Згодна з папярэднім прагнозам, гарачага надвор’я (плюс 30°С і вышэй) у Беларусі не будзе да канца ліпеня. Пра гэта паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў падчас відэабрыфінгу 16 ліпеня на інфармацыйна-аналітычным партале Саюзнай дзяржавы (www.soyuz.by).

Паводле слоў Рабава, у працоўную частку тыдня прагназуецца няўстойлівае халаднаватае надвор’е с сярэднясутачнай тэмпературай паветра на 1–3°С ніжэйшай за кліматычную норму. Надвор’е вызначаць шэраг цыклонаў, якія будуць рухацца цераз Скандынавію, і ў Беларусь будзе паступаць вільготнае халаднаватае паветра акіянічнага паходжання, якое прынясе на большую частку тэрыторыі кароткачасовыя дажджы з навальніцамі.

Як паведаміў Рабаў, у аўторак ноччу чакаецца плюс 7–14°С, днём плюс 17–24°С.

У сераду ноччу плюс 8–14°С, днём 15–22°С. У чацвер ноччу таксама 8–14°С, днём 17–24°С, па Брэсцкай вобласці месцамі да 26°С.

У пятніцу тэмпература паветра ноччу складзе плюс 10–17°С, днём 18–24°С, па Гомельскай вобласці 25–27°С.

Паводле слоў сіноптыка, у выхадныя дні надвор’е пачне наладжвацца. Паветраныя патокі павернуць на паўднёвы захад, і ў Беларусь пачне паступаць больш цёплае паветра. Пры гэтым вялікай гарачыні чакаць не варта, надвор’е будзе няўстойлівае, з невялікімі кароткачасовымі дажджамі.

Тэмпература паветра днём складзе 17–24°С, па паўднёвым усходзе 25–27°С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?