Беларускія спецслужбы не спрабавалі звязацца з Пэрам Кромвелам, арганізатарам акцыі з выкідваннем з самалёта над Беларуссю плюшавых цацак 4 ліпеня, і не «ціснулі» на яго.

Аб гэтым заснавальнік шведскай піяр-кампаніі Studio Total Пэр Кромвел заявіў 13 ліпеня ў ходзе анлайн-канферэнцыі на сайце «Радыё Свабода».

«Ніякая спецслужба са мной не кантактавала», — сказаў Кромвел.

У ходзе зносін у інтэрнэце яму было зададзена некалькі дзясяткаў пытанняў, у тым ліку аб рэакцыі Літвы і НАТО на незаконнае перасячэнне мяжы дзяржавы — члена Паўночнаатлантычнага альянсу, на чым настойваюць шведскія арганізатар і выканаўцы акцыі па падтрымцы свабоды слова ў Беларусі.

На пытанне «Як вы будзеце разбірацца з прадстаўнікамі „натаўскай ваеншчыны“, вы ж ім таксама імідж падпсавалі?» Кромвел адказаў: «Калі яны маюць намер захаваць гэтую мяжу закрытай, то павінны трымаць сябе ў форме. У нас не было мэтай высмейваць НАТО. Аднак гэта служыць напамінам аб тым, што ніякая сіла — ваенная або дзяржаўная — не з’яўляецца настолькі моцнай, як хоча стварыць уражанне».

Паводле слоў Кромвела, ён не чакае, што прадстаўнікі НАТО запатрабуюць для яго нейкіх санкцый. «Але калі яны паспрабуюць прымаць нейкія санкцыі, мы разбяромся з гэтым. На сёння з намі ніхто не кантактаваў», — сказаў ён.

Арганізатар акцыі, які здымаў у Івянцы самалёт, што раскідваў плюшавых мядзведзяў з запіскамі, гатовы даказаць сваё знаходжанне ў Беларусі наяўнасцю беларускай візы і білетам на самалёт Мінск — Стакгольм, якім ён паляцеў у Швецыю раніцай 4 ліпеня ў 8.50. Паводле яго слоў, гэта быў рэйс В2855.

Кромвел таксама заявіў, што на відэа, знятым з самалёта падчас палёту над Івянцом, бачна яго белая машына, прыпаркаваная каля царквы.

Ён паведаміў, што найбліжэйшым часам будзе новае відэа — палёту над Мінскам, якое было знятае GoPro камерай, устаноўленай пад днішчам самалёта. Цяпер яно апрацоўваецца.

У Кромвела не аказалася доказаў таго, што самалёт стартаваў з аэрапорта Pociunai на тэрыторыі Літвы. Паводле яго слоў, ніякіх адзнак аб прыёме борта ў гэтым аэрапорце экіпаж не атрымліваў, «таму што гэта маленькі аэрапорт без усялякай рэгістрацыі з травяным полем».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?