Закінутую вёску набыў у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці прыватны інвестар. Пра гэта паведаміў сёння дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін падчас пасяджэння грамадска-кансультатыўнага савета па развіцці аграэкатурызму.

У вёсцы 17 дамоў, якія цяпер аднаўляюцца з захаваннем аўтэнтычных традыцый. Пасля тут плануецца стварыць турыстычны комплекс.
Для рэканструкцыі вёскі запрошаны вядомы архітэктар з Рагачова. Для кіравання турыстычным комплексам створана асобная юрыдычная асоба.

Старшыня праўлення грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" Валерыя Кліцунова распавяла, што

бізнэсмэн набыў закінутую вёску для сваёй дачкі -- выпускніцы факультэта міжнародных адносін БДУ, якая яшчэ падчас вучобы хацела заняцца турыстычнай дзейнасцю.

Начальнік аддзела маркетынгу і якасці турысцкіх паслуг дэпартамента па турызму Юлія Копаць у сваю чаргу адзначыла, што з 1 верасня 2012 г. мясцовым выканкамам стане прасцей выстаўляць на продаж або перадаваць бязвыплатна пустуючыя хаты, размешчаныя ў сельскай мясцовасці. Указ № 100, які ўступае ў сілу з гэтай даты, прадугледжвае новы механізм перадачы безгаспадарных будынкаў інвестарам. Дамы, якія на працягу апошніх трох гадоў не выкарыстоўваюцца для пастаяннага пражывання, мясцовыя ўлады могуць аднесці да пустых дамоў, для чаго іх уласнікам накіроўваюць паведамленні аб уключэнні будынка ў адпаведны рэгістр.

Калі ўласнік пустога дома не адрэагаваў (а на гэта ў яго ёсць два месяцы), аб'ект нерухомасці пераходзіць на баланс мясцовага выканкама, пасля чаго той можа прымаць рашэнне прадаваць дом або перадаваць яго бязвыплатна.
Пры выканкамах ствараюцца камісіі з удзелам Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры і Нацыянальнага кадастравага агенцтва, якія вызначаюць ступень ветхасці будынкаў. Тым самым мясцовыя органы ўлады змогуць самастойна перадаваць пустыя хаты інвестарам, у тым ліку з мэтай развіцця сельскага турызму.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?