Крыж у Курапатах. Фота Сяргея Гудзіліна.

Крыж у Курапатах. Фота Сяргея Гудзіліна.

Бацька Якуба Коласа даў сыну срэбны рубель за тое, што той удала склаў вершык, а Мікола Галадзед зарабіў першы срэбны рубель за тое, што прачытаў школьнаму інспектару шмат вершаў не толькі са школьнае чытанкі.

У хлопчыка былі здольнасці і жаданне вучыцца. Мажліва, з яго атрымаўся б выдатны інжынер, але ён быў старэйшы сын у вялікай сям’і і мусіў уцягвацца ў мужчынскую працу, засвойваць навуку земляроба. Праўда, бацька быў яшчэ і печніком, і сын вучыўся каля яго і печнікоўскай справе. Стаўшы дзецюком, паехаў у заробкі ў Крывы Рог, дзе ўпісаўся ў рабочую арыстакратыю, вывучыўшыся на электрамеханіка і машыніста. На пачатку 1920-х здавалася, што мара атрымаць вышэйшую адукацыю здзейсніцца: ён паступіў на рабочы факультэт Горацкага сельгасінстытута. Але партыя адклікала яго на «практычную працу».

Яго палітычная кар’ера была бліскучая.
Пачаўшы старшынёй валаснога камітэта, у 1924 ён ужо ўзначальваў Горацкі райвыканкам, стаў удзельнікам першага ўзбуйнення БССР. (Беларускія нацыянал-камуністы дамагліся, каб Расія вярнула Беларусі частку ўсходніх земляў, забраных у студзені 1919.) Неўзабаве Галадзед стане другім сакратаром ЦК КП(б)Б. А пасля быў канфлікт між старшынёю СНК БССР Язэпам Адамовічам і першым сакратаром ЦК КП(б)Б Аляксандрам Крыніцкім, чалавекам Масквы. Абодвух выслалі з БССР, і Галадзед стаў старшынёю Саўнаркама. На гэтай пасадзе ён прабудзе амаль 10 гадоў.

На хвалі славы

Гвалтоўная калектывізацыя і паскораная індустрыялізацыя пры катастрафічным недахопе спецыялістаў, пагромы інтэлігенцыі ў 1930–1931 і 1933–1934, пяцігодка атэізму і ўвядзенне ўсеагульнай сямігадовай адукацыі без належных кадраў і матэрыяльнай базы... Збядненне народа, карткі на харчы (замест наркамата гандлю давялося ствараць наркамат забеспячэння)... Трэба было мець жалезныя нервы і вытрымку, каб кіраваць тады гаспадаркай БССР.

Іван Мележ, пішучы ў «Подыху навальніцы» пра сесію ЦВК у лістападзе 1929, глядзеў на кіраўніка ўрада БССР вачамі свайго ўлюбёнага героя Апейкі: «Хударлявы, з рэзкімі валявымі рысамі, Галадзед сядзеў з боку стала, блізка да трыбуны; ён энергічна ўстаў, пад воплескі залы ступіў к трыбуне лёгкаю і пругкаю хадою вайсковага. У яго і пастава была прамая, вайсковая, і ў тым, як ён стаяў за трыбунаю, адчуваліся годнасць, упэўненасць у сабе, у тым, што яму належыць зрабіць».

Апошнія два гады жыцця сталі часам усенароднай славы Галадзеда. Нават папулярны Чарвякоў быццам адышоў на задні план.
Галадзед рабіў даклад на ўрачыстым пасяджэнні ў гонар 15-годдзя вызвалення Менска ад польскіх акупантаў, калі ў сталіцу БССР прыехаў Міхаіл Калінін уручаць рэспубліцы ордэн Леніна. Галадзед стаў старшынёй камісіі і ў лютым 1937-га прадставіў ХІІ з’езду Саветаў праект «сталінскай» Канстытуцыі БССР.

