Расейскія памежнікі баяцца пранікненьня на тэрыторыю РФ тэрарыстаў празь Беларусь. «Самая вялікая пагроза на расейска‑беларускай мяжы — гэта незаконная міграцыя і пранікненьне асобаў, якіх мы ўважаем за меркаваных тэрарыстаў» — заявіў начальнік Памежнай управы ФСБ Расеі па Пскоўскай вобласьці палкоўнік Іван Бабрашоў, паведамляе Пскоўскае агенцтва інфармацыі.

Паводле ягоных словаў, гэткімі могуць быць грузіны, чачэнцы й прадстаўнікі «іншых дзяржаў, якія зьвязаныя з тэрарыстамі».

Ён патлумачыў, што між Беларусьсю й Грузіяй існуе бязьвізавы абмен. У Грузіі можна купіць білет на самалёт і прыляцець у Беларусь, а адтуль ужо трапіць у Расею. Беларускую мяжу памежнікі ахоўваюць толькі апэратыўным чынам — там няма вайсковых нарадаў. Нарады там выстаўляюць, толькі калі ёсьць апэратыўная інфармацыя пра перамяшчэньне кантрабанднага грузу ці пранікненьня асобаў з тэрыторыі Грузіі.

Паводле словаў Бабрашова, у 2006 годзе пскоўскія памежнікі затрымалі 45 жыхароў Грузіі, якія нелегальна спрабавалі трапіць у РФ.

Сёлета ў студзені дырэктар памежнай службы ФСБ РФ Уладзімер Пронічаў заявіў, што беларуска‑расейская мяжа можа быць выкарыстаная тэрарыстамі й незаконнымі мігрантамі з мэтай пранікненьня на тэрыторыю РФ, нагадвае Тэлеграф.

У сваю чаргу, старшыня дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі Аляксандар Паўлоўскі заявіў, што ў Расеі няма падставаў выстаўляць Беларусі прэтэнзіі па памежных пытаньнях.

Newsru

Глядзі яшчэ:
Расея рыхтуе глебу для стварэньня мяжы зь Беларусьсю

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0