Беларусь у мэтах выканання сваіх абавязацельстваў па крэдыту стэнд-бай Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) 13 ліпеня 2012 года ажыццявіла другое пагашэнне асноўнага доўгу ў памеры 64,7 млн. СДР, што эквівалентна $ 97,4 млн., паведамілі ў Міністэрстве фінансаў.

У канцы 2008 года беларускія ўлады звярнуліся да кіраўніцтва Міжнароднага валютнага фонду з просьбай аб заключэнні крэдытнага пагаднення стэнд-бай. У выніку ўзгаднення Беларуссю і МВФ параметраў названага пагаднення Савет выканаўчых дырэктараў фонду 12 студзеня 2009 года адобрыў праграму тэрмінам на 15 месяцаў і выдзяленне Беларусі фінансавых рэсурсаў у аб’ёме каля $2,46 млрд. Па выніках першага агляду былі скарэкціраваны і адобраны абодвума бакамі новыя параметры праграмы і ў адпаведнасці з запытам беларускага боку павялічаны агульны аб’ём фінансавання да $3,46 млрд. Рэалізацыя праграмы завяршылася ў красавіку 2010 года, што дало магчымасць забяспечыць дадатную дынаміку па шэрагу пазіцый у эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы Беларусі.

Дзейнасць МВФ у Беларусі накіравана на супрацоўніцтва з урадам і Нацыянальным банкам пры падрыхтоўцы праграм эканамічнай палітыкі з акцэнтам на падаткова-бюджэтную і грашова-крэдытную палітыку, абменны курс і гандлёвую палітыку з мэтай дасягнення значнага эканамічнага росту, нізкай інфляцыі і ўстойлівасці плацежнага балансу.

З 1992 па 2008 год Беларусь двойчы выкарыстоўвала фінансавыя рэсурсы МВФ: па лініі фонду сістэмных трансфармацый — $217,2 млн. і па механізму стэнд-бай — $77,4 млн. У лютым 2005 года Беларусь цалкам пагасіла названыя крэдыты МВФ.

Пастановай Савета Міністраў ад 4 ліпеня 2011 года нумар 900 павялічана квота Рэспублікі Беларусь у Міжнародным валютным фондзе. Урад даў згоду на павелічэнне квоты Беларусі ў МВФ да 681,5 млн. спецыяльных правоў пазыкі (СДР) у адпаведнасці з чатырнаццатым агульным пераглядам квот, адобраным Саветам кіраўнікоў гэтага фонду 15 снежні 2010 года.

Міжнародны валютны фонд — спецыялізаваная ўстанова ААН са штаб-кватэрай у Вашынгтоне, ЗША. Афіцыйная дата стварэння МВФ — 27 снежня 1945 года. Беларусь з’яўляецца членам МВФ з 1992 года. У 1992 годзе ў Мінску адкрыта прадстаўніцтва МВФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?