Але бальшавіцкіх бонзаў турбаваў культ мясцовых кіраўнікоў. Сталіну рупіла, каб ён адзін быў бацькам народаў. Належала прыбраць з палітычнай арэны даўніх і аўтарытэтных кіраўнікоў саюзных рэспублік, а на іх месца паставіць людзей без біяграфій.

Падкопы

Гісторык Расціслаў Платонаў піша, што пад старшыню Саўнаркама БССР з 1935-га «капалі» першы сакратар ЦК КП(б)Б Мікалай Гікала, другі сакратар Даніла Валковіч і сакратар Менскага гаркама Арон Рыскін.
Да збору кампрамату быў падключаны інстытут гісторыі партыі. Калі ж на пачатку 1937-га Гікалу і Рыскіна адправяць з БССР, справай палітычнай дыскрэдытацыі Галадзеда зоймецца новы першы сакратар Васіль Шаранговіч.

Што дало штуршок да адкрытага наступу? Мажліва, тое, што «ў Менску да 1 Мая ў вітрыне магазіна «Танная кніга» быў вывешаны вялізарны партрэт Галадзеда, а вакол яго невялікія партрэты членаў Палітбюро ЦК УсеКП(б)». Так казаў дэлегатам XVI з’езда КП(б)Б Шаранговіч. Ці самі кнігагандляры так ушанавалі старшыню СНК, ці ім падказалі кіруючыя таварышы, каб потым мець зачэпку для атакі? 25 мая Галадзеда знялі з пасады кіраўніка ўрада.

Вядома, ні бюро, ні пленум не маглі прыняць пастанову без ведама Сталіна. Самадзейнасць у такіх пытаннях выключалася.

1 чэрвеня «Звязда» апублікавала пастанову V сесіі ЦВК БССР ад 30 мая 1937 аб вызваленні Галадзеда аб абавязкаў старшыні СНК і пастанову аб прызначэнні на гэтую пасаду Данілы Валковіча, яго вялікае фота і біяграфію. Нядоўга яму давядзецца пасядзець у Галадзедавым крэсле.

Галадзеду важна было зняць з сябе палітычныя абвінавачанні. Толькі так можна было ўратаваць жыццё. І ён стаў дамагацца прыёму ў Сталіна.

У чым яго вінавацілі

Адзін з галоўных абвінаваўцаў Галадзеда на з’ездзе, намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК Авеціс Тавакалян, сцвярджаў, што той пісаўся то ўкраінцам, то рускім і нарэшце беларусам.
Ведама, крыміналу, тут няма, але можна ўшыць чалавеку палітычны кар’ерызм. Галадзед нарадзіўся ў Навазыбкаўскім павеце (цяпер Бранская вобласць Расіі), дзе жылі і беларусы, і ўкраінцы, і расейцы. Кім ён пісаўся — яго справа. Важна, што Галадзед прыйшоў да Беларусі і паслужыў ёй.

За маральную і матэрыяльную дапамогу падзяку СНК БССР у асобе яго старшыні «тав. Міколы Галадзеда» выносіла літаратурнае згуртаванне «Узвышша», пра дапамогу кіраўніка ўрада літаратурна-мастацкай камуне з удзячнасцю згадваў Ян Скрыган. За Галадзедам урад не аб’ядноўваў акадэмічныя інстытуты, а знаходзіў грошы на заснаванне новых, дый Акадэмія паўстала таксама ў немалой ступені дзякуючы Галадзеду.

Прызваны ў 1914 у царскае войска, рабочы арыстакрат Галадзед служыў у авіяцыі, абслугоўваў электраабсталяванне самалётаў. Але і за службу яму выставілі рахунак.
Партчыноўнік Тавакалян казаў: «У 1917 Галадзед быў лётчыкам-назіральнікам у арміі Керанскага і двойчы прэміяваны за ўзорную службу цару і Керанскаму. Ясная справа, што за бальшавізм (гэта значыць, за развал войска. — АС) яго не прэміявалі». На бяду, той 8-й арміяй у красавіку-ліпені 1917 камандаваў Лаўр Карнілаў. Валковіч удакладніў: Гала-дзед меў Георгіеўскі крыж. Вось адкуль у старшыні СНК былі заўважаныя Апейкам вайсковая пастава, годнасць і ўпэўненасць у сабе.

