палажанка, нявеста зняволенага кіраўніка арганізацыі, Змітра Дашкевіча. —

Вы працягваеце сустракацца між сабой ў тых самых кавярнях за куфлямі халоднага піва, будаваць новыя планы, рабіць палітычныя прагнозы, абмяркоўваць, хто што напісаў у Фэйсбуку ці запосціў у Твітары.
Пакуль вы абмяркоўваеце, на чым — метро ці маршрутцы — зручней ездзіць; шукаеце, дзе б дастаць тых самых плюшавых мядзьведзікаў ды спрачаецеся, якая стратэгія лепш у гэтых усё адно безвыніковых выбарах, Зміцер штодня вымушаны змагацца за сябе, за сваё вызваленне і сваё жыццё», — нагадвае яна.
Нагадаем, што Дашкевіч заявіў, што не будзе падпарадкоўвацца патрабаванням адміністрацыі калоніі.
Імаверна, такім спосабам ён спрабаваў адказаць на пагрозы падоўжыць ягонае зняволенне ў выпадку калі ён не напіша прашэння аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
«Гэта ўсё цягне закрыты суд і дадатковы тэрмін па арт.411 КК за парушэнне правілаў адбыцця пакарання,
то бок — яшчэ «накінуты» год, потым — два, і так — да бясконцасці. Як вы думаеце, ці проста даецца гэтае змаганне супраць сістэмы пад бесперапынны брэх байцоўскіх сабак і дулы канваірскіх аўтаматаў? — піша Палажанка. —
У мінулы раз, у 2007 годзе, у Шклоўскай калоніі на яго завялі крымінальную справу за адмову сведчыць супраць свайго сябра і паплечніка Івана Шылы.
Многія казалі: нашто гэты радыкалізм? Можна ж было схітрыць, прыкінуцца дурненькім, альбо чалавекам з кепскаю памяццю, але для Змітра быў важны сам факт: сведчанне супраць сябра. Ён і раней адмаўляўся супрацоўнічаць са следствам, нават у турме адказваў сваё адназначнае «не».
«Борзы ці што?» — як любяць пытацца беларускія амапаўцы, і самі часам і адказваюць — «ды бачу, што борзы!»

«Зміцер вельмі хоча на свабоду, але яшчэ больш ён хоча застацца годным чалавекам, — піша Палажанка. — Там, у турме, не гуляюць на публіку, не турбуюцца пра імідж. Там галоўнае — не даць сябе зламаць. Ён абраў вельмі няпросты шлях. І мне страшна за яго. Мне давялося прабыць усяго 2 месяцы ў „амерыканцы“ пасля выбараў у 2010 годзе, таму я ўяўляю, наколькі гэта цяжка ўвесь час знаходзіцца пад пагрозаю правакацыі з боку „падсадных“ зэкаў, без сустрэчаў з роднымі людзьмі.

За гэтыя паўтара года я атрымала каля 300 лістоў ад Змітра, а бачылася з ім толькі двойчы — на судзе і падчас пахавання яго маці.

Цяпер Змітру пагражае дадатковы год турмы. Камусьці гэты тэрмін можа падацца малым — маўляў, час ляціць так хутка!…Узгадайце выцвілыя вочы, знясіленую постаць многіх тых, хто выйшаў з турмы праз год пасля выбараў-2010 — нават год у зняволенні здольны знішчыць чалавека», — непакоіцца Палажанка.

«Кожны з нас можа паўплываць на лёс Змітра Дашкевіча і іншых палітвязняў. Што можна зрабіць? Як мінімум:

1. Палітыкі — уздымаць праблему палітвязняў на ўсіх сустрэчах, як унутры Беларусі так і па-за яе межамі; дамагацца сустрэч і рэакцый высокапастаўленых еўрапейскіх чыноўнікаў на праблему палітвязняў; арганізоўваць кампаніі салідарнасці з палітвязнямі, незалежна ад таго, ці з’яўляюцца яны сябрамі вашых партыяў ці кампаній; не ленавацца выказваць пазіцыі сваіх структураў па праблемах палітвязняў. Уявіце, што сядзяць вашыя дзеці-бацькі-браты, што б вы тады рабілі?

2. Журналісты — проста пісаць пра палітвязняў. Так, гэтая тэма не штодня дае цікавыя інфармацыйныя нагоды, але вашыя артыкулы рэальна палягчаюць існаванне палітвязняў у турмах: нагадваюць ім, што пра іх памятаюць;

3. Эмігранты — абіваць парогі ўсіх заходніх структураў, даносіць ім інфармацыю пра палітвязняў; працаваць з беларускімі прадстаўніцтвамі і асобнымі людзьмі, якія ўплываюць на палітычную ці эканамічную сітуацыю ў краіне.

4. Усе неабыякавыя людзі — пісаць лісты падтрымкі палітвязням і лісты з патрабаваннямі іх вызвалення ў КДБ, Следчы камітэт, Генеральную Пракуратуру, Адміністрацыю Прэзідэнта і г.д. Не баяцца ініцыяваць любыя акцыі падтрымкі і грамадскай салідарнасці. Арганізоўвайце малітвы за палітвязняў, прасіце перад Богам за іх. Магчыма, менавіта вашыя высілкі прывядуць да вызвалення палітвязняў», — нагадвае Палажанка.

Зміцер не любіць гуляць па чужых правілах. Я часта ўзгадваю ягоныя словы: «Вы ўсё спрабуеце гуляць з рэжымам у шахматы, а так не атрымаецца.
Пакуль вы будзеце думаць, якой там літарай ходзіць конь — Вас ужо шарахнуць шахматнай дошкай па галаве», — так сканчае свой эмацыйны зварот яна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?