Гісторык Уладзімір Якутаў піша, што ў 1918 герой ягонай кнігі «Н. М. Голодед» (1981) змагаўся супраць гетманскага рэжыму ва Украіне (Навазыбкаўскі павет Чарнігаўскай губерні быў уключаны тады ў склад Украіны). А Тавакалян з трыбуны з’езда сказаў, што Галадзед «где-то путался» ва Украіне «ў час пятлюраўшчыны». Валковіч сцвярджаў, што Галадзед быў гайдамакам, браў удзел у антыбальшавіцкім паўстанні ў Гліцы і Суражы. Зноў праблема для гісторыка.

У «Звяздзе» за 8 чэрвеня 1937 чытаем, што яшчэ «Галадзед адлюстроўваў лінію правых і буржуазных нацыяналістаў».
Ён адстойваў тэорыю хутароў і заступаўся за Змітра Прышчэпава. Вось у чым была яго галоўная віна. А яшчэ яго звязвала асабістае сяброўства з былым камандуючым Беларускай вайсковай акругі Геранімам Убарэвічам. Раскручвалася справа аб змове. Арыштаваныя наркамы Анані Дзякаў і Казімір Бэнек, камандзір корпуса Шахназараў далі паказанні, што Галадзед узначальваў шкодніцкую і шпіёнскую арганізацыю. Агент нямецкай і польскай разведак, ён кіраваў цэнтрам трацкісцка-бухарынскіх змоўшчыкаў. Звязаны з польскім паслом у Маскве і з Варшавай непасрэдна, ён быў адным з кіраўнікоў ваеннай змовы.

Падступнасць Сталіна

Сталін прыняў Галадзеда. Платонаў пісаў, што ў кароткай гутарцы генсек абяцаў ва ўсім разабрацца.
Якутаў удакладняе, што Сталін з Галадзедам не паздароўкаўся і не запрасіў яго сесці, адно сказаў: «Я ўсё ведаю, таварыш Галадзед. Разбяруся. Не хвалюйцеся».

Галадзед з надзеяй вярнуўся ў пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР. Пэўна, ён не ведаў, што на пачатку чэрвеня «матэрыялы» на яго ў Маскву прывёз новы старшыня СНК Валковіч. А напярэдадні прыезду Гала-дзеда ў Маскву наркам унутраных спраў Берман прывёз туды яшчэ адну рату «матэрыялаў». Атрымаўшы іх, наркам унутраных спраў СССР Яжоў з дазволу Сталіна паставіў рэзалюцыю «Арыштаваць».

У пакой у пастпрэдстве, дзе спыніўся Галадзед, увечары 14 чэрвеня пастукаліся энкавэдысты. 15 чэрвеня цягніком у спецвагоне яго даставілі ў Менск, у будынак НКВД...

Там Галадзед памёр 21 чэрвеня. Ад катаванняў, — лічыць Уладзімір Якутаў. — А легенду пра тое, што ён выкінуўся з трэцяга паверха будынка НКВД (ва ўнутраны двор сённяшняга будынка КДБ-МУС), сачынілі ягоныя ж каты. Да ледзь жывога Галадзеда ў НКВД выклікалі вядомага мінскага хірурга Майсея Шапіру. І той падпісаў акт аб самагубстве. Пазней прафесар Шапіра казаў гісторыку: было бачна, што прычынай смерці маглі быць або інсульт, або інфаркт, або ўнутранае кровазліццё.

З другога боку, журналіст Аляксандр Лукашук у публікацыі 1993 у «Звяздзе» называе прозвішча следчага НКВД, які самавольна пакінуў Галадзеда на маладога і нявопытнага супрацоўніка, а былы старшыня СНК БССР, выкарыстаўшы гэта, сапраўды выкінуўся з акна...

Як яно было насамрэч, мусіць, не скажа ніхто. Яшчэ адна загадка эпохі сталінізму